Электроннай чаргой для падачы дакументаў у ВНУ ўжо скарысталіся больш за 18 тыс. абітурыентаў
Фота з архіва 10 ліпеня, Мінск . На сэрвісе «Электронная чарга для падачы дакументаў у ВНУ» зарэгістравалася больш за 18 тыс. абітурыентаў. Аб гэтым паведаміў дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Дзмітрый Міронаў.
«На сэрвісе «Электронная чарга для падачы дакументаў у ВНУ» на 9.00 10 ліпеня забраніравана 18 210 месцаў. Рэкорд мінулага года па колькасці тых, хто зарэгістраваўся, быў пабіты ўжо ў аўторак. Магу канстатаваць, што на сёння паслугай электроннай чаргі скарыстаўся кожны трэці абітурыент. Сістэма нагрузку вытрымала і працуе без збояў», — праінфармаваў Дзмітрый Міронаў.
Ён адзначыў, што колькасць месцаў на кожны дзень строга абмежавана. Іх колькасць вызначае не РІКВ, а самі ВНУ, інстытут толькі прадастаўляе платформу-агрэгатар. «Усяго ў рамках электроннай чаргі з 12 ліпеня па 2 жніўня выдзелена больш за 98,6 тыс. талонаў. Трэба звярнуць увагу на той факт, што ВНУ прадастаўляюць колькасць талонаў з улікам прагназавання конкурснай сітуацыі як па кожнай асобнай спецыяльнасці і ВНУ ў цэлым, зыходзячы з раней зацверджаных кантрольных лічбаў прыёму на бюджэт, так і лічбаў прыёму на платную форму атрымання адукацыі, з 12 па 17 ліпеня і ў цэлым па 2 жніўня ўключна», — канстатаваў дырэктар РІКВ.
Пры гэтым кіраўнік нагадаў, што жывая чарга па-ранейшаму актуальна, хоць электронная дапамагае сэканоміць час чакання.
Сэрвіс браніравання часу для падачы дакументаў ва ўстановы вышэйшай адукацыі пачаў працаваць з 6 ліпеня. Каб запісацца на патрэбны час, трэба зайсці ў асабісты кабінет на сайце РІКВ, выбраць вобласць, ВНУ, факультэт, спецыяльнасць і форму навучання, далей неабходна забраніраваць зручную дату і час і націснуць «Заказаць талон». Пасля абітурыент атрымае PDF-талон і СМС.
«Калі ў абітурыента змяняюцца планы, ён можа загадзя адмяніць дзеючы талон і заказаць новы, прымяніўшы вышэйапісаны алгарытм», — дадаў Дзмітрый Міронаў.





