Беларусь і Азербайджан абмеркавалі развіццё гандлёва-эканамічных адносін і задачы на будучыню
2 чэрвеня, Мінск . Беларусь і Азербайджан абмеркавалі развіццё гандлёва-эканамічных адносін у час міжурадавай беларуска-азербайджанскай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве,
Намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Наталля Пяткевіч выказала словы шчырай удзячнасці прадстаўнікам беларускага і азербайджанскага бакоў за вялікую работу, якую яны праводзяць па сваіх напрамках для пашырэння гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва дзвюх краін. «Мы павінны настолькі зблізіцца, настолькі ўзаемадзейнічаць і настолькі ўзмацніць па розных напрамках нашу кааперацыю, каб гэта было ўзаемавыгадна і прыносіла карысць нашым краінам і, вядома, нашым народам», — сказала яна.

У сваю чаргу намеснік прэм’ер-міністра Азербайджана Самір Шарыфаў адзначыў, што міждзяржаўныя адносіны дзвюх краін характарызуюцца высокім узроўнем палітычнага дыялогу і ўстойлівай пазітыўнай дынамікай супрацоўніцтва па шырокім спектры напрамкаў.
Паводле яго слоў, міжурадавая камісія па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве, створаная па волі абодвух прэзідэнтаў, прызначана як адыгрываць каардынуючую ролю ў наладжванні і развіцці ўзаемадзеяння на ўрадавым узроўні, так і даваць неабходны імпульс для развіцця супрацоўніцтва на прадпрымальніцкім узроўні. «Важнейшае месца ў парадку дня азербайджана-беларускіх адносін, зразумела, займае эканамічнае супрацоўніцтва. Нягледзячы на складаныя працэсы, якія адбываюцца ў сусветнай эканоміцы, нашым краінам удаецца захоўваць дадатную дынаміку ўзаемнага гандлю і нават пашыраць напрамкі дзелавога ўзаемадзеяння. Аб гэтым сведчыць дадатная дынаміка тавараабароту ў першыя чатыры месяцы бягучага года. У той жа час лічым, што ёсць шляхі да далейшага пашырэння тавараабароту і дыверсіфікацыі структуры ўзаемнага гандлю», — сказаў віцэ-прэм’ер.
У рамках візіту бакі абмеркавалі магчымасці выкарыстання для пашырэння азербайджанскай прадукцыі на беларускім рынку шырокай дылерскай сеткі беларускіх прадпрыемстваў, а таксама дзейнасць Гандлёвага дома Азербайджана ў Беларусі.
Самір Шарыфаў дадаў, што інвестыцыйнае ўзаемадзеянне паміж прадпрыемствамі дзвюх краін, ініцыяванне і далейшая рэалізацыя сумесных праектаў з’яўляюцца вельмі магутным фактарам, які садзейнічае ўзаемнаму гандлю. «Беларуска-азербайджанскі бізнес-форум, які праводзіцца на палях 16-га пасяджэння міжурадавай камісіі, з’яўляецца вельмі каштоўнай пляцоўкай для ўзаемнага азнаямлення дзелавых колаў дзвюх краін з інвестыцыйнымі і экспартнымі магчымасцямі Азербайджана і Беларусі», — сказаў ён.
У Мінску праходзіць 16-е пасяджэнне міжурадавай беларуска-азербайджанскай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве. У фокусе ўвагі вытворчая кааперацыя, міжрэгіянальнае супрацоўніцтва і гуманітарная сфера.
Фота Сяргея Шэлега



