Эканоміка

Беларусь і Омская вобласць будуць развіваць біржавы гандаль несыравіннымі таварамі

Фота БУТБ 17 чэрвеня, Мінск . Уключэнне ў біржавы гандаль суб’ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва і фокус на несыравінныя неэнергетычныя тавары вызначаны ў якасці прыярытэтных напрамкаў узаемадзеяння Беларускай універсальнай таварнай біржы (БУТБ) з Цэнтрам падтрымкі экспарту (ЦПЭ) Омскай вобласці РФ. Перагаворы адбыліся ў час наведвання БУТБ омскай бізнес-місіяй, у склад якой увайшлі прадпрыемствы вытворчага сектара, зацікаўленыя ў рабоце на рынку Беларусі, паведамілі ў прэс-службе БУТБ.

Як адзначыла кіраўнік рэгіянальнага ЦПЭ Святлана Уцюганава, разам з Казахстанам і Кітаем Беларусь уваходзіць у тройку буйнейшых знешнегандлёвых партнёраў Омскай вобласці. Таму ўмацаванне біржавога вектара супрацоўніцтва будзе садзейнічаць вырашэнню ключавых задач, якія стаяць перад ЦПЭ. «Першачарговая задача нашага цэнтра — аказанне садзейнічання омскім прадпрымальнікам у выхадзе на знешнія рынкі, і біржа з ​​яе электроннай інфраструктурай і масіўнай кліенцкай базай, якая налічвае дзясяткі тысяч кампаній з больш як 80 краін, можа стаць добрай падмогай у нашай дзейнасці. Зразумела, для нас важны, перш за ўсё, несыравінны неэнергетычны экспарт, і менавіта на гэтым сегменце мы хацелі б сканцэнтраваць сумесныя намаганні», — падкрэсліла яна.

Намеснік начальніка ўпраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці БУТБ Герман Пузырны падтрымаў прапанову расійскага боку і выказаў гатоўнасць наладзіць сістэмнае ўзаемадзеянне з ЦПЭ як па інфармаванні дзелавых колаў Омскай вобласці аб магчымасцях беларускай біржавой платформы, так і па іх суправаджэнні — ад кансультавання і акрэдытацыі да першай здзелкі.

«На сёння ў біржавым тавараабароце Беларусі і Омскай вобласці пераважае беларускі экспарт. У асноўным гэта пастаўкі сухога малака, сметанковага масла і піламатэрыялаў. У тандэме з цэнтрам падтрымкі экспарту мы гатовы арганізаваць пастаўкі на беларускі рынак канкурэнтаздольнай прадукцыі омскіх прадпрыемстваў. Прычым маюцца на ўвазе гатовыя вырабы з высокай дабаўленай вартасцю, для рэалізацыі якіх у нас ёсць спецыялізаваны праграмны комплекс — «Таргі прамысловымі і спажывецкімі таварамі». Гэта пляцоўка асабліва запатрабавана ў прадстаўнікоў малога і сярэдняга бізнесу як дадатковы канал збыту», — расказаў Герман Пузырны.

Па выніках пяці месяцаў 2026 года сума здзелак удзельнікаў біржавых таргоў з Омскай вобласці вырасла амаль у шэсць разоў. У выніку гэты рэгіён узняўся на чацвёртае месца па паказчыку тавараабароту сярод усіх прадстаўленых на БУТБ суб’ектаў Расійскай Федэрацыі. Па стане на 17 чэрвеня 2026 года на біржы былі акрэдытаваны 19 омскіх кампаній (плюс адна з пачатку года).

ААТ «Беларуская ўніверсальная таварная біржа» створана ў 2004 годзе. Першыя таргі адбыліся ў чэрвені 2005 года. БУТБ — адна з буйнейшых таварных біржаў ва Усходняй Еўропе. Яе галоўная функцыя — садзейнічанне беларускім прадпрыемствам у экспарце прадукцыі і дапамога замежным кампаніям у выхадзе на беларускі рынак. На біржы прадаецца метала-, леса-, сельгаспрадукцыя, прамысловыя і спажывецкія тавары шырокай наменклатуры. 

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Кнопка «Наверх»