Беларусы заваявалі сем медалёў на маладзёжных Дэльфійскіх гульнях СНД
Фота Мінкультуры 9 кастрычніка, Мінск . Чатыры сярэбраныя, тры бронзавыя медалі і два спецыяльныя дыпломы атрымалі беларусы на маладзёжных Дэльфійскіх гульнях краін СНД, паведамілі БЕЛТА ў Міністэрстве культуры.
Студэнткі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Лізавета Дашчынская, Дар’я Рэчыцкая і Ганна Паўленка заваявалі сярэбраныя медалі ў намінацыях «Эстрадныя спевы», «Духавыя інструменты» і «Фартэпіяна» адпаведна, а навучэнка Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа А. К. Глебава Ульяна Карпічэнка-Каплан — сярэбраны медаль у намінацыі «Мастацкія рамёствы».
Бронзавыя медалі атрымалі студэнтка Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Настасся Шапчыц у намінацыі «Выяўленчае мастацтва», студэнты кафедры харэаграфіі БДУКМ пад кіраўніцтвам Рамана Кавалёва ў намінацыі «Народны танец», навучэнец Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Філіп Іваноў у намінацыі «Скрыпка».
Спецыяльны дыплом у намінацыі «Сольныя народныя спевы» ў студэнткі БДУКМ Хрысціны Максімовіч, у намінацыі «Акадэмічныя спевы» — у студэнта Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Міхаіла Кузьміча.
Дваццатыя маладзёжныя Дэльфійскія гульні дзяржаў — удзельніц СНД прайшлі ў сталіцы Таджыкістана Душанбэ. У барацьбе за медалі конкурсу сышліся прадстаўнікі дзевяці краін: Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі, Таджыкістана, Туркменістана і Узбекістана.






