Беларусь прэзентавала свой вопыт будаўніцтва АЭС на міжнародным форуме ў Турцыі
Фота Мінэнерга 14 лістапада, Мінск . Беларусь прэзентавала свой вопыт будаўніцтва АЭС на міжнародным форуме «Сусветныя атамныя дні» (World Atomic Days) у Антальі, паведамілі ў прэс-службе Мінэнерга.
Форум, арганізаваны дзяржкарпарацыяй «Расатам» пры падтрымцы Платформы па атамнай энергетыцы краін БРІКС, праходзіць у Турцыі 12-13 лістапада.
Мерапрыемства прымеркавана да правядзення кліматычнай канферэнцыі ААН COP31 і аб’ядноўвае прадстаўнікоў дзяржаўных структур, міжнародных арганізацый, бізнесу і экспертнай супольнасці для абмеркавання перспектыў развіцця атамнай энергетыкі, прамысловай кааперацыі і нізкавугляродных тэхналогій.
Дырэктар Дэпартамента па ядзернай энергетыцы Міністэрства энергетыкі Аляксей Дзербін прадставіў беларускі вопыт на тэматычнай сесіі «Будаванне АЭС: магчымасці для лакальнай прамысловасці». Ён расказаў аб прыцягненні айчынных прадпрыемстваў да рэалізацыі праекта Беларускай АЭС, ролі дзяржавы ў развіцці прамысловай кааперацыі і фарміраванні новых прафесійных кампетэнцый.
44% будаўніча-мантажных работ пры будаванні БелАЭС выканалі беларускія арганізацыі. Айчынныя прадпрыемствы ўдзельнічалі ў пастаўках будаўнічых матэрыялаў, металаканструкцый, кабельнай прадукцыі і абсталявання для станцыі.
«Праект садзейнічаў загрузцы будаўнічага комплексу і развіццю кампетэнцый у галіне ўзвядзення складаных інжынерных аб’ектаў», — адзначыў Аляксей Дзербін.
Паводле яго слоў, важнымі складнікамі рэалізацыі праекта сталі каардынацыя работы дзяржаўных органаў, прамысловых прадпрыемстваў і генеральнага падрадчыка, а таксама падрыхтоўка нацыянальных кадраў і навукова-тэхнічнае суправаджэнне.
У Мінэнерга нагадалі, што сёння Беларуская АЭС забяспечвае каля 40% унутраных патрэбнасцей краіны ў электраэнергіі. З моманту ўключэння першага энергаблока ў энергасістэму сумарная выпрацоўка станцыі перасягнула 70 млрд кВт·гадз.





