Бацькоўскі рахунак, сацрэклама. Якія ініцыятывы прапанавалі шматдзетныя сем’і на форуме ў Полацку
12 кастрычніка, Полацк . Адкрыццё бацькоўскага рахунку, праекты па духоўна-маральным выхаванні ў школах ад шматдзетных сем’яў, работа хрысціянскага псіхолага з дзецьмі і бацькамі — удзельнікі міжнароднага форуму «Размова пра важнае: шчаслівая сям’я — моцная дзяржава», які праходзіць у Полацку, прапанавалі нямала ідэй для папулярызацыі традыцыйных сямейных каштоўнасцей, абароны дзяцей і пажылых бацькоў,
Мерапрыемства праводзіцца пад патранажам Савета Рэспублікі і Беларускай праваслаўнай царквы. На традыцыйны форум, які ў гэтым годзе праводзіцца ў міжнародным фармаце, прыехалі па пяць шматдзетных сем’яў ад кожнай вобласці і Мінска. Свае ідэі і хвалюючыя іх пытанні яны абмеркавалі са старшынёй Савета Рэспублікі Наталляй Качанавай і мітрапалітам Мінскім і Заслаўскім Веніямінам, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі.
Адной з найбольш хвалюючых бацькоў праблем з’яўляецца ўплыў інтэрнэту і сацыяльных сетак на маладое пакаленне. «Забараніць і абмежаваць прасцей за ўсё, але гэта зусім не выхад», — падкрэсліла Наталля Качанава, абмяркоўваючы тэму з маці і бацькамі. На думку спікера, тут трэба падысці ўзважана і шукаць выхад, дзе сацсеткі не ператворацца ў забаронены плод. Удзельнікі форуму адзначылі, што акрамя дэструктыўных груп і сумніўных субяседнікаў у месенджарах ёсць і іншая праблема — школьнікі карыстаюцца штучным інтэлектам для рашэння дамашніх заданняў, з-за гэтага перастаюць думаць самастойна, таму працэс навучання атрымліваецца дарэмным. Вопытныя бацькі прапанавалі варыянт — дзеці павінны рабіць дамашняе заданне ў школе, дзе дзіця не можа карыстацца смартфонам, паколькі здае яго перад пачаткам вучэбнага дня. Напрыклад, гэта можна паспрабаваць у прадоўжанцы ў першым класе.

Многія з удзельнікаў «Размовы пра важнае» — людзі веруючыя, якія прытрымліваюцца хрысціянскіх традыцый. Бацькі, якія хвалююцца за духоўнае выхаванне падрастаючага пакалення, прапанавалі Патрыяршаму Экзарху і старшыні Савета Рэспублікі стварыць сумесны праект для школьнікаў, дзе дзецям расказвалі б пра духоўны складнік сямейнага жыцця, і, магчыма, гэта магло б памяняць стаўленне дзяцей да шлюбу, яны змаглі б навучыцца цярпенню і ўзаемаразуменню, улічваючы божыя запаведзі. І яшчэ адна прапанова ад шматдзетных сем’яў — работа «хрысціянскага псіхолага», які дапамагаў бы дзецям і дарослым знайсці выхад з цяжкай жыццёвай сітуацыі, у тым ліку абапіраючыся на слова Божае. Такая духоўная і псіхалагічная падтрымка, лічаць бацькі, была б неацэнная для прафілактыкі суіцыдаў сярод дзяцей.
Закранаючы маральнае выхаванне, удзельнікі форуму звярнулі ўвагу, што ў многіх гарадах на білбордах часта можна ўбачыць рэкламу, дзе красуюцца напаўаголеныя мадэлі ў ніжняй бялізне. «Хацелася б, каб на такіх білбордах былі фатаграфіі нашых беларускіх сем’яў, бо што можа быць лепш за асабісты прыклад шчаслівых людзей», — адзначылі фарумчане. Наталля Качанава падтрымала такую прапанову і прапанавала намесніку старшыні Віцебскага аблвыканкама Аляксею Гуйдзе падхапіць гэту ініцыятыву і на білборды змясціць здымкі сем’яў паўночнага рэгіёна, якія ўдзельнічалі ў «Размове пра важнае».
Госці з Гомельскай вобласці расказалі, што дзякуючы конкурсу «Сям’я года», дзе ў свой час прэзентавалі сваю карысную ініцыятыву, развіваюць праект: шматдзетныя маці сустракаюцца з дзяўчынкамі-падлеткамі з розных устаноў адукацыі і расказваюць ім пра мацярынства, жыццё ў вялікай сям’і, спосабы самарэалізацыі, выхаванне дзяцей і пра тое, як выбудоўваць камунікацыю з мужам. І многія дзяўчаты, паводле слоў ініцыятараў, цікавяцца гэтай тэмай, для іх важна меркаванне тых, хто сам мае такі вопыт. Сям’я гатова распаўсюдзіць свой вопыт не толькі на родную вобласць, але і падзяліцца напрацоўкамі з усімі.
Пераможцы рэспубліканскага конкурсу «Сям’я года — 2026» Вольга і Дзмітрый Свірыдзюк прапанавалі стварыць так званы бацькоўскі рахунак, куды дарослыя дзеці, якія працуюць, маглі б пералічваць ад зарплаты па 1-2%, каб іх маці і бацькі на пенсіі або нават да яе маглі б скарыстацца такой матэрыяльнай дапамогай. Гэта магло б стаць нядрэннай падушкай бяспекі для старэйшага пакалення, як лічаць крэатыўныя муж і жонка.
Многія сем’і прыехалі на форум, каб падзяліцца сваімі праблемамі. Напрыклад, дзе прайсці кваліфікаванае абследаванне, калі дзіцяці ставяць дыягназ «захворванне аўтыстычнага спектра». Як выкараніць нецэнзурную лаянку сярод школьнікаў, асабліва малодшага ўзросту. Што дапаможа абараніць дзяцей ад булінгу ў школах. Якімі спосабамі захаваць пераемнасць пакаленняў і перадаваць маладым маці вопыт іх маці і бабуль у стварэнні ўтульнасці і выхаванні сыноў і дачок.

Удзельнікі форуму, якія сабраліся ў Спаса-Ефрасіннеўскім жаночым манастыры, таксама пабывалі на экскурсіі ў гэтым месцы і пачулі пра духоўны подзвіг Ефрасінні Полацкай, дакрануліся да мошчаў святой. Многія дзякавалі за такую магчымасць прыехаць у горад, дзе зараджалася беларуская дзяржаўнасць і ўсё прасякнута гісторыяй.
13 кастрычніка ў Сафійскім саборы шматдзетныя сем’і будуць удзельнічаць у пленарным пасяджэнні, дзе змогуць пачуць аб дасягненнях Беларусі, мерапрыемствах, якія праводзіць БПЦ для папулярызацыі традыцыйных сямейных каштоўнасцей, а таксама пабываюць на канцэрце.
Фота Віталя Піваварчыка






