Пуцін: аб’яднанне намаганняў краін ЕАЭС у сферы ШІ прынясе каласальны вынік
Уладзімір Пуцін. Фота ТАСС 28 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сумесная работа краін Еўразійскага эканамічнага саюза ў сферы штучнага інтэлекту прынясе каласальны вынік. Аб гэтым прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін заявіў у Астане на пленарным пасяджэнні Еўразійскага эканамічнага форуму на тэму «ЕАЭС у глабальнай лічбавай гонцы: стаўка на штучны інтэлект», перадае карэспандэнт БЕЛТА.
«Гэта зусім новая, але вельмі перспектыўная сфера інтэграцыйнага ўзаемадзеяння. Размова ідзе аб стратэгічных тэхналогіях, якія становяцца важным фактарам забеспячэння глабальнай канкурэнтаздольнасці, эканамічнага росту і прагрэсу. За лідарства ў гэтай галіне разгортваецца саперніцтва дзяржаў і транснацыянальных карпарацый», — адзначыў Уладзімір Пуцін.
Паводле яго слоў, у Расіі ў гэтай сферы ёсць пэўныя канкурэнтныя перавагі: кадравыя, фінансавыя, эканамічныя, тэхналагічныя і іншыя. «Але мы цудоўна разумеем, што работа сумесна з нашымі сябрамі, партнёрамі мае вялікае значэнне. Аб’яднанне намаганняў можа даць каласальны вынік», — перакананы расійскі лідар.
Ён канстатаваў, што ўжо цяпер тэхналогіі штучнага інтэлекту ў многіх галінах замяняюць супрацоўнікаў малодшага звяна, а ў бліжэйшай перспектыве могуць замясціць і персанал сярэдняга ўзроўню.
«Такія працэсы неабарачальныя і непазбежныя. Прагрэс не стаіць на месцы, і да будучых перамен трэба быць гатовымі. А яшчэ лепш выкарыстоўваць іх як драйвер паскоранага эканамічнага росту, — падкрэсліў Уладзімір Пуцін. — Вельмі важна аб’ядноўваць намаганні, рэалізоўваць самыя лепшыя практыкі і іх тыражаваць».-0-





