Адаптацыя прававой базы. Трэці пакет змяненняў у Мытны кодэкс ЕАЭС абмяркоўваюць у Мінску
Фота з архіва 10 верасня, Мінск . Трэці новы пакет змяненняў у Мытны кодэкс ЕЭАС будзе абмяркоўвацца на XVII Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «ЕАЭС 2.0: трансфармацыі і перспектывы мытнага адміністравання». Аб гэтым расказаў журналістам старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта Уладзімір Арлоўскі,
У аснову тэмы канферэнцыі пакладзена канцэпцыя трансфармацыі і перазагрузкі Еўразійскага эканамічнага саюза, якую прадставіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на IV Еўразійскім эканамічным форуме ў Мінску ў чэрвені 2025 года. «Гэта канцэпцыя прадугледжвае развіццё, кардынальны рух наперад па розных напрамках узаемадзеяння ў саюзе. І адзін з вектараў гэтага ўзаемадзеяння — якраз знешні гандаль. А знешні гандаль без мытні ніяк. Таму ўзялі аснову гэтай канцэпцыі, пераклалі на мытную тэматыку і будзем абмяркоўваць», — растлумачыў Уладзімір Арлоўскі.
На думку старшыні ДМК, мытнае заканадаўства Еўразійскага эканамічнага саюза сёння з’яўляецца найбольш урэгуляваным, а яго базавым дакументам выступае Мытны кодэкс ЕАЭС. Разам з тым сфера знешняга гандлю і міжнародная абстаноўка мяняюцца імкліва, што патрабуе аператыўнай адаптацыі прававой базы пад сучасныя рэаліі.
Першая кропкавая карэкціроўка кодэкса ўжо адбылася і закранула пытанні рэгулявання сферы электроннага гандлю. Цяпер на этапе ўнутрыдзяржаўнага ўзгаднення знаходзіцца наступны комплексны пакет навел, раней адобраны ўсімі краінамі-ўдзельніцамі. У яго ўвайшлі нормы па ўзмацненні процідзеяння незаконнаму транзіту, больш шырокаму ўкараненню электронных навігацыйных пломб, а таксама спрашчэнню працэдур увозу кантэйнераў для перавозкі тавараў.
«Сёння на канферэнцыі мы абмяркоўваем ужо новы, трэці пакет змяненняў, які толькі фарміруецца. Мы збіраем і аналізуем прапановы ад мытных службаў і бізнес-супольнасці для далейшага вынясення на пляцоўку Еўразійскай эканамічнай камісіі. І сёння асноўная дыскусія будзе прысвечана навелам у мытнае заканадаўства», — сказаў на заканчэнне Уладзімір Арлоўскі.
Удзел у канферэнцыі, акрамя прадстаўнікоў Еўразійскай эканамічнай камісіі, Суда ЕАЭС, прымаюць мытныя органы пяці краін, а таксама бізнес і навуковыя колы.




