Ад ШІ да інавацыйных транспартных тэхналогій. У Мінску адкрылася выстаўка «ТІБО-2026»
26 мая, Мінск . Міжнародная спецыялізаваная выстаўка «ТІБО-2026» стартавала ў «Мінск-Арэне»,
Яна праходзіць пад дэвізам «Штучны інтэлект — драйвер тэхналагічнага развіцця». Таксама адначасова пачалі работу Форум высокіх тэхналогій і лічбавай інфраструктуры HTDI, міжнародная спецыялізаваная выстаўка «Транспарт і лагістыка — 2026» і выстаўка E-TRANS.
Гэтыя падзеі аб’яднаны адной мэтай — даць імпульс інавацыйнаму развіццю. На палях форуму пройдзе 20 дзелавых мерапрыемстваў, у якіх прымуць удзел прадстаўнікі IT-індустрыі, эксперты ў галіне транспарту і лагістыкі. Тэматычныя секцыі прысвечаны заканадаўчаму рэгуляванню ў тэлекамунікацыйнай сферы, дыстрыбуцыі і рэтэйлу, інтэлектуальнай уласнасці, цэнтрам апрацоўкі даных, вялікім даным, беспілотным транспартным сродкам.
На форуме кампаніі з Беларусі і Расіі прадставілі свае найноўшыя распрацоўкі. Перспектыўныя стартапы прадэманстравалі і рэзідэнты Мінскага гарадскога тэхнапарка. «Сёння многія працэсы адыходзяць у анлайн, — адзначыў дырэктар тэхнапарка Уладзімір Давідовіч. — Нашы кампаніі таксама знаходзяцца ў трэндзе. На выстаўцы прадставілі актуальныя рашэнні дзевяць рэзідэнтаў тэхнапарка».
У рабоце міжнароднай выстаўкі «Транспарт і лагістыка — 2026» і выстаўкі электратранспарту E-TRANS прымаюць удзел больш як 20 вядучых транспартна-лагістычных кампаній, вытворцаў аўтамабільнай і чыгуначнай тэхнікі, пастаўшчыкоў абсталявання і прадстаўнікоў фінансавага сектара з Беларусі і Расіі.
Адзін з напрамкаў — лічбавізацыя ў лагістыцы. Генеральны дырэктар РУП «Белмытсэрвіс» Дзмітрый Кавалёнак адзначыў, што ў першую чаргу гэта спрашчэнне разлікаў, электронны дакументаабарот. Лічбавізацыя дае магчымасць адкрываць новыя напрамкі, канкурыраваць на рынку, у тым ліку па пастаўках у краіны далёкай дугі. «Ужо дастаўляем тавары і ў М’янму, і ў Нікарагуа, і ў ПАР, краіны Усходняй Азіі. Развіваем Паўночны марскі шлях. У гэтым годзе плануем яго маштабаваць», — падкрэсліў Дзмітрый Кавалёнак.
Выстаўка прадоўжыцца па 29 мая.
Фота Андрэя Сіняўскага






