Общество

Ад маленькага насення да беласнежнай кашулі: як з беларускага ільну атрымліваецца сапраўдная магія

2025 год, Карма, падчас фэсту «Льняная карусель», які праходзіў на Гомельшчыне Вы калі-небудзь бачылі, як на світанні поле ператвараецца ў бясконцае блакітнае мора? Гэта квітнее лён. Але ў такой незабыўнай прыгажосці ёсць свая загадка: кожная кветачка жыве ўсяго некалькі гадзін. Яна распускаецца з першымі промнямі сонца, каб да поўдня ўжо схіліць галоўку. Гэты няўлоўны цыкл паўтараецца зноў і зноў, ствараючы жывое палатно, якое радуе вока. Але для нас лён — не толькі сельскагаспадарчая культура. Гэта наш культурны код, уплецены ў гісторыю праз рукі бабуль, якія на кроснах стваралі сапраўдныя шэдэўры. Калісьці кожная нітка захоўвала іх жывое цяпло. Здаўна лён — дзяржаўны сімвал, які ўпрыгожвае наш герб. Ён гаворыць аб працавітасці, чысціні і дабрабыце.

Удзячная культура

Беларусь трывала ўтрымлівае пазіцыі аднаго з сусветных лідараў па вытворчасці льнянога валакна, саступаючы толькі гігантам індустрыі — Францыі і Бельгіі. Гэта вынік сур’ёзнай працы. А Інстытут лёну НАН Беларусі з’яўляецца своеасаблівай лабараторыяй, дзе кожны эксперымент — крок да ідэальнага ўраджаю.

Аднак, нягледзячы на тэхналогіі і навуковыя падыходы, Прэзідэнт ставіць перад аграрыямі і вучонымі задачу, якая гучыць як выклік: стварыць сістэму, што будзе працаваць бездакорна па ўсёй краіне. Бо лён — не толькі сыравіна, гэта наш гонар і эканамічны патэнцыял. Мы навучыліся выдатна вырошчваць яго на эксперыментальных палях, але цяпер галоўная інтрыга ў тым, як зрабіць гэты поспех агульнанацыянальным стандартам. Відавочна, патрабуецца сучасны падыход і найперш разуменне, наколькі вялікія магчымасці хавае ў сабе гэтая сціплая, але такая моцная блакітная кветка. Гаворка ідзе пра ўдасканаленне кожнага этапу: ад выбару насення і падрыхтоўкі глебы да збору ўраджаю і першаснай апрацоўкі валакна. Любы нюанс тут мае значэнне, бо ад яго залежыць канчатковая якасць «паўночнага шоўку», які павінен быць канкурэнтаздольным на сусветным рынку.
Лён — культура з характарам. Яна не сцерпіць павярхоўнага стаўлення. Каб атрымаць якаснае валакно, трэба быць крыху аграномам, біёлагам і… стратэгам. Гэта расліна — сапраўдны арыстакрат: яна патрабуе сяміпольнага севазвароту (вяртацца на тое ж поле можна толькі праз сем гадоў!), дакладнага часу ўборкі і нават «адпачынку» на полі пасля жніва, каб прырода сама давяла валакно да кандыцыі.

«Лён — надзвычай далікатная і патрабавальная да клімату культура».

Цэнтр прыцягнення ўсіх ільнаводаў краіны — Інстытут лёну ў аграгарадку Вусце Аршанскага раёна. Менавіта тут, на Віцебшчыне, навукоўцы шукаюць «залаты стандарт». Мы пагутарылі з намеснікам дырэктара па навуковай рабоце інстытута кандыдатам сельскагаспадарчых навук Аляксандрам Сняжынскім — чалавекам, які ведае пра лён усё. Ён перакананы: беларуская зямля, асабліва на Віцебшчыне, у Талачынскім раёне, створана для яго.

— Лён — надзвычай далікатная і патрабавальная да клімату культура. Для ідэальнага росту доўгага і трывалага валакна яму неабходны спецыфічныя ўмовы, якія ёсць на поўначы і захадзе Беларусі, — расказвае наш суразмоўца.
Важна «адчуць» лён, падкрэслівае Аляксандр Сняжынскі, намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута лёну НАН Беларусі, кандыдат сельскагаспадарчых навук

Але прырода — толькі адзін складнік поспеху, другі — навука. За апошняе дзесяцігоддзе нашы селекцыянеры вывелі 16 новых гатункаў даўгунцу і чатыры алейныя віды. Гэта прарыў, які павінен стаць асновай для ўраджаю. Але чаму ж тады вынік пакуль не такі, якога чакае кіраўнік дзяржавы?

Справа ў тым, што ў ільнаводстве няма дробязей. Кожны этап — ад падрыхтоўкі глебы да тонкасцей тэхналогіі — ланцужок, дзе адно слабае звяно можа перакрэсліць працу цэлага года. Навукоўцы гатовы дзяліцца сакрэтамі, праводзяць семінары, паказваюць узорныя палі, але пытанне застаецца: ці змогуць аграрыі краіны ператварыць рэкамендацыі ў рэальны эканамічны эфект?

Як гаворыць Аляксандр Сняжынскі, важна «адчуць» лён. І пакуль навука і практыка не сальюцца ў адзіны механізм, гэта культура будзе заставацца для нас не толькі гонарам, але і вялікім выклікам, які яшчэ трэба перамагчы.
Вырошчванне лёну — гульня ў шахматы з прыродай, дзе кожны ход можа стаць вырашальным. Аляксандр Сняжынскі ведае гэта як ніхто іншы. Беларускае надвор’е капрызнае, і сельгаскультура адчувае кожны яго настрой. Налятае шквалісты вецер — і звычайны лён пакорліва кладзецца на зямлю, пачынае гніць. Але навукоўцы знайшлі адказ — гатунак «грант». Гэта сапраўдны «неваляшка» расліннага свету: мінулым летам ён чатыры разы сустракаўся з бурай і кожны раз годна выпростваўся, захоўваючы сваю сілу.

Але ці ведаеце вы, што лён — адзіная культура ў Беларусі, якую не косяць, а… вырываюць з каранямі? Гэты працэс называюць церабленнем. Навошта такія складанасці? Усё проста: каштоўныя валокны хаваюцца нават у каранёвай частцы. Калі скосім сцябло, то страцім каштоўныя 15 сантыметраў якаснага матэрыялу, а гэта ўжо зусім іншая эканоміка і іншы нумар якасці.

Цікава, што селекцыя працуе па-свойму для розных мэт. Для тэкстыльнага даўгунцу ідэал — 70 сантыметраў росту. А вось для алейнага лёну навукоўцы, наадварот, імкнуцца да «мініяцюрнасці» — 40 сантыметраў. Чаму? Каб камбайн зразаў толькі каштоўныя каробачкі з насеннем, не забіваючы механізмы лішняй саломай.
Ірына Смірнова, старшы навуковы супрацоўнік аддзела народазнаўства Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы

За кожным палеткам, дзе расце лён, навукоўцы пільна сочаць. Яны не сядзяць у лабараторыях — толькі за адзін сезон спецыялісты выязджаюць на палі дзясяткі разоў, каб пракантраляваць рост і даць парады. Гэта сапраўдная апека над культурай, якая рэагуе на ўсё: ад кіслотнасці глебы да раптоўных замаразкаў. Зразумела, што і пасадачны матэрыял мае велізарнае значэнне.

Існуе міф, што замежнае насенне заўсёды лепшае за айчыннае. Навукоўцы разбіваюць яго ўшчэнт. Беларускі лён — загартаваны баец. Ён адаптаваны да капрызаў надвор’я — рэзкіх перападаў тэмператур — і асаблівасцей глебы Віцебшчыны. Замежныя гатункі ў такіх умовах часта здаюцца, а нашы даюць вынік. Нездарма дзяржава паставіла задачу: 80 % насення павінны быць айчыннымі. Напрыклад, пад сёлетні ўраджай даўгунцу рэалізавана больш за 150 тон нашага элітнага насення.

«Ідэал — 1600-2000 сцёблаў на квадратны метр, якія стаяць, як салдаты ў страі».

Беларускі лён — сапраўдны экспартны хіт. Расійскія аграрыі ўжо трэці год запар робяць стаўку на наш гатунак «грант», які ўпэўнена трымае першае месца па плошчах пасеваў у суседняй краіне. А новы «акцэнт» ужо гатовы скараць рынкі сваёй якасцю доўгага валакна. Супрацоўніцтва пашыраецца: ад Смаленшчыны да Казахстана, Узбекістана і нават амбітных сумесных праектаў з Кітаем.
Намеснік дырэктара Інстытута лёну Аляксандр Сняжынскі вядзе нас па доследным полі.

— Усё павінна быць максімальна роўна, — гаворыць ён. — Калі сцёблы розныя па вышыні — гэта праблема для ўборкі. Ідэал — 1600-2000 сцёблаў на квадратны метр, якія стаяць як салдаты ў страі.

Хутка зялёныя шэрагі з першымі кветкамі ператворацца ў чароўнае сіняе мора, якое хвалюецца ад ледзь заўважнага ветрыку. Але за эстэтычнай прыгажосцю хаваецца і жорсткая матэматыка. Калі пасевы занадта рэдкія, лён пачынае галінавацца — пускаць бакавыя парасткі, што непазбежна сапсуе якасць валакна. Навукоўцы ж імкнуцца да аднаго: каб кожнае сцябло было тонкім, высокім і моцным, як струна.

Гэта праца падобна да мастацтва, дзе замест пэндзля — генетыка, а замест палатна — наша зямля. Кожны новы гатунак, які выходзіць з лабараторый інстытута, — вынік шматгадовых эксперыментаў, дзе навукоўцы вучаць расліну выжываць там, дзе іншыя здаюцца. Яны ведаюць, як «дамовіцца» з прыродай, каб атрымаць сыравіну, якую цэняць у нас і далёка за межамі краіны.
Марына Гушча, кіраўнік Гарадоцкага дома рамёстваў і фальклору, адрадзіла тэхніку ўнікальнага белаўзорнага ткацтва…

Суразмоўца ўпэўнены: лён — культура ўдзячная, але толькі для таго, хто ўмее яе чуць. Больш за тое, гэта жывая гісторыя, якую мы беражліва перадаём далей. Яшчэ нашы продкі лічылі: лён — душа беларускай зямлі.

Хоць у вуха кладзі

Здаўна ў нас казалі, што лён «усіх апранае», і гэта не перабольшанне: ад калыскі да апошняга шляху чалавека суправаджала льняное палатно.

Ад маленькага насення да беласнежнай кашулі была доўгая і цяжкая праца, якая патрабавала цярпення і майстэрства: пасеяць, прапалоць, вырваць, вымачыць, высушыць, а потым яшчэ доўга трапаць, часаць і прасці. Таму кавалак ільняной тканіны лічыўся вялікай каштоўнасцю.
…і цяпер ахвотна перадае свае веды моладзі

— Да лёну спакон веку ставіліся вельмі паважліва, амаль сакральна, — падкрэслівае старшы навуковы супрацоўнік аддзела народазнаўства Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы кандыдат гістарычных навук Ірына Смірнова. — Працэс яго вырошчвання быў напоўнены рытуаламі. Напрыклад, на пасеў выходзілі ў белых сарочках без паясоў. Лічылася, што вольная вопратка дапаможа лёну вырасці доўгім і роўным. Жанчыны распускалі валасы і звярталіся да вышэйшых сіл з просьбай аб добрым ураджаі: «Госпадзі, благаславі на длінны лён».

Пасля таго як лён вырывалі і падсушвалі ў невялікіх снапках-«кучках», яго абмалочвалі, а потым радкамі рассцілалі на полі. Лён павінен быў «вылежацца» пад расой і сонцам. Цікава, што на Падняпроўі існаваў адмысловы рытуал: увесь ураджай ці апошні снапок выкладвалі па крузе галоўкамі ў сярэдзіну, нібы сонейка, каб ураджай быў добрым, а вецер не раздзімаў сцябліны.

Якасць валакна вызначалася строга. На Гомельшчыне, напрыклад, адрознівалі некалькі гатункаў: ад грубых «патропак» і «клочча», што заставаліся пасля трапання, да высакароднага «кужалю» — самага тонкага і далікатнага валакна, атрыманага пры старанным часанні. Менавіта з «кужалю» стваралі святочнае адзенне, якое пасля адбельвання станавілася неверагодна мяккім і прыемным навобмацак.
Старадаўняе ажурнае ткацтва на Гарадоччыне здаўна называлі кісяёй
Дзяўчынак пачыналі далучаць да гэтай працы з маленства. Спачатку яны вучыліся прасці з прасніцы на верацяно грубае валакно і толькі з гадамі, набраўшыся вопыту, браліся за кужаль. Навучыцца прасці яго тонка і роўна было галоўным экзаменам для кожнай дзяўчыны: толькі пасля гэтага яе прызнавалі сапраўднай майстрыхай.

«На пасеў выходзілі ў белых сарочках без паясоў».

Працэс ткацтва быў як мастацтва. На варштатах (ці кроснах) стваралі як грубае зрэбнае для паўсядзённых штаноў і спадніц, так і тонкае палатно для кашуль. Каб надаць тканіне колер, выкарыстоўвалі ўсё, што давала прырода: ад дубовай кары да звычайнага шалупіння цыбулі. Цікава, што ў кожнага рэгіёна былі свае сакрэты. На Гомельшчыне, напрыклад, ведалі, як зрабіць палатно такім белым, мяккім і прыемным да цела, што хоць у вуха лажы. Яго мокрым выкладвалі на снезе альбо на траве пад летняе сонца ці замочвалі ў попельным шчолаку.

Ткацкая справа мела свае сакральныя правілы. Напрыклад, у Вялікі пост праца ішла па строгай чарзе: спачатку кужаль, потым больш грубыя тканіны і напрыканцы — ручнікі. Жанчыны часта зачыняліся ў хатах, каб ніхто не перашкаджаў, і прамаўлялі адмысловыя замовы: «Спор на калок, а што застала — то на ўток!» А ў пятніцу праца спынялася — майстрыхі верылі, што ў гэты дзень нельга «пыліць» Маці Божую.
На другой фабрыцы Аршанскага льнокамбіната перапрацоўваюць доўгае нізканумарное валакно

З’яўленне калаўрота стала сапраўднай тэхналагічнай рэвалюцыяй: майстрыхі атрымлівалі да 160 метраў ніткі за гадзіну! Але прадзенне было не толькі працай. Уявіце сабе зімовы вечар на Паазер’і: цёплая хата, дзяўчаты за працай, жарты, музыка і хлопцы, якія прыйшлі паглядзець на «здзельніц» — так называлі самых умелых гаспадынь. Быць гультаём у той час было сорамам, бо ў кожным вузельчыку, у кожным арнаменце жанчыны «ткалі» шчасце і абарону для сваёй сям’і.

Здавалася б, час бязлітасны: многія сакрэты нашых прабабуль, як і тыя вячоркі, амаль забытыя ці страчаныя. Але ці сапраўды яны зніклі? Некаторыя рэчы проста чакаюць свайго часу, каб зноў стаць цудам.

Менавіта так здарылася з унікальным белаўзорным ткацтвам у Гарадку на Віцебшчыне. Кіраўнік мясцовага Дома рамёстваў і фальклору Марына Гушча літаральна вярнула гэту тэхніку з нябыту. Яе працы — фантастычная гульня святла і ценю, якая нагадвае марозныя ўзоры на акне. Гледзячы на гэтыя рэльефныя абрусы, цяжка паверыць, што яны створаны на звычайных драўляных кроснах. Вырабамі Марыны Леанідаўны захапляюцца ва ўсім свеце, нядаўна яны пабывалі ў Індыі і Кітаі. А тэхніка ўключана ў Дзяржаўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі.
Працэс пераўтварэння льняных каробачак у роўніцу (мяккую тоўстую нітку)

Жанчына прызнаецца: каб адрадзіць гэту прыгажосць, ёй давялося аб’ездзіць дзясяткі вёсак і стаць вучаніцай у старажылаў. Цяпер яна перадае свае веды новаму пакаленню. Дзякуючы супрацоўніцтву з Аршанскім льнокамбінатам, у майстрыхі і яе вучняў ёсць усё неабходнае, каб працягваць магічную справу.

— Магчыма, у гэтым і ёсць сакрэт нашай сілы, — разважае Марына Гушча. — Уменне браць тонкае льняное валакно і ператвараць яго ў нешта вечнае, што злучае нас з продкамі і адкрывае свету прыгажосць беларускай душы.

Сёння народны майстар — галоўная захавальніца старадаўняга ажурнага ткацтва, якое на Гарадоччыне здаўна называлі кісяёй. Гэта тэхніка ледзь не знікла ў віры часу, але майстрыха вырашыла адрадзіць мастацтва з попелу. У 2020 годзе яна атрымала прэзідэнцкі грант, набыла новыя кросны, каб не толькі ткаць самой, а перадаваць гэты ўнікальны дар іншым.
Алена Арбузава 17 гадоў працуе майстрам прадзільна-падрыхтоўчай вытворчасці ўчастка № 1 другой фабрыкі Аршанскага льнокамбіната

Шлях Марыны Леанідаўны да прызнання быў яркім: ад трыумфальнага Гран-пры на «Славянскім базары» ў 2001-м да падарожжаў па ўсім свеце. Яе працы бачылі ў Кітаі, Венесуэле і нават у далёкай Індыі. Цікава, што на міжнародных фестывалях беларуская кісяя стала сапраўдным мостам паміж культурамі.

— Калі ты ствараеш прыгажосць, моўны бар’ер знікае сам сабой, — гаворыць Марына. — Майстры з Непала, Ірана, Тайваня і Ізраіля, іншых краін разумеюць яе без слоў — праз любоў да сваёй справы.

«Нешта вечнае, што злучае нас з продкамі і адкрывае свету прыгажосць беларускай душы».

Яна не хавае сакрэтаў: вучыць усіх ахвотных, выступае на семінарах і актыўна папулярызуе беларускую спадчыну ў інтэрнэце.

Хочаце даведацца, як звычайны лён становіцца магіяй? Марына Гушча заўсёды гатова паказаць, што ў руках чалавека, які любіць сваю справу, магчыма ўсё.
На прадзільнай вытворчасці

Магія пераўтварэння

Беларускі лён даўно стаў нацыянальным брэндам, які вядомы далёка за межамі краіны. Але сённяшні поспех — гэта не толькі даніна павагі майстэрству нашых продкаў, але і вынік маштабнай прамысловай трансфармацыі. Аршанскі льнокамбінат, які з 1930 года захоўвае вернасць традыцыям, сёння ператварыўся ў адно з самых буйных прадпрыемстваў Еўропы.

Развіццё прадпрыемства знаходзіцца пад асаблівай увагай дзяржавы. Цяпер тут рэалізуецца ўжо чацвёрты этап мадэрнізацыі. Як адзначае намеснік генеральнага дырэктара Сяргей Сідзін, інвестыцыі ў памеры 24 мільёнаў долараў накіраваны на ўкараненне ўнікальнай вытворчасці, аналагі якой ёсць толькі ў Індыі і Бангладэш. Гэты праект дазволіць атрымліваць высоканумарную пражу з кароткага валакна, што адкрывае новыя гарызонты ў стварэнні камбінаваных тканін з дабаўленнем бавоўны і віскозы.

Дзякуючы інавацыям, ільняныя вырабы набываюць новыя ўласцівасці: яны становяцца мяккімі і прыемнымі на дотык адразу пасля вытворчасці, захоўваючы пры гэтым сваю легендарную трываласць. Чым часцей мы мыем такую рэч, тым больш камфортнай яна становіцца — унікальная якасць, якую немагчыма паўтарыць з сінтэтычнымі матэрыяламі.
Аляксандр Кавалеўскі, транспарціроўшчык беленай роўніцы

Сёння Аршанскі льнокамбінат — магутны вытворчы комплекс, які забяспечвае каля 8 % сусветнага рынку льнянога тэкстылю. Гэта цэлы горад у горадзе, дзе пяць спецыялізаваных фабрык ствараюць сапраўдны цуд.

Мы завіталі на другую фабрыку, якая перапрацоўвае доўгае нізканумарное валакно. Тут пануе атмасфера пераемнасці: майстар прадзільна-падрыхтоўчай вытворчасці ўчастка № 1 другой фабрыкі Алена Арбузава прыйшла сюды ў 19 гадоў, працягнуўшы справу сваёй маці, якая аддала вытворчасці больш як паўстагоддзя. Сёння Алена сама ўжо 17 гадоў кіруе працэсам, дзе 52 чалавекі ў змену ператвараюць трапаны лён у якасную роўніцу. Гэта складаны шлях праз шэсць пераходаў, дзе валакно паступова набывае тэкстыльную якасць.

Далей эстафету прымае ткацкі цэх. Тут гул амаль 160 станкоў стварае рытм сучаснай вытворчасці. Зменны майстар Ірына Лашына, якая працуе на прадпрыемстве больш як два дзесяцігоддзі, памятае часы перфакарт і механічных праграм. Цяпер усё інакш: дастаткова ўставіць флэшку, каб станок пачаў вывязваць складаны жакардавы ўзор. Штодня тут выпускаюць каля 42 тысяч пагонных метраў тканіны, якая адпавядае самым строгім стандартам.
У ткацкім цэху штодня выпускаюць каля 42 тысяч пагонных метраў тканіны, адзначае Ірына Лашына

У снежні 2025 года калекцыя прадпрыемства папоўнілася другім Дзяржаўным знакам якасці: пасля пасцельнай бялізны гэтай высокай узнагароды ўдастоіўся змякчаны напаўільняны плед. Сёння ён стаў нацыянальным сувенірам, які палюбілі турысты. Толькі за 2025 год продажы гэтых вырабаў прынеслі рэкордныя 1,4 мільёна долараў, а агульны экспарт камбіната перасягнуў адзнаку ў 100 мільёнаў долараў, замацаваўшы за прадпрыемствам статус аднаго з сусветных лідараў галіны.

Супрацоўнікі камбіната ўпэўнены: будучыня за натуральнасцю. У свеце, дзе цэняцца экалагічнасць і здароўе, лён застаецца незаменным. Яго здольнасць да тэрмарэгуляцыі, гіпаалергеннасць і неверагодная зносаўстойлівасць робяць беларускі тэкстыль прадуктам, які не толькі адпавядае модзе, але і стварае камфорт для жыцця. Аршанскі льнокамбінат — сімвал таго, як традыцыйная культура можа паспяхова інтэгравацца ў сучасны тэхналагічны свет.

Аднак за лічбамі і тэхналогіямі хаваецца нешта большае. Тое, што злучае ў нашай свядомасці старадаўнія кросны продкаў з камп’ютарызаванымі сучаснымі станкамі. У гэтай трывалай, непарыўнай нітцы адчуваецца характар беларусаў, іх працавітасць, шчырасць і вернасць сваім караням. А лён, што квітнее сінімі пялёсткамі на нашай зямлі, стаў сапраўдным увасабленнем яе душы — прыгожай, моцнай і вечнай.
2026 год, Мінск, на міжнародным фэсце «Свята лёну. Роднае Моднае»

Толькі факты

•    Лён быў вядомы на нашых землях яшчэ ў часы неаліту.

•    Ільняная тканіна ў спякоту астуджвае скуру на некалькі градусаў, а ў халаднаватае надвор’е сагравае.

•    Лён валодае ўнікальнымі бактэрыцыднымі ўласцівасцямі: на льняной тканіне гінуць грыбкі і бактэрыі.

•    Ільняныя рэчы неверагодна трывалыя. Чым часцей іх мыць, тым мякчэй і прыемней навобмацак становіцца тканіна.

•    Вырошчванне лёну — амаль безадходная вытворчасць. З насення робяць алей, з валакна — тканіну, а з адходаў (кастры) — будаўнічыя матэрыялы і паперу.
•    Насенне лёну — сапраўдная «бомба» карысных рэчываў: амега-3, клятчатка і антыаксіданты.

•    У адрозненне ад сінтэтыкі, лён не назапашвае статычную электрычнасць.

•    Беларускі лён — гэта палатно для вышыванкі. Менавіта на ім нашы арнаменты выглядаюць найбольш высакародна і выразна.

•    Вядучыя сусветныя дызайнеры выкарыстоўваюць беларускі лён для сваіх калекцый, бо гэта элітна, экалагічна і вельмі стыльна.

| Сняжана Міхайлоўская, часопіс «Беларуская думка». Фота Аляксандра Хітрова, Аляксандра Горбаша, і з архіва Ірыны Смірновай.

Чытайце таксама:
Ускользающая тень Полесья: как спасают медянок Беларуси?
Почему на выведение нового сорта картофеля уходит 12-15 лет? Описываем процесс
Сіла, мудрасць і трохі хітрасці: расказваем пра вобраз жанчыны ў беларускай традыцыі

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Кнопка «Наверх»