Калейдоскоп

«Пра іх цяжка гаварыць як пра адзінае пакаленне»: як знаходзяць літаратурныя таленты?

У чэрвені ў Мінску адбылася неардынарная падзея: І Форум маладых літаратараў Беларусі на два дні сабраў каля паўсотні творцаў, што працуюць у розных жанрах. Дом літаратара, Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы, Нацыянальная бібліятэка сталі пляцоўкамі для сапраўднага свята слова. Арганізатары — Міністэрства інфармацыі і Саюз пісьменнікаў — пастараліся на славу, стварыўшы праект не толькі творчы, але і надзвычай важны для грамадства.

Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Уладзімір Пярцоў на дыялогавай пляцоўцы ў Нацыянальнай бібліятэцы трапна заўважыў: у лічбавым свеце, дзе канкурэнцыя за ўвагу чалавека велізарная, маладым аўтарам варта ведаць, якія сюжэты, персанажы, «кручкі» патрэбны, каб кніга знайшла свайго чытача. Гэта няпроста, але на маладых, як на патрыётаў і творчых людзей, ускладзены асаблівы абавязак — развіваць і прасоўваць нашу культуру, вылучаць нашы каштоўнасці, выхоўваць патрыётаў і грамадзян.

Дык якімі ж павінны быць накірункі, формы працы з літаратурнай моладдзю? З тымі творцамі, па чыіх творах заўтра будуць меркаваць пра сучасную беларускую літаратуру? І самае галоўнае — якімі мастацкімі творамі, праз якіх персанажаў можна выбудаваць дыялог з чытачом свайго пакалення? Пытанні, што называецца, з шэрагу тых, адказаць на якія не так лёгка. І відавочна, што пошук адказаў павінен быць агульным — як для пісьменнікаў старэйшага ўзросту, святы абавязак якіх — апекавацца справамі літаратурнай моладзі, так і для юных паэтаў, празаікаў, літаратурных крытыкаў, драматургаў, публіцыстаў.

Фармат шчырасці

Сучасны свет, дзе пануюць сацыяльныя сеткі, лічбавізацыя і штучны інтэлект, істотна змяніў традыцыйныя нормы зносін, у тым ліку і ў творчым асяроддзі. Раней усё было проста і зразумела, але пры гэтым мела значны ўплыў на развіццё таленту і фарміраванне творчай асобы. Што ж было «раней»?

Калі браць пад увагу час «дагістарычны», то ў Саюзе пісьменнікаў працавалі кансультанты. Дзверы былі шырока адчынены для ўсіх — і тых, хто прыносіў свае творы нават у рукапісе. У рэдакцыях грамадска­палітычных газет існавалі пасады літкансультантаў. Іх імёны і цяпер на слыху: Мікола Федзюковіч, Яўген Крупенька, Раіса Баравікова, Алесь Масарэнка, Віктар Гардзей (гэта толькі ў маладзёжнай газеце «Чырвоная змена»).

Літаратурныя аб’яднанні працавалі ў вышэйшых навучальных установах. Напрыклад, у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце творчай суполкай доўгі час кіраваў Міхась Губернатараў, які падрыхтаваў некалькі калектыўных зборнікаў маладых паэтаў. У БДУ дзейнічала знакамітае літаратурнае аб’яднанне «Узлёт», асабліва плённае пад кіраўніцтвам прафесара Алега Антонавіча Лойкі. Зборнікі «ўзлётаўцаў» — «Узлёт», «Вёсны», «Вусны» — і сёння вядомыя не толькі даследчыкам, але і розным пакаленням чытачоў.

Выдавецтва «Мастацкая літаратура» выпускала калектыўныя зборнікі маладых паэтаў і празаікаў. Так, у 1979 годзе ў 352‑старонкавайкнізе»Нашчадкі», пазначанайяк»Першаякнігапаэта», дэбютавалі 17 аўтараў. Кожнагапрадставілівялікай падборкай, фактычна кнігай у кнізе. Літаральна ўсе яны адбыліся як творчыя асобы, большасць прынялі ў Саюз пісьменнікаў Беларусі. Сёння ў літаратуры працуюць Ніна Гарагляд, Пятро Ламан, Мікола Пракаповіч, Алесь Пісарык, Яўген Хвалей, Вячаслаў Дашкевіч. А Міхась Башлакоў за паэтычную творчасць адзначаны Дзяржаўнай прэміяй Рэспублікі Беларусь.

Вельмі важная акалічнасць — шмат працавалі са школьнай моладдзю, якая рабіла першыя крокі ў літаратуры. Яшчэ школьнікамі пачалі друкавацца ў рэспубліканскіх выданнях Алесь Бадак, Уладзімір Мазго, Вольга Савасцюк, Таццяна Яцук, Анатоль Зэкаў і іншыя паэты і празаікі, добра вядомыя сучаснаму чытачу. Здаралася, што падборкі старшакласнікаў, студэнтаў выходзілі ў друку з прадмовамі народных паэтаў Беларусі, што было высокай адзнакай і стымулявала для далейшых творчых крокаў.

На ўсю літаратурную пошту рэдакцыі часопісаў і газет давалі падрабязныя адказы, якія часам нагадвалі разгорнутыя рэцэнзіі. Матывацыяй для літаратурнага развіцця таленавітых падлеткаў была і ўнікальная перадача на Беларускім радыё — клуб «Жывое слова», які вёў літаратуразнаўца і дзіцячы пісьменнік лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Уладзімір Юрэвіч. Яшчэ адна папулярная радыёперадача таго часу — «Першыя сцяжынкі» з пісьменнікам Міколам Чарняўскім у якасці вядучага. Вымаўленыя ў эфіры ацэнкі, прадэкламаваныя творы — гэта дарагога каштавала.

Сёння ж, нягледзячы на тое што моладзі, надзеленай расткамі мастацкага таленту, не паменела, адчуваецца недахоп жывых стасункаў. Ужо на пачатку творчай дарогі юным паэтам і празаікам патрэбна ўзаемная сувязь, магчымасць атрымаць кваліфікаваную параду і падтрымку.

Некаторы час назад у Саюзе пісьменнікаў Беларусі стварылі Савет па рабоце з творчай моладдзю, які ўзначальвае паэт і журналістка Алена Басікірская. Савет робіць першыя ініцыятыўныя крокі, імкнучыся адрадзіць традыцыі мінулага ў новых умовах. Пачалі працу ў фармаце анлайн­кансультацый з юнакамі і дзяўчатамі з рэгіёнаў. Шчыры дыялог пра творчыя здзяйсненні і пралікі вядуць некалькі вопытных літаратараў. Сярод іх Ірына Карэніна, за плячыма якой вучоба ў Літаратурным інстытуце імя А.М. Горкага і грунтоўная, уражлівая па свайму плёну паэтычная біяграфія. Далучаецца да праекта рэдактар, які мае вялікі досвед працы з маладымі аўтарамі, — рэдактар аддзела паэзіі газеты «Літаратура і мастацтва» Рагнед Малахоўскі. Дзейнічае творчая пляцоўка пад назвай «Майстэрня пісьменніка», дзе збіраюцца паэты і празаікі, каб абмеркаваць свае творы і падзяліцца думкамі.

Важнай падзеяй у літаратурным жыцці стала правядзенне штогадовага рэспубліканскага конкурсу «Маладзік», які арганізоўваюць выдавецтва «Мастацкая літаратура» і часопіс «Маладосць» пры падтрымцы Саюза пісьменнікаў Беларусі. Пераможцы традыцыйна прадстаўляюць свае творы ў спецыяльным альманаху, які прэзентуецца на Мінскай міжнароднай кніжнай выставе­кірмашы. Аднак практыка паказвае, што для стымулявання творчай актыўнасці маладых аўтараў неабходна праводзіць значна больш конкурсаў. Менавіта спаборніцкі дух і жаданне праявіць сябе спрыяюць з’яўленню новых мастацкіх ідэй і арыгінальных вобразаў.

Без жывога кантакту, уважлівага стаўлення да першых крокаў маладога творцы, без магчымасці атрымаць адэкватную ацэнку і параду, талент можа застацца нерэалізаваным. Сучасныя лічбавыя інструменты могуць стаць памочнікамі ў гэтым працэсе, калі іх выкарыстоўваць мудра і мэтанакіравана. Важна стварыць платформу, дзе маладыя аўтары змогуць не толькі атрымаць зваротную сувязь, але і знайсці аднадумцаў, пачуць голас вопытных майстроў слова, якія змогуць накіраваць іх на правільны шлях, падказаць, як пазбегнуць памылак, і падтрымаць у моманты сумневаў. Менавіта ў падтрымцы і настаўніцтве крыецца сапраўдная сіла для развіцця літаратурнага таленту, незалежна ад эпохі і тэхналагічных змен.

Цэнтры творчай сілы

Саюз пісьменнікаў Беларусі — гэта не толькі сталічныя літаратары, але і шэсць рэгіянальных аддзяленняў, якія актыўна працуюць з творчай моладдзю.

На Гомельшчыне дзякуючы намаганням старшыні аддзялення, дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзіміра Гаўрыловіча школьнікі і студэнты актыўна ўдзельнічаюць у абласных і нават міжнародных літаратурных праектах. Гэта выдатная магчымасць для моладзі не толькі паказаць свае здольнасці, але і пазнаёміцца з аднадумцамі, атрымаць новы досвед і натхненне.

Мінскае гарадское аддзяленне на чале з Міхасём Пазняковым шмат гадоў выдае серыю «Мінскія маладыя галасы» — сапраўдны падарунак для аўтараў­пачаткоўцаў, бо менавіта першая публікацыя часта становіцца штуршком для далейшага развіцця.

Брэсцкае абласное аддзяленне, якое ўзначальвае Таццяна Дземідовіч, можа пахваліцца многім. Тут працуе Школа маладога літаратара, а таксама літаратурныя клубы ў розных раёнах вобласці: «ПаэтыКо» ў Кобрыне, «Пінчукі» ў Пінску, «Жарынка» ў Камянцы. Гэта дазваляе ахапіць як мага больш таленавітай моладзі і даць ёй магчымасць развівацца ў камфортнай і творчай атмасферы.

Акрамя таго, штогод праводзяцца шматлікія абласныя конкурсы для маладых пісьменнікаў. Напрыклад, у Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С. Пушкіна — «Таямніца слова і думак», у абласным цэнтры маладзёжнай творчасці — «Зорны спеў», а ў музеі «Брэсцкая крэпасць — герой» — «О героях былых времен». Гэтыя конкурсы не толькі выяўляюць новыя таленты, але і дапамагаюць моладзі адчуць сябе часткай вялікай літаратурнай супольнасці.

Для маладых аўтараў вельмі важна мець магчымасць надрукаваць свае творы. Брэсцкае аддзяленне актыўна выкарыстоўвае мясцовы друк. Так, у літаратурна-краязнаўчым альманаху «Астрамечаўскі рукапіс» ёсць спецыяльная рубрыка «Маладое дрэва». Найлепшыя работы рэкамендуюць да друку ў рэспубліканскіх выданнях, такіх як часопіс «Маладосць» і газета «Літаратура і мастацтва».

Сярод маладых калег Брэстчыны ёсць вядомыя ў нашай краіне творцы. Гэта Яніна Босак і Ірына Макарчук, Кацярына Мізерыя і Яўгенія Пракапчук, Аляксандра Кароль і Валянціна Мохар (Вандзіч). Нельга не адзначыць і Давіда Мохара, Марыю Навумчык і Паліну Салаўя. Гэтыя імёны — сведчанне таго, што таленты на Брэстчыне растуць і развіваюцца, знаходзячы свае шляхі да прызнання.

Як паказвае біяграфія многіх маладых пісьменнікаў з Брэстчыны, асноўнай базай для іх творчага станаўлення з’яўляюцца філалагічны і гістарычны факультэты Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна. Менавіта тут адбываецца пераемнасць пакаленняў, захоўваюцца і перадаюцца літаратурныя традыцыі. Асабліва цешыць тое, што ва ўніверсітэцкіх сценах не згасае той самы агеньчык, які калісьці запаліў вядомы літаратуразнаўца, шматгадовы загадчык кафедры на філфаку Уладзімір Калеснік.

Прыклады з Гомельшчыны, Мінска і Брэстчыны — толькі частка вялікай і важнай працы, якую праводзіць Саюз пісьменнікаў Беларусі ва ўсіх рэгіёнах. Адкрыццё новых імён, стварэнне ўмоў для творчага росту, дапамога ў публікацыях і ўдзеле ў літаратурных праектах — усё робіцца для таго, каб літаратурная скарбніца Беларусі папаўнялася новымі яркімі імёнамі. Моладзь — будучыня нашай літаратуры і культуры. І чым больш увагі і падтрымкі яна атрымае сёння, тым багацейшай і цікавейшай будзе наша літаратура заўтра.

І калі мы гаворым пра пошук талентаў, то гэта бесперапынная, сістэмная праца. Часам патрэбен толькі невялікі штуршок, каб цуд здарыўся. Вось, напрыклад, Яўгенія Пракапчук з Ганцавіч. Яна з дзяцінства была ў рэзерве маладых аўтараў СПБ, але сапраўдны прарыў у яе творчасці адбыўся дзякуючы візіту мінскай паэтэсы Іны Фраловай. Знайшла сваё прызнанне падчас вучобы ў Мінску Яніна Босак. А гісторыя Аляксандры Кароль, бібліятэкара з Брэсцкага пагранатрада, і зусім нагадвае казку. Яна арганізоўвала душэўныя сустрэчы з пісьменнікамі, а потым сама прызналася, што піша. І вось у 2023 годзе Аляксандра стала пераможцам міжнароднага конкурсу і адным з аўтараў кнігі «Вазьмі сваю свяцільню» з серыі «Сучасная беларуская літаратура».

Не менш цікавая гісторыя Сяргея Столяра, маладога калегі пісьменніка Васіля Барысюка. Таленавіты хлопец, чые творы ўжо прапанаваны для публікацыі ў часопісе «Маладосць». А дзякуючы падтрымцы брэсцкіх пісьменнікаў летась пабачылі свет першыя зборнікі паэзіі Кацярыны Мізерыі і Фёдара Галавача.

Усе гэтыя прыклады пераконваюць нас у важнасці настаўніцтва. Кожны малады аўтар павінен мець свайго старэйшага сябра па творчасці, да якога можна звярнуцца па параду ў любы момант.

Маладыя творцы дзеляцца сваімі поспехамі з равеснікамі, выступаюць у ВНУ, школах, бібліятэках. Мастацкая літаратура становіцца прывабным складнікам культурнага працэсу ўвогуле. Гэта натхняе і дае надзею на новыя літаратурныя адкрыцці.

А што пачытаць?

Пагадзіцеся, розныя творчыя праекты маюць сапраўдную каштоўнасць толькі тады, калі яны прапануюць чытачу цікавыя і якасныя творы, здольныя прыцягнуць увагу шырокай аўдыторыі.

Маладая беларуская літаратура добра прадстаўлена ў часопісе «Маладосць», які выходзіць пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, выдавецтва «Мастацкая літаратура» і Саюза пісьменнікаў. Кожны нумар знаёміць з творчасцю 8-10 маладых аўтараў да 35 гадоў, прапаноўваючы як паэзію, так і прозу. Напрыклад, у адным з апошніх выпускаў можна знайсці апавяданні Андрэя Дарожкіна з Гродна, Вікторыі Піліпенка, якая ўжо мае вопыт публікацый у вядомых расійскіх часопісах, а таксама творы Алеся Дваракова і бібліятэкара з Пружан Вольгі Аляксеевай. Апошняя дзеліцца сваім поглядам на творчасць: нягледзячы на стомленасць і шчыльны графік, яна піша штодня, нават па некалькі сказаў, бо лічыць, што натхненне прыходзіць у працэсе працы, а сюжэты можна знайсці ўсюды, галоўнае — умець іх заўважаць.

Акрамя таго, у часопісе ёсць раздзел, дзе студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта замежных моў прадстаўляюць свае мастацкія пераклады твораў з розных краін.

Асаблівай падзеяй гэтага года стала падтрымка Міністэрствам інфармацыі серыі асобных кніг пад назвай «Маладосць». Гэты праект, несумненна, прэстыжны для маладых аўтараў, дае ім магчымасць надрукавацца ў рамках адмысловай творчай серыі.

Дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура», вядомы паэт і празаік Алесь Бадак падзяліўся сваім бачаннем сённяшняй літаратурнай моладзі. Ён адзначае, што часта крытыка старэйшага пакалення, якая гучыць як «няма яркіх імёнаў», «няма арыгінальных твораў», абумоўлена параўнаннем з уласным «залатым часам», што непазбежна скажае ўспрыманне. Алесь Бадак падкрэслівае, што кожная эпоха мае свае ўласныя літаратурныя з’явы, і другая палова XX стагоддзя, хоць і не нарадзіла новых Купалу ці Багдановіча, стварыла сваю, адпаведную часу літаратуру: ваенныя аповесці Быкава, філасофскую лірыку Танка, вытанчаную паэзію і прозу Стральцова. Кожны з гэтых творцаў заняў сваю ўнікальную нішу.

Сённяшнія маладыя аўтары, паводле слоў Бадака, таксама паступова знаходзяць свае нішы, характэрныя для новага часу. Ён прызнае, што пра іх цяжка гаварыць як пра адзінае пакаленне, настолькі яны разнастайныя ў творчым плане і незгуртаваныя ў побыце. Сучасная моладзь аддае перавагу кантакту праз сацыяльныя сеткі, а не жывым зносінам. Аднак галоўнае, на думку Алеся Бадака, не ацэньваць усё пакаленне, бо сапраўдную літаратуру ствараюць не пакаленні, а асобы. Літаратура — гэта вотчына салістаў, і менавіта на іх павінна быць сфакусавана ўвага крытыкаў, выданняў і выдавецтваў.

Менавіта такія «салісты» ўжо заяўляюць пра сябе: Ксенія Зарэцкая з першай кнігай прозы «Мяне там чакаюць», Вікторыя Кляўко з раманам «Вырай», прэзентацыя якога адбылася ў Купалаўскім тэатры, Вікторыя Піліпенка з вершамі і апавяданнямі. Паліна Дваранская з кнігай «Ардашынская рэфлексія», Паліна Корнева з прозай «Запіскі юнай хірургіні»… Гэтыя імёны, творы — тое, што варта прачытаць, каб зразумець, куды рухаецца сучасная беларуская літаратура, і адкрыць для сябе новыя таленты, якія будуюць сваю ўласную, непаўторную нішу ў свеце мастацкага слова.

Нам, старэйшым, застаецца адна важная справа: уважліва прыгледзецца да нашай літаратурнай моладзі, дапамагчы надаць яе мастацкім пошукам паслядоўнасць.

Вельмі важна, каб мы разам выбудоўвалі трывалую сувязь традыцый. Бо каб ісці наперад і ажыццяўляць тое самае ўзыходжанне да мастацкіх вежаў, нельга губляць сувязь з рэчаіснасцю. Нельга забываць пра клопаты, якімі жыве грамадства, уся наша Айчына. Толькі так, у адзінстве традыцый і сучаснасці, зможам рухацца далей і ствараць нешта сапраўды значнае.

| Алесь КАРЛЮКЕВІЧ, старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Чытайце таксама:

Ускользающая тень Полесья: как спасают медянок Беларуси?

Як знайсці тую самую цікавую кніжную навінку? Прапануем пяць цікавых варыянтаў

Вы знали, что все началось в 1922 году? Интересные факты о Национальной библиотеке

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Кнопка «Наверх»