Лагістычныя цэнтры Wildberries у Краснадары і Нявіннамыску падвергліся атацы, работа прыпынена
Фота Global Look Press 22 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Лагістычныя цэнтры Wildberries у расійскіх Краснадары і Нявіннамыску атакаваны мінулай ноччу. Аб гэтым у сваім Telegram-канале паведаміла заснавальніца кампаніі Таццяна Кім.
«Сёння ноччу атакаваны нашы лагістычныя цэнтры ў Краснадары і Нявіннамыску. Разам з профільнымі службамі вядзём работу па ўстараненні наступстваў», — напісала Кім.
Яна таксама паведаміла, што, паводле папярэдніх даных, у выніку атак ёсць пацярпелыя.
У афіцыйным Telegram-канале кампаніі гаворыцца, што работа складоў у Краснадары і Нявіннамыску прыпынена. У СК Расіі паведамілі, што ўзбудзілі крымінальную справу аб тэракце па факце ўкраінскай атакі на лагістычныя цэнтры.
Улады Краснадарскага края праінфармавалі, што ў ноч на 22 ліпеня на рэгіён быў ажыццёўлены масавы налёт беспілотнікаў, іх абломкі пашкодзілі шматкватэрныя дамы. Акрамя таго, паводле даных мясцовых улад, у Краснадары загарэўся складскі комплекс, а ў Армавіры адбыўся пажар на тэрыторыі прадпрыемства. У аператыўным штабе Краснадарскага края адзначаюць, што для тушэння пажару ў складскім комплексе прыцягнуты верталёт і больш за 30 адзінак тэхнікі.
Губернатар Стаўрапольскага края Уладзімір Уладзіміраў са свайго боку паведаміў, што ў Нявіннамыску, дзе тушаць пажар на складзе Wildberries, уведзены рэжым надзвычайнай сітуацыі лакальнага ўзроўню. Ён таксама паведаміў аб некалькіх пацярпелых у выніку атакі на складскі комплекс.
Гэта не першая такая атака Кіева за апошні час. У ноч на 18 ліпеня лагістычныя комплексы кампаніі Wildberries у расійскіх Катоўску і Электрасталі падвергліся атацы беспілотнікаў УСУ. У Маскоўскім рэгіёне з-за падзення БПЛА таксама адбылося ўзгаранне на тэрыторыі нафтабазы ў Нагінску. У выніку гэтых атак загінулі 8 чалавек, яшчэ дзясяткі пацярпелі.-0-





