Культура

На фестывалі нацыянальных культур прадставяць народныя брэнды ўсе вобласці Беларусі

Фота з архіва 1 чэрвеня, Гродна . Якім будзе «Беларускi падворак» на XV Рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур, заключныя мерапрыемствы якога пройдуць 5-6 чэрвеня ў Гродне, і як прадоўжыцца свята на Аўгустоўскім канале, расказала на прэс-канферэнцыі галоўны спецыяліст упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Настасся Пекар,

«Беларускi падворак» будзе размяшчацца на плошчы Савецкай і аб’яднае ўсе вобласці нашай краіны, сталіцу — горад Мінск. Канцэпцыя падворка — прадставіць беларускую культуру ва ўсёй яе разнастайнасці і шматграннасці: народныя рамёствы, музыку, песні і танцы, творчыя праекты, рэгіянальныя брэнды.

«Тут можна будзе не толькі ўбачыць, але і далучыцца да нацыянальных традыцый беларусаў: паўдзельнічаць у майстар-класах па саломапляценні, выцінанцы, лозапляценні, ганчарстве, навучыцца старадаўнім бытавым танцам, — растлумачыла спікер. — Беларускі падворак пачне ўжо працаваць у першы дзень фестывалю, 5 чэрвеня, і зноў запросіць гасцей 6 чэрвеня апоўдні. Да позняга вечара тут будуць радаваць калектывы аматарскай творчасці, майстры, самадзейныя артысты».

Прадоўжыць знаёмства з беларускай народнай творчасцю і традыцыямі можна будзе на Аўгустоўскім канале: традыцыйна свята прадоўжыцца на берагах воднай жамчужыны, на шлюзе Дамброўка 7 чэрвеня. І тут яно таксама пачнецца з тэатралізаванага шэсця ў 12.00.

«У гэты дзень на Аўгустоўскім канале сыдуцца некалькі фестываляў. Аматараў танца прыцягне рэгіянальны фестываль «Танцавальная кругаверць», на які заявілася вельмі шмат калектываў і індывідуальных выканаўцаў з усёй Беларусі», — расказала Настасся Пекар.

Яркай адметнасцю трэцяга дня стане абласны фестываль традыцыйнага мастацтва «Скарбы Гродзеншчыны». На Аўгустоўскім канале адбудзецца, можна сказаць, «вялікае беларускае вяселле». Кожны рэгіён Гродзенскай вобласці прадставіць свае рэканструкцыі вясельных традыцый, абрадаў. Свята падрыхтавалі ў час праекта «Вяселле па беларускіх канонах», які ў Год беларускай жанчыны рэалізуюць на Гродзеншчыне. Спецыялісты, работнікі культуры вядуць даследчую работу — размаўляюць з вяскоўцамі старэйшага пакалення, вывучаюць архівы, збіраючы матэрыялы па рэгіянальнай сямейнай абраднасці. На Аўгустоўскі канал прыедуць «жаніхі» і «нявесты» з усёй вобласці, можна будзе ўбачыць, як у беларускіх вёсках ладзілі сватанне, праводзілі нявесту, як сустракалі жаніха.

Акрамя гэтага, будуць працаваць дзіцячыя, спартыўныя пляцоўкі, катанне на параходзе, святочны гандаль.

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Кнопка «Наверх»