«Лепшы турнір у Беларусі». Гранд-фінал першага кіберспартыўнага фестывалю NOVA праходзіць у Мінску
22 лістапада, Мінск . У Мінску праходзіць гранд-фінал кіберспартыўнага фестывалю NOVA, які аб’яднаў мацнейшыя каманды краіны ў дысцыплінах CS2 і Dota 2,
Фестываль NOVA аб’ядноўвае кіберспорт, гульнявую культуру і творчае асяроддзе, ствараючы прастору для ўзаемадзеяння, самарэалізацыі і дэманстрацыі талентаў. У праграме фінальнага этапу вырашальныя матчы, відовішчны конкурс касплэю, а таксама ўзнагароджванне пераможцаў і прызёраў. Для гасцей падрыхтавалі інтэрактыўныя пляцоўкі, аркадныя аўтаматы і сэлфі-люстэрка.
«Сёння кульмінацыя нашага вялікага кіберспартыўнага фестывалю NOVA. Для Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі гэта новая з’ява: мы сёння працуем з моладдзю, паглыбленай у лічбавую культуру. Рэгіянальныя этапы стартавалі 31 кастрычніка. У адборачных гульнях па CS2 і Dota 2 прынялі ўдзел 317 каманд, а гэта больш за 1,5 тыс. маладых ігракоў. Па выніках напружанай барацьбы ў фінал выйшлі 16 лепшых каманд у кожнай дысцыпліне. Яны прыехалі ў Мінск, каб паспаборнічаць за званне чэмпіёнаў», — расказаў сакратар ЦК БРСМ Аляксандр Давыдоўскі.
Паводле яго слоў, ідэю правядзення фестывалю прапанавала сама моладзь. Такія ініцыятывы дапамагаюць не толькі падтрымліваць цікавасць да кіберспорту, але і знаходзіць таленавітых ігракоў, здольных прадстаўляць Беларусь на міжнародных турнірах. Пры гэтым ужо вядома, што NOVA стане штогадовай падзеяй і будзе развівацца: арганізатары плануюць пашыраць спіс дысцыплін і дабаўляць новыя актыўнасці. «У гэтым годзе ўзрост удзельнікаў абмежаваны (з 18 да 31 года), але мы бачым, што школьнікі таксама хочуць удзельнічаць. Думаю, у наступным годзе мы правядзём для іх асобнае мерапрыемства», — адзначыў Аляксандр Давыдоўскі.

За званне чэмпіёна ў дысцыпліне CS2 змагаецца каманда CR7 з Магілёўскай вобласці. Вопытны ўдзельнік кіберспартыўных турніраў Аляксандр Журбенка апынуўся на NOVA практычна выпадкова: «Па-за фестывалем у нас ёсць каманда, якая паклікала мяне паўдзельнічаць. Не думаў, што траплю сюды, але рады. Усё праходзіць даволі проста, напружання наогул ніякага няма. Мы ведалі, калі выйграем першую гульню, то далей спакойна выйдзем у фінал. Арганізавана ўсё ідэальна. Гэта пакуль лепшы турнір, які ёсць у Беларусі».
Наперадзе ў кіберспартсмена новыя спаборніцтвы, у тым ліку міжнародныя. Ён выказаў надзею, што такія маштабныя турніры ў Беларусі будуць праходзіць часцей, і адзначыў, што беларускія ігракі канкурэнтаздольныя на міжнароднай арэне.

У сваю чаргу з нуля спецыяльна для NOVA створана каманда B13 NOS3, якая складаецца з сяброў-аднадумцаў, студэнтаў Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. «Уражанні суперскія, атрымлівалі шмат эмоцый на кожным этапе: спачатку ад гульні, потым у цэлым ад прагляду турніру, пражывання і самой арганізацыі. Для мяне гэта быў першы ўдзел у такім мерапрыемстве. Акрамя таго, мы самая маладая каманда, яшчэ і медыкі. На перамогу асабліва не разлічвалі, прыехалі не за гэтым, але ў наступным годзе зноў паспрабуем прайсці кваліфікацыю і паспаборнічаем за больш высокае месца. Хочацца далей наведваць такія мерапрыемствы і каб БРСМ прадаўжаў асвятляць кіберспорт у Беларусі», — расказаў адзін з удзельнікаў каманды Дзмітрый Капскі.
Пра карысць тактычных і стратэгічных гульняў расказаў Уладзіслаў Сярчэня з каманды BAZACLUB Мінскай вобласці. Хлопец упэўнены, што такія гульні дапамагаюць развіваць рэакцыю, увагу і аналітычнае мысленне. «З часам рэакцыя трэніруецца, а твой узровень і навыкі пастаянна растуць. Акрамя таго, трэба ўвесь час вельмі шмат думаць: дзе можа знаходзіцца праціўнік, як выкарыстаць, умоўна, гранаты ў Counter-Strike, колькі часу зойме той ці іншы манеўр і што сапернік можа зрабіць. А затым немалаважна падлічыць, як яго перамагчы», — растлумачыў ён.
На яго думку, навыкі ўважлівасці і хуткай рэакцыі могуць спатрэбіцца і ў паўсядзённым жыцці, у тым ліку за рулём. 23-гадовы Уладзіслаў захапіўся гульнямі з пяці-шасці гадоў: ён назіраў за старэйшым братам, які на той момант уваходзіў у топ-100 ігракоў Еўропы. З часам дзіцячае захапленне перарасло ў сур’ёзнае хобі. «Акрамя таго, дзякуючы гульням я знайшоў сабе сябра з Расіі. У гэтым годзе ездзіў да яго адпачываць. Наогул класна было. Мы з ім вельмі даўно знаёмы», — адзначыў удзельнік.
Арганізатарамі фестывалю выступілі ГА «БРСМ» і РГА «Беларуская федэрацыя кіберспорту». Мерапрыемства накіравана на папулярызацыю кіберспорту сярод моладзі, выяўленне мацнейшых каманд і ігракоў, развіццё каманднага ўзаемадзеяння і стварэнне ўмоў для змястоўнага правядзення вольнага часу.

Фота Максіма Гучака






