У Беларусі і Манголіі добрыя перспектывы супрацоўніцтва ў галіне спорту — Кавальчук
27 кастрычніка, Мінск . У Беларусі і Манголіі добрыя перспектывы развіцця супрацоўніцтва ў сферы спорту. Такі пункт гледжання выказаў у размове з карэспандэнтам БЕЛТА міністр спорту Сяргей Кавальчук, які ўдзельнічаў у беларуска-мангольскіх перагаворах у Палацы Незалежнасці.
Паміж профільнымі ведамствамі дзвюх краін па выніках перагавораў на вышэйшым узроўні было заключана пагадненне аб супрацоўніцтве ў сферы спорту.
«У нас вельмі добрыя перспектывы. Напрыклад, мангольскім сябрам падабаецца наша сістэма падрыхтоўкі ў адзінаборствах і боксе — гэта два віды спорту, якія традыцыйна моцныя ў Манголіі. Спартсмены з гэтай краіны ўдзельнічаюць у розных трэніровачных зборах і спартыўных мерапрыемствах у Беларусі», — адзначыў міністр.
Сяргей Кавальчук таксама расказаў аб праведзенай напярэдадні сустрэчы ў Мінску са сваім мангольскім калегам і аб тым, што былі вызначаны перспектывы ўзаемадзеяння ў розных відах спорту. Сярод таго, што ўяўляе для мангольскіх спартсменаў цікавасць, ён назваў таксама біятлон. «У гэтым годзе яны ўпершыню пабывалі на беларускіх базах на вучэбна-трэніровачным зборы», — адзначыў міністр.
Вынікі праведзеных беларуска-мангольскіх перагавораў на вышэйшым узроўні адлюстравалі намер абодвух бакоў канверсаваць высокі ўзровень палітычнага ўзаемаразумення паміж Мінскам і Улан-Батарам у значныя эканамічныя праекты. Імпульс гэтаму працэсу нададуць падпісаныя пагадненні, перш за ўсё дарожная карта супрацоўніцтва Беларусі і Манголіі на 2027-2029 гады.






