Пархомчык: калі мы адзіныя — здольны прайсці ўсе выпрабаванні
Фота Брэсцкага аблвыканкама 17 верасня, Брэст . Калі працуем разам, ставім агульныя мэты і адказваем за вынік — краіна развіваецца. Такое меркаванне выказаў 17 верасня старшыня Брэсцкага аблвыканкама Пётр Пархомчык у час мітынгу, прысвечанага Дню народнага адзінства,
Святочныя мерапрыемствы ў Брэсце традыцыйна пачаліся каля помніка на брацкай магіле савецкіх воінаў, якія загінулі ў 1939 і 1944-1945 гадах. «На 18 гадоў Брэстчына была адарвана ад краіны і жыла па чужых законах. Гэта былі гады бяспраўя, прыніжэння, забароны навучацца і гаварыць на роднай мове. Усе спробы супраціўлення жорстка спыняліся. Але нашы продкі знаходзілі сілы і мужнасць, каб адстойваць правы», — звярнуўся да ўдзельнікаў мітынгу Пётр Пархомчык.

У рэгіёне беражліва захоўваюць памяць аб тых, хто змагаўся за свабоду. «У нашай вобласці больш за 30 памятных мясцін гэтага перыяду гісторыі. Нямала вуліц названы ў гонар удзельнікаў нацыянальна-вызваленчага руху — Харужай, Дворнікава, Дубовіка, Тарасюка, Багданчука, Урбановіча, Каржа. І сёння мы знаходзімся каля брацкай магілы, дзе пахаваны 46 байцоў Чырвонай арміі, якія загінулі ў вызваленчых баях 1939 года», — акцэнтаваў старшыня аблвыканкама.
Ён таксама адзначыў, што ўз’яднанне тэрыторый стала пачаткам новага этапу ў развіцці краіны: «З’явілася магчымасць для ўсіх атрымліваць адукацыю, медыцынскую дапамогу і новыя прафесіі. Пачала актыўна развівацца прамысловасць. У канцы 1940 года ў заходніх абласцях БССР было амаль 400 прамысловых прадпрыемстваў, на якіх працавалі каля 40 тыс. чалавек».

«І калі паглядзець на нашу вобласць сёння, становіцца відавочна, наколькі вялікі шлях мы прайшлі. Брэстчына стала адным з вядучых рэгіёнаў краіны — прамысловым, аграрным, навуковым, культурным і турыстычным цэнтрам. З году ў год мы ўмацоўваем нашу эканоміку і сацыяльную сферу, робім усё, каб беларусы ганарыліся сваёй краінай і ўпэўнена глядзелі ў будучыню. Таму Дзень народнага адзінства для нас — гэта не толькі памяць аб падзеях 1939 года, гэта яшчэ і адказнасць за тое, што будзе далей. Гісторыя паказвае: калі мы адзіныя — мы здольны прайсці праз самыя цяжкія выпрабаванні. Калі працуем разам, ставім агульныя мэты і адказваем за вынік — краіна развіваецца. Калі памятаем аб мінулым і шануем памяць герояў — гісторыя знаходзіцца ў надзейных руках», — адзначыў кіраўнік рэгіёна.
Таксама ў мітынгу прынялі ўдзел ветэранскі актыў, прадстаўнікі дыпмісій, ваеннаслужачыя, школьнікі, студэнты і інш. Яны ўсклалі кветкі да падножжа манумента, ушанавалі памяць вызваліцеляў мінутай маўчання.




