Зрабілі мультфільм за тры месяцы. У Мінску ўзнагародзілі пераможцаў конкурсу «Калядная зорка»
Фота з архіва 31 студзеня, Мінск . У Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі прайшла цырымонія закрыцця і ўзнагароджвання пераможцаў XXIX Рэспубліканскай выставы-конкурсу дэкаратыўна-прыкладной творчасці «Калядная зорка»,
Як расказала мастацкі кіраўнік цэнтра Надзея Каршунова, правядзенне такога маштабнага конкурсу для цэнтра — гэта вялікая падзея. У гэтым годзе журы прыняло больш за 150 тыс. заявак, з якіх на фінальным этапе адбору выбралі 250 пераможцаў.
«Гэта адзін з нашых любімых конкурсаў: ён сам па сабе чароўны і казачны. Дзіўна, колькі яркіх ідэй і крэатыўных рашэнняў могуць прыдумаць дзеці. Для ўсіх удзельнікаў «Калядная зорка» — вялікая падзея, бо іх работы бачыць вялікая колькасць людзей. А яшчэ ў рамках выставы праходзяць майстар-класы, наведванні, тэматычныя экскурсіі. Распрацоўваем і ўкараняем анлайн-экскурсіі для тых, хто хацеў бы ўбачыць сваю работу, але не можа прысутнічаць сам. Такія мерапрыемствы — гэта не толькі падтрымка мастацкай творчасці, але і аб’яднанне людзей», — падкрэсліла яна.
У бягучым годзе ў рамках «Каляднай зоркі» з’явіўся праект «Ёлкі краіны». «Кожная вобласць краіны рыхтавала сваю ёлку, афармляючы яе цацкамі з рэгіянальнымі асаблівасцямі. Віцебская вобласць прадставіла «Птушкі Вiцебшчыны». Цацкі былі аформлены ў выглядзе птушак, якія насяляюць тэрыторыю вобласці. Брэсцкая вобласць для сваёй работы натхнілася вітражамі мясцовай пазнавальнай архітэктуры», — падзялілася арганізатар.
У 2026 годзе конкурсу спаўняецца 30 гадоў. «Самы галоўны план на юбілей «Каляднай зоркі» — каб яна пашырала свае межы. Хочам зрабіць яшчэ больш выставачнай прасторы, ёсць новыя ідэі па намінацыях. Магчыма, будзе больш удзельнікаў «Ёлкі краіны», у тым ліку дабавяцца рэгіянальныя», — пералічыла Надзея Каршунова.
Удзельніцы Ульяна Здаравец і Аліса Главацкая з Гомеля занялі першае месца ў намінацыі «Арт-анімацыя». «Нашу работу мы рабілі вельмі доўга, каля трох месяцаў. Я агучвала галоўнага героя і ляпіла персанажаў. Наша работа — гэта мульцік пра бусляня Бусю, якому старэйшы бусел расказаў пра навагодні цуд. Ён не паляцеў назад, а застаўся паглядзець на чараўніцтва — гэта стала яго самай галоўнай марай. Зусім не чакалі, што возьмем першае месца!» — расказала аб працэсе стварэння мультфільма Ульяна Здаравец.
Намеснік міністра адукацыі Кацярына Пятруцкая далучылася да ўзнагароджвання. «Здавалася, што чараўніцтва ўжо завяршылася, але дзякуючы ўдзельнікам і ўсім нам гэтыя святочныя дзівосы ўсё яшчэ прадаўжаюцца, сумеснымі намаганнямі мы робім гэты свет лепшым, а краіну — багацейшай. Хочацца, каб радасць перамогі вы сёння падзялілі са сваімі педагогамі. Яны вучаць вас таму, чаму не вучаць у школе, менавіта ў гуртках, секцыях вы самі становіцеся чараўнікамі і вучыцеся ствараць дзіўныя рэчы, якія захапляюць усіх вакол», — адзначыла намеснік міністра.






