Знакамітыя майстры, таленавітая моладзь і кранальныя кампазіцыі. У Вялікім тэатры прайшоў гала-канцэрт
3 ліпеня, Мінск . Гала-канцэрт майстроў мастацтваў і таленавітай моладзі «Час нашых Перамог — час новых надзей», прысвечаны Дню Незалежнасці, прайшоў у Вялікім тэатры Беларусі,
Пяты год у асаблівы для ўсёй краіны дзень — 3 ліпеня — у Вялікім тэатры прайшоў гала-канцэрт. У гэтым годзе праграма мае назву «Час нашых Перамог — час новых надзей», а ў канцэрце былі заняты ўсе калектывы Вялікага: аркестра, оперы, балета, хору, дзіцячай музычнай студыі, мімансу. У гэты вечар са сцэны прагучалі галасы народных артыстаў краіны. Упершыню гала-канцэрт прайшоў у 2021 годзе, і дзякуючы Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку стаў традыцыйным.
Галоўны рэжысёр і аўтар сцэнарыя гала-канцэрта Ганна Маторная адзначыла, што ў праграме прадстаўлены розныя напрамкі — акадэмічны, народны, прысутнічаюць фальклорныя матывы і трагічныя лініі Вялікай Айчыннай вайны, а таксама сучасныя хіты. «У першую чаргу гэта мерапрыемства прысвечана пераемнасці нашых творчых пакаленняў. На сцэне адначасова выступілі пяць пакаленняў салістаў, артыстаў балета: дзеці, маладыя выканаўцы тэатра, заслужаныя і народныя. Мы сёння прэзентуем магчымасць творчаму маладому пакаленню з’явіцца на легендарнай сцэне разам з выдатнымі музыкантамі і харэаграфічнымі калектывамі. Маладосць, шчасце, свята і вялікая любоў да сваёй краіны — вось, што рухае ўсімі намі», — падкрэсліла яна.
Назва канцэрта вытрымана ў кожным нумары і дзеянні ў цэлым. За гадзіну перад гледачамі паўстаў цэласны мастацкі твор, у якім кожны нумар падпарадкаваны агульнай ідэі, а гэта — захаванне гістарычнай памяці, павага да мінулага, беражлівае стаўленне да таго, што нас аб’ядноўвае, і вера ў будучыню. Лагічным і прыгожым фінальным пунктам канцэрта стала выкананне песні «Прысвячэнне Беларусі» (кампазітар Аляксандр Сухараў), у якой галоўнай гучыць тэма любові да роднай зямлі і людзей, якія тут жывуць. Канцэрт і з’яўляецца своеасаблівым прызнаннем у любові да Беларусі.
Спявак Пётр Ялфімаў адзначыў, што для яго важна данесці да гледача сэнс тых твораў, якія ён выканаў са сцэны. «Сёння тут шмат глыбокага патрыятызму і веры. Місія любога артыста — данесці сутнасць, каб кожны змог адкрыць для сябе нешта патаемнае і задумаўся, для чаго мы ёсць на гэтай зямлі, што мы нясём і што маем на мэце», — падкрэсліў артыст.
Акрамя таго, у фае тэатра для гледачоў разгарнулася выстава, прысвечаная культурным брэндам рэспублікі. Экспазіцыя складаецца з чатырох частак. Першы раздзел прысвечаны трагічным падзеям Вялікай Айчыннай вайны. Ён уключае ў сябе фотаработы грамадскіх аб’яднанняў беларусаў замежжа з агульнай ідэяй захавання гістарычнай памяці. Асаблівае месца займае выстава аб генацыдзе цыганоў у час акупацыі Беларусі ў 1941-1944 гадах. Дапаўняе раздзел экспазіцыя кніг, якія расказваюць пра герояў Вялікай Айчыннай вайны.
Традыцыйныя абрады, рамёствы, нацыянальная кухня. Наступная частка выставы раскрывае багацце нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі. У рамках гэтай часткі экспазіцыі майстры народнай творчасці прадэманстравалі мастацтва саломапляцення, выцінанкі, бондарства, а таксама правялі ўнікальныя майстар-класы.
Трэці раздзел прысвечаны фестывальнаму руху ў Беларусі. Усе вобласці нашай краіны і сталіца ярка і цікава прэзентуюць інфармацыю аб брэндавых культурных праектах, якія чакаюць гледачоў у другой палавіне 2025 года.
Чацвёрты раздзел экспазіцыі — «Брэнды Беларусі» — прысвечаны дзейнасці выдатных асоб, тым, хто адыграў важнейшую ролю ў стварэнні вобраза Беларусі — прыгожай краіны з самабытнай культурай. Гэта класікі беларускай літаратуры Янка Купала і Якуб Колас, легендарны музыкант Уладзімір Мулявін і яго ансамбль «Песняры». У гэтым раздзеле, у тым ліку праз цікавы фота- і відэарад, таксама расказваецца аб вядучых культурных установах краіны — Вялікім тэатры, Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм», Нацыянальнай бібліятэцы.
Мінчанка Ірына Куртасава сёння была на свяце ўпершыню і яе вельмі ўразілі выставы і майстар-класы беларускіх майстроў. «Вельмі прыгожыя і цікавыя касцюмы. Я ўсё гэта вельмі люблю і мне цікава даведацца, з чаго і як робіцца. Карункі і вышытыя арнаменты ўражваюць больш за ўсё — вельмі тонкая работа, — адзначыла яна. — У нас у краіне шмат таленавітых людзей. Сённяшні канцэрт таму пацвярджэнне. Класна, што і моладзь, дзеці прымаюць у гэтым удзел. Канцэрт выклікаў самыя неверагодныя эмоцыі і пакінуў толькі пазітыўныя ўражанні. Спадзяюся, што гэта традыцыя будзе жыць яшчэ шмат гадоў».
Дачка Уладзіміра Мулявіна Марына Мулявіна падзялілася: «У гэта свята, Дзень Незалежнасці, я бачу сапраўднае аб’яднанне, з’яднанне людзей. Вакол шчаслівыя твары, усе размаўляюць, яны ўсе роўныя, шчаслівыя і разумеюць, што Беларусь — гэта краіна, у якой дыхаецца свабодна. Вельмі рада, што жыву тут, што ў нейкі момант тата прывёз нас сюды і тут пакінуў свой след у творчасці, музыцы, у нашай краіне».
Фота Таццяны Матусевіч