«Запасаў руды хопіць мінімум на 50 гадоў». Якія перспектывы ў ГАКа ў Любанскім раёне
23 мая, Любанскі раён . Калійныя запасы ў Беларусі разлічаны больш як на 120 гадоў. Аб гэтым заявіў журналістам першы намеснік дырэктара горна-абагачальнага комплексу (ГАК) у Любанскім раёне Іван Галаваты,
Іван Галаваты заявіў, што дзякуючы стратэгічнаму рашэнню Прэзідэнта Беларусі ў Любанскім раёне ў свой час пачалі будаўніцтва ГАКа.
«Гэта дасць магчымасць на працягу амаль 50 гадоў здабываць руду і перапрацоўваць яе ў высакаякасныя калійныя ўгнаенні. Гэта ў тым ліку дасць імпульс для развіцця Любанскага раёна і прынясе дадатковую выручку краіне, — растлумачыў першы намеснік дырэктара. — Гэта мінімум 50 гадоў. На ўсіх камбінатах, якія будуюцца, ёсць балансавыя запасы. Па меры разведкі гэтыя балансы прырастаюць, у тым ліку і гэтага радовішча. Я думаю, што 50 гадоў — гэта мінімум».
Паводле яго слоў, такім жа чынам асвойваліся руднікі ў Салігорску. Першапачаткова планавалася, што запасаў мінеральных рэсурсаў хопіць на паўстагоддзя, але работы там ужо вядуцца больш за 60 гадоў. «І наогул, калійныя запасы ў Беларусі разведаны, разлічаны больш як на 120 гадоў», — заявіў Іван Галаваты.
У час выязной нарады ў Любанскім раёне, якая была прысвечана ўводу ў эксплуатацыю ГАКа, Прэзідэнт Беларусі арыентаваў урад планаваць узвядзенне новага ГАКа. Як растлумачыў Іван Галаваты, у краіне асвойваецца некалькі руднікоў. Завяршаючы будаўніцтва чарговага рудаўпраўлення, беларускія гарнякі плаўна пераходзяць на іншыя ўчасткі радовішчаў.
«Гэтак жа і тут, у Любанскім раёне. Старобінскае радовішча мае вялікую плошчу, і сёння перспектыва — распрацоўка і магчымасць будаўніцтва Смолаўскага ўчастка, які ўжо разведаны. Таксама яшчэ ёсць невялікі Любанскі ўчастак. Таму перспектыва ў прадпрыемства добрая», — сказаў прадстаўнік ГАКа.
Магутнасці комплексу разлічаны на здабычу 15 тыс. т руды за суткі. Паводле апошніх даных, з моманту аднаўлення работы ГАКа на паверхню з шахты паднята больш за 300 тыс.т руды. Пры гэтым пройдзена больш за 12 км горных вырабатак.
Цяпер прадпрыемства завяршае будаўніцтва абагачальнай фабрыкі. Пакуль руда будзе захоўвацца на спецыяльным складзе, а потым пачнецца ўжо выпуск калійных угнаенняў. «Каб пачаць пусканаладачныя работы, неабходна сакумуляваць пэўную колькасць руды, чым мы цяпер і займаемся», — дадаў Іван Галаваты.