Законапраект аб амністыі да 80-годдзя Перамогі ўнесены ў парламент
24 красавіка, Мінск . Па даручэнні Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ўрадам унесены ў парламент законапраект «Аб амністыі ў сувязі з 80-годдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне». Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
У законапраекце захаваны паспяхова апрабаваныя ў ходзе амністый мінулых гадоў падыходы (за апошнія пяць гадоў у Беларусі былі аб’яўлены чатыры амністыі). Адначасова прадугледжаны і шэраг навацый.
Пералік асоб, якія поўнасцю вызваляюцца ад пакарання і іншых мер крымінальнай адказнасці, дапоўнены новай катэгорыяй асоб з пэўнымі захворваннямі.
Таксама прапануецца раней не судзімым асобам, якія дасягнулі 70-гадовага ўзросту і асуджаны да пазбаўлення волі на тэрмін да шасці гадоў уключна, замяніць пакаранне больш мяккім у выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
Замест поўнай амністыі ўстанаўліваецца прымяненне частковай у выглядзе скарачэння пакарання на адзін год да асоб, асуджаных за неасцярожныя злачынствы, якія прывялі да смерці чалавека.
У адносінах да большасці асуджаных асноўнымі ўмовамі для прымянення прадугледжанай законапраектам амністыі з’яўляюцца поўнае пакрыццё шкоды (урону), нанесенай учыненым злачынствам, а таксама станоўчая характарыстыка асобы ў перыяд адбывання пакарання.
Паводле папярэдніх разлікаў, пад амністыю трапяць амаль 8 тыс. асуджаных.