У Польшчы заявілі, што рыхтуюцца да лістападаўскага адкрыцця двух пагранпераходаў з Беларуссю
Фота з архіва 31 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Падляскі ваявода Яцак Бжазоўскі паведаміў сёння, што афіцыйнай інфармацыі аб прыпыненні лістападаўскага адкрыцця двух пагранічных пераходаў з Беларуссю няма. Аб гэтым паведамляецца на сайце Radio Bialystok.
«Цяпер у адпаведнасці з указаннямі прэм’ер-міністра мы рыхтуемся да адкрыцця пагранічных пераходаў», — сказаў Бжазоўскі.
«На сённяшні дзень няма інфармацыі, якая пацвярджае або ўказвае на тое, што прэм’ер-міністр адмяняе гэта рашэнне. Мы працуем у звычайным рэжыме. Мы, адміністрацыя, Нацыянальная падатковая служба і Пагранічная служба, усе рыхтуемся да выканання задачы, даручанай нам прэм’ер-міністрам, і яна будзе поўнасцю выканана пасля прыняцця рашэння», — заявіў падляскі ваявода.
«Аб’яўляючы аб гатоўнасці адкрыць граніцу ў Беластоку, прэм’ер-міністр не назваў дакладных дат. Мы мяркуем, што аб’яўленае адкрыццё пагранічных пераходаў у Падляскім ваяводстве адбудзецца», — звярнуў увагу кіраўнік Падляскага рэгіянальнага аддзялення партыі «Грамадзянская платформа» Кшыштаф Трускаляскі.
«Прэм’ер-міністр ужо ведаў аб закрыцці літоўска-беларускай граніцы, калі аб’явіў аб гэтым рашэнні ў Беластоку. Гэта рашэнне было аб’яўлена. Мы ўсе верым і ўпэўнены, што гэтыя пункты пропуску адкрыюцца як мага хутчэй», — дадаў ён.
Дональд Туск аб’явіў 28 кастрычніка, што з лістапада вадзіцелі зноў змогуць карыстацца двума пагранічнымі пераходамі на граніцы з Беларуссю — у Баброўніках і Кузніцы. Паводле яго слоў, гэтыя пагранпераходы «могуць быць карысныя простым людзям па абодва бакі граніцы і палітыка не павінна пастаянна груба ўмешвацца ў штодзённае жыццё жыхароў рэгіёна». Падляскі ваявода Яцак Бжазоўскі пасля гэтага гаварыў, што пасля афіцыйнага аб’яўлення даты адкрыцця аўтамабільных пагранічных пераходаў з Беларуссю ў Падляскім ваяводстве пагранічныя службы будуць гатовы да гэтага на працягу 48 гадзін. Як пісалі польскія СМІ, інфармацыя аб адкрыцці пагранпераходаў з Беларуссю была станоўча ўспрынята транспартнай супольнасцю Польшчы, работнікі галіны назвалі гэта «доўгачаканым сігналам надзеі» і «крокам да нармальнага жыцця».
Тым часам, паводле даных агенцтва PAP, прадстаўнік урада Польшчы Адам Шлапка гаварыў 30 кастрычніка, што польскі прэм’ер Дональд Туск і прэм’ер Літвы Інга Ругінене дамовіліся аб адкрыцці Польшчай двух пунктаў пропуску на граніцы з Беларуссю «прыкладна ў сярэдзіне лістапада». Ругінене заяўляла 30 кастрычніка, што Польшча адкладзе адкрыццё пагранічных пераходаў з Беларуссю. Міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс 29 кастрычніка гаварыў, што Літва вядзе перагаворы з Польшчай аб граніцы з Беларуссю, указваючы на неабходнасць сумесных крокаў.
Пагранпераход «Кузніца» быў закрыты ў лістападзе 2021 года, а пункт пропуску «Баброўнікі» — у лютым 2023 года.-0-






