Прэзідэнт

«У імя мастацтва, не на продаж». Лукашэнка пра задуму прэміі «За духоўнае адраджэнне»

8 студзеня, Мінск . Прэмія «За духоўнае адраджэнне» з году ў год уручаецца за тое, што зроблена беларусамі па закліку сэрца, не напаказ, у імя мастацтва, не на продаж. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на цырымоніі ўручэння прэміі «За духоўнае адраджэнне», спецыяльных прэмій дзеячам культуры і мастацтва і «Беларускі спартыўны Алімп» 2025 года,

Беларускі лідар нагадаў, што ў пачатку дзевяностых, у першыя гады незалежнасці, вельмі актыўна гучала тэма пошуку беларускай праваслаўнай рэліквіі — Крыжа Еўфрасінні Полацкай. Тады Аляксандр Лукашэнка, з’яўляючыся кандыдатам у прэзідэнты, у адным з інтэрв’ю сказаў журналістам, што не час шукаць рарытэт, трэба аднаўляць эканоміку.

«Але ў пэўным сэнсе мы знайшлі святыню. Вельмі хутка — у сэрцы народа, — падкрэсліў ён. — Знайшлі гэты сімвал духоўнасці ў людзях, якія ў самыя кароткія тэрміны аднаўлялі нармальны тэмп развіцця народнай гаспадаркі. Якія, нягледзячы на безграшоўе, развівалі традыцыі народнай творчасці і іншыя віды мастацтва — зусім не камерцыйныя і на той момант непапулярныя. Знайшлі яго ў людзях добрай волі — міласэрных і бескарыслівых, якія захавалі ў такія суровыя часы ўнутраную чысціню».

Прэзідэнт звярнуў увагу, што праз два гады пасля першых прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі з заробленых усёй краінай грошай была заснавана прэмія «За духоўнае адраджэнне». «З году ў год мы прысуджаем яе за тое, што зроблена па закліку сэрца, не напаказ. У імя мастацтва, не на продаж. На карысць краіны, а не дзеля славы», — сказаў ён.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што словы «духоўнасць» і «культура» цесна ўзаемазвязаны і адно без другога немагчымы. «Культура — гэта пульс жыцця, жыцця нашага народа. Калі мы захоўваем матэрыяльную, творчую, духоўную спадчыну продкаў — у нас ёсць гісторыя. Калі ёсць што захоўваць — значыць, ёсць народ, значыць, ёсць і дзяржава. Простыя ісціны. І дзякуй усім, хто ўвасабляе іх у жыццё — беражэ гістарычную памяць, культуру, духоўныя каштоўнасці», — сказаў Прэзідэнт.

Беларускі лідар падкрэсліў, што ідэя цырымоніі ўручэння прэміі «За духоўнае адраджэнне» вельмі важна. «Мы стварылі традыцыю, якая стала культурным дасягненнем ужо нашага з вамі пакалення. Яе абавязкова захаваюць нашы дзеці. Я ў гэтым абсалютна перакананы. Перакананы таму, што ёсць вы, лаўрэаты — творчыя і вельмі светлыя людзі. Ёсць ваш прыклад, які натхняе», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка павіншаваў лаўрэатаў прэміі «За духоўнае адраджэнне», спецыяльных прэмій дзеячам культуры і мастацтва і прэміі «Беларускі спартыўны Алімп» з заслужанай узнагародай. «І запатрабаванне на яе, і задума ўрачыстага мерапрыемства, якое мы праводзім у Палацы Рэспублікі ў гэтыя светлыя, святочныя дні, ішлі ад жыцця. Ад нашай з вамі гісторыі», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы таксама павіншаваў усіх беларусаў з Раством: «Няхай кожнаму з вас спадарожнічае поспех у справах, здзяйсняюцца ўсе мары, а сэрцы будуць напоўнены добрым настроем, цяплом і абавязкова радасцю. Я жадаю вам самага галоўнага — міру, дабра і дабрабыту».

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.

Кнопка «Наверх»