У ЕАЭС фарміруюць крытэрыі для аказання фінпадтрымкі кааперацыйным праектам у АПК
26 чэрвеня, Мінск . У ЕАЭС фарміруюць крытэрыі для аказання фінансавай падтрымкі кааперацыйным праектам у аграпрамысловым комплексе. Аб гэтым на палях Еўразійскага эканамічнага форуму з час круглага стала «Кааперацыя ў ЕАЭС — шлях да эфектыўнага развіцця АПК» заявіў намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Вадзім Шагойка,
На яго думку, рухавіком для фарміравання самадастатковага і экспартна арыентаванага аграпрамысловага комплексу дзяржаў — членаў ЕАЭС можа паслужыць рэалізацыя сумесных кааперацыйных праектаў. «У далейшым нам варта пашыраць супрацоўніцтва ў сферы кааперацыі і пераходзіць да рэалізацыі сумесных праектаў па стварэнні на тэрыторыі дзяржаў — членаў ЕАЭС новых вытворчасцей, у тым ліку ўгнаенняў, сельскагаспадарчай тэхнікі», — адзначыў намеснік міністра.
Развіццю супрацоўніцтва ў гэтым напрамку ў многім можа пасадзейнічаць распрацоўка і выкарыстанне механізма фінансавай падтрымкі пры рэалізацыі дзяржавамі сумесных кааперацыйных праектаў у сферы аграпрамысловага комплексу.
Вадзім Шагойка звярнуў увагу на тое, што ў ходзе рэалізацыі даручэнняў Еўразійскага міжурадавага савета ад 31 студзеня бягучага года нумар 1 ужо вядзецца работа па гэтым напрамку. «Адпрацоўваецца прапанова па фарміраванні ўмоў і крытэрыяў механізму падтрымкі аграпрамысловага комплексу з улікам асаблівасцей сельскагаспадарчай вытворчасці, што ў далейшым акажа пазітыўны ўплыў на інавацыйнае развіццё ў сферы селекцыі, насенняводства, сельскагаспадарчых раслін, племянной жывёлагадоўлі, інфраструктуры аграпрамысловага комплексу. Плануецца, што сумесныя кааперацыйныя праекты будуць накіраваны ў тым ліку на тэхналагічнае развіццё і ўмацаванне гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва суб’ектаў гаспадарання дзяржаў — членаў ЕАЭС у аграпрамысловым комплексе», — рэзюмаваў намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі.