Вучэнні АДКБ «Непарушнае братэрства-2025» і «Бар’ер-2025» завяршыліся ў Таджыкістане
Фота «Ваяр» 24 кастрычніка, Масква /Эдуард Півавар . Цырымонія закрыцця сумеснага вучэння з міратворчымі сіламі АДКБ «Непарушнае братэрства-2025», спецыяльнага вучэння з сумесным фарміраваннем радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай (РХБ) аховы і медыцынскага забеспячэння АДКБ «Бар’ер-2025», сумеснага антытэрарыстычнага вучэння кампетэнтных органаў — удзельнікаў СНД «Садружнасць-Антытэрор-2025» адбылася 24 кастрычніка ў Таджыкістане на палігоне Фахрабад. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў аб’яднаным прэс-цэнтры вучэнняў АДКБ.
«Калектыўныя міратворчыя сілы паспяхова выканалі пастаўленыя перад імі шматпланавыя задачы, — сказаў на ўрачыстай цырымоніі начальнік Аб’яднанага штаба АДКБ генерал-палкоўнік Андрэй Сердзюкоў. — У ходзе вучэнняў на прынцыпова новым узроўні адпрацаваны пытанні арганізацыі кіравання і зладжвання, падрыхтоўкі і правядзення аперацыі па падтрыманні міру. У адзіным страі ў практычных дзеяннях удзельнічалі кантынгенты Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі і Таджыкістана. Актыўныя фазы нашых вучэнняў праведзены ў сумешчаным фармаце з заключным этапам сумеснага антытэрарыстычнага вучэння кампетэнтных органаў дзяржаў — удзельніц СНД «Садружнасць Антытэрор-2025″, што адыгрывае вялікую ролю ў развіцці ўзаемадзеяння паміж АДКБ і СНД».
Ён адзначыў, што ўдзельнікі вучэнняў паказалі высокі ўзровень зладжанасці, дакладна ўзаемадзейнічалі пры вырашэнні вучэбна-баявых задач. «Гэта сведчыць аб цеснай каардынацыі і аб’яднанні намаганняў нашых арганізацый у практычнай сферы, аб нашай гатоўнасці разам выступіць супраць актуальных выклікаў і пагроз, што ў поўнай меры адпавядае існуючай абстаноўцы ў Цэнтральнаазіяцкім рэгіёне», — канстатаваў начальнік Аб’яднанага штаба АДКБ.
«Вучэнні праводзіліся ва ўмовах глабальнага абвастрэння міжнароднай абстаноўкі, якая патрабуе выпрацоўкі дзейсных механізмаў ажыццяўлення бяспекі ў зоне адказнасці АДКБ, у тым ліку з задзейнічаннем нашага міратворчага патэнцыялу. У палявых умовах мы ўбачылі, як удасканальваюцца вывучка і майстэрства асабовага складу, фарміруюцца новыя падыходы да сумеснага прымянення падраздзяленняў гэтых калектыўных сіл. Галоўная мэта гэтых дзеянняў — дасягненне ў рэгіёне трывалага справядлівага міру, надзейнай бяспекі і стабільнасці на базе фундаментальных прынцыпаў міжнароднага права. Далейшае ўдасканаленне складу міратворчых сіл АДКБ і іх падрыхтоўкі да выканання задач па прызначэнні з’яўляецца найбольш важным напрамкам развіцця сістэмы калектыўнай бяспекі Арганізацыі ў бліжэйшыя гады», — заявіў Андрэй Сердзюкоў.
Вучэнні ў Таджыкістане завяршылі цыкл асноўных мерапрыемстваў сумеснай аператыўнай і баявой падрыхтоўкі войскаў (калектыўных сіл) АДКБ. У іх прынялі ўдзел воінскія кантынгенты Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі, Таджыкістана, аператыўныя групы Аб’яднанага штаба і Сакратарыята АДКБ. Агульная колькасць удзельнікаў вучэнняў складала каля 1,5 тыс. чалавек і больш за 200 адзінак ваеннай і спецыяльнай тэхнікі, у тым ліку 6 верталётаў і звыш 20 БПЛА.






