«Юнацтва» стала 11-разовым чэмпіёнам Беларусі па хакеі
22 красавіка, Мінск . Хакеісты сталічнага «Юнацтва» сталі ўладальнікамі Кубка Прэзідэнта за перамогу ў плэй-оф беларускай хакейнай экстралігі сезона 24/25,
Званне чэмпіёнаў Беларусі падапечныя Сяргея Стася аспрэчвалі з «Віцебскам». Па ходзе серыі да чатырох перамог мінчане ўступалі з лікам 1:3, але затым атрымалі дзве вікторыі запар і зраўнавалі лічбы ў процістаянні. Фінал Кубка Прэзідэнта дайшоў да вырашальнага сёмага матчу пяты раз у гісторыі экстралігі і трэці раз за апошнія чатыры гады. Галоўны паядынак сезона 24/25 прыняла «Чыжоўка-Арэна».
У стартавай трэці сапернікі абышліся без закінутых шайбаў, галы пасыпаліся ўжо ў пачатку другога перыяду. Спачатку кідок дакладна ў дзявятку нанёс форвард мінчан Станіслаў Кучкін, праз 40 секунд выхад рэалізаваў Уладзіслаў Дземідовіч, а яшчэ праз паўтары хвіліны Дзмітрый Колышкін скарыстаўся памылкай галкіпера гасцей і трапіў у пустыя вароты — 3:0. Незадоўга да перапынку аўтарам чацвёртай шайбы гаспадароў стаў Павел Воранаў.
У заключнай трэці віцябчане падарылі фанатам надзею, вызначыўшыся двойчы за 20 секунд: Міхаіл Лістападаў рэалізаваў большасць, яшчэ адзін дакладны кідок нанёс Яўген Астанкоў. Зрабіць камбэк паўночнікам не ўдалося, замест гэтага «мядзведзі» прапусцілі ад Паўла Кулікова, які зняў усе пытанні аб зыходзе сустрэчы. У выніку 5:2 у вырашальным матчы і 4:3 у серыі на карысць мінчан.
Рэгулярны чэмпіянат экстралігі сезона 24/25 «Юнацтва» завяршыла на першым месцы, апярэдзіўшы «Віцебск» на чатыры ачкі. У чвэрцьфінале мінчане разабраліся з аршанскім «Лакаматывам» (4:0), а ў паўфінале таксама «ўсухую» выйгралі серыю ў «Дынама-Маладзечна». Сталічны клуб заваяваў Кубак Прэзідэнта 11-ы раз у гісторыі і ўпершыню з 2021 года. У трох папярэдніх сезонах чэмпіёнам краіны станавіўся жлобінскі «Металург».