Тысячы негатываў, паўстагоддзя здымак. Юбілейная выстава фотамастака Аляксандра Ласмінскага адкрылася ў Гродне
Фота grodnonews.by 21 кастрычніка, Гродна . Фотаздымкі, зробленыя на працягу практычна паўстагоддзя, прадстаўлены на юбілейнай выставе вядомага гродзенскага фотамастака, кіраўніка заслужанага аматарскага калектыву, народнай студыі фотамастацтва «Гродна» Аляксандра Ласмінскага,
Выстава «Убачанае», прымеркаваная да 75-годдзя аўтара, уключае 214 работ. Гэта здымкі, выкананыя ў розных жанрах: партрэты, пейзажы, фотарэпартажы. Некалькі работ удалося прадэманстраваць, дзякуючы аднаўленню іх з дапамогай штучнага інтэлекту. У экспазіцыі ёсць нямала работ, ужо вядомых гродзенцам па шматлікіх выставах і фотаальбомах. Не адзін дзясятак гадоў аўтар працаваў журналістам, сённяшняя калекцыя — шмат у чым рэтраспектыва грамадскага, культурнага, дзелавога жыцця рэгіёна.
На выставе прадстаўлены фотакадры з Юрыем Левітанам, Іванам Шамякіным, Яўгенам Маргуновым, здымкі, на якіх паказана будаўніцтва БАМа, дзе Аляксандр Ласмінскі пабываў у студэнцкія гады. Побач — рэтраспектыва Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур у Гродне і парадаў у Дзень Перамогі.
«У любым узросце важна вучыцца і не адставаць ад тэхнічнага прагрэсу, — сказаў Аляксандр Ласмінскі. — Ён змяняе наша жыццё. Да юбілейнай выставы з тысяч негатываў, назбіраных больш чым за паўстагоддзя здымак, выбраў, адсканіраваў, апрацаваў самыя цікавыя кадры. Як мне сказаў адзін з калег, тут цэлая эпоха, гэта памяць і гісторыя пакаленняў. Я не лічу сябе фатографам. Гэта ўсё мая журналісцкая творчасць, а фатаграфія — унутры яе, гэта мой спосаб бачыць і трансліраваць свет. Усё, што я раблю фотаапаратам, — заўсёды з любоўю. Гэта ўсё маё, убачанае».






