Турчын прыме ўдзел у пасяджэнні Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы ў Маскве
Фота з архіва 2 лютага, Мінск . Прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын прыме ўдзел у пасяджэнні Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы ў Маскве, паведамілі ў прэс-службе ўрада. 
У гэтыя хвіліны ўрадавая дэлегацыя накіроўваецца ў Маскву.
Як чакаецца, да пачатку пасяджэння адбудзецца сустрэча Аляксандра Турчына і старшыні ўрада Расіі Міхаіла Мішусціна ў фармаце «сам-насам».
Як паведамлялі раней у Пастаянным камітэце Саюзнай дзяржавы, на парадку дня пасяджэння — абмеркаванне асноўных напрамкаў рэалізацыі палажэнняў дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, вынікі гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва Беларусі і Расіі. У шэрагу спецыяльных пытанняў — наданне прадукцыі беларускіх і расійскіх вытворцаў статусу «тавар Саюзнай дзяржавы», а таксама стварэнне прынцыпова новай структуры — Камітэта па стандартызацыі і якасці Саюзнай дзяржавы.
Асаблівую ўвагу плануецца ўдзяліць запуску чыгуначных пасажырскіх зносін паміж прыгранічнымі тэрыторыямі Беларусі і Расіі, ходу работы па выпрацоўцы стратэгіі фарміравання агульнай інфармацыйнай прасторы, а таксама рэалізацыі канцэпцыі міграцыйнай палітыкі Саюзнай дзяржавы.
Фота Віталя Піваварчыка




