Хаджаеў на пляцоўцы БРІКС выступіў за пашырэнне супрацоўніцтва краін у фармацэўтычнай сферы
Фота Міністэрства аховы здароўя 23 ліпеня, Мінск . Беларусь выступае за пашырэнне супрацоўніцтва краін БРІКС у фармацэўтычнай сферы. Аб гэтым заявіў міністр аховы здароўя Аляксандр Хаджаеў, выступаючы на шматбаковым форуме міністраў аховы здароўя БРІКС у горадзе Чандыгарх (Індыя) у рамках 16-й сустрэчы міністраў аховы здароўя краін БРІКС, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства аховы здароўя.
«Беларусь паслядоўна выступае за пашырэнне міжнароднага супрацоўніцтва, накіраванага на забеспячэнне грамадзян якаснымі, эфектыўнымі і бяспечнымі прэпаратамі», — сказаў Аляксандр Хаджаеў.
Фармацэўтычная галіна, паводле яго слоў, — адзін з флагманаў беларускай эканомікі. Сёння ў галіне працуюць 40 прадпрыемстваў, якія выпускаюць больш за 1,6 тыс. найменняў лякарстваў. «Доля айчынных прэпаратаў на ўнутраным рынку дасягнула 51,5 працэнта, і мы маем намер павялічваць гэты паказчык. Пры гэтым наша прадукцыя пастаўляецца ўжо ў 30 краін свету», — сказаў міністр, указаўшы на ключавую ролю ў развіцці фармацэўтыкі РУП «Кіруючая кампанія холдынга «Белфармпрам».
Для павышэння канкурэнтаздольнасці айчынных лекавых сродкаў вядзецца планамерная мадэрнізацыя і тэхнічнае перааснашчэнне фармацэўтычных вытворчасцей, а таксама работа па стварэнні новых, звярнуў увагу міністр.
«Усе вытворчыя ўчасткі сертыфікаваны па нацыянальных стандартах GMP, а больш як 98 працэнтаў з іх адпавядаюць строгім патрабаванням GMP Еўразійскага эканамічнага саюза. Гэта азначае, што мы гарантуем стабільнасць і бяспеку на кожным этапе — ад субстанцыі да гатовай упакоўкі», — падкрэсліў Аляксандр Хаджаеў.
Краіны БРІКС, з якімі Беларусь актыўна супрацоўнічае, у сукупнасці вырабляюць практычна поўную лінейку фармацэўтычнай прадукцыі. Напрыклад, Індыя, якая прымае ўдзельнікаў форуму, заслужана прызнана «аптэкай свету». Яе магутны прамысловы і навуковы патэнцыял дае магчымасць забяспечваць важнейшымі прэпаратамі мільёны людзей на ўсіх кантынентах.
Міністр паведаміў, што супрацоўніцтва прадпрыемстваў холдынга «Белфармпрам» з Індыяй вядзецца ў плане закупкі індыйскіх фармацэўтычных субстанцый, дапаможных рэчываў, упаковачных матэрыялаў і абсталявання для фармацэўтычнай вытворчасці, а таксама сумеснай вытворчасці лекавых прэпаратаў з партфеляў індыйскіх кампаній на беларускіх вытворчых пляцоўках.
Аляксандр Хаджаеў абазначыў вялікі патэнцыял для паглыблення ўзаемадзеяння Беларусі з краінамі БРІКС.
«Беларусь вельмі зацікаўлена ў аператыўным вывадзе на ўнутраны рынак найноўшых джэнерыкаў, здольных стаць даступнай і высокаэфектыўнай альтэрнатывай для лячэння складаных паталогій. Мы гатовы да рэалізацыі сумесных навукова-вытворчых праектаў па лакалізацыі выпуску інавацыйных прадуктаў і трансферу перадавых тэхналогій для ўмацавання лекавай бяспекі Беларусь», — сказаў ён.
У цэлым рэспубліка ўдзяляе асаблівую ўвагу развіццю сістэмы аховы здароўя, адзначыў міністр. Акцэнт робіцца на прафілактыцы захворванняў і фарміраванні здаровага ладу жыцця праз такія інструменты, як дыспансерызацыя насельніцтва, скрынінг захворванняў, а таксама развіццё іншых праграм у гэтым напрамку.
«Мы забяспечваем дастойны ўзровень медыцынскай дапамогі на ўсіх этапах — ад першаснай да высокатэхналагічнай. Укараняем інавацыйныя тэхналогіі, уключаючы тэлемедыцыну і штучны інтэлект. Умацоўваем кадравы патэнцыял шляхам падрыхтоўкі кваліфікаваных медыцынскіх работнікаў і ствараем камфортныя ўмовы для іх работы», — сказаў ён.
Звяртаючыся да ўдзельнікаў форуму, міністр заклікаў будаваць экасістэму аховы здароўя, дзе ўстойлівасць і інавацыі ідуць поплеч, а здароўе людзей застаецца галоўнай каштоўнасцю. Беларусь гатова да доўгатэрміновай, стваральнай работы на карысць здароўя і жыцця людзей, рэзюмаваў ён.
Фота Міністэрства аховы здароўя






