Танцавальны турнір «Віцебская сняжынка» збярэ амаль 500 удзельнікаў з Беларусі і Расіі
Фота з архіва 23 студзеня, Віцебск /Алена Аніськовіч . Адкрыты абласны турнір «Віцебская сняжынка» 25 студзеня збярэ амаль 500 удзельнікаў з Беларусі і Расіі. Аб гэтым паведамілі ў Віцебскай абласной федэрацыі спартыўнага танца.
«Віцебская сняжынка» пройдзе 39-ы раз. Традыцыйны конкурс па спартыўных і артыстычных танцах адбудзецца ў канцэртнай зале «Віцебск». Удзельнікі прыедуць з усіх рэгіёнаў Беларусі, а таксама Санкт-Пецярбурга, Масквы, Растова-на-Доне, Смаленска, Бранска і іншых расійскіх гарадоў. Іх узроставы дыяпазон шырокі — ад пяці гадоў да 70 плюс. Ацэньваць выступленні будуць суддзі міжнародных катэгорый альбо вышэйшых нацыянальных катэгорый з Расіі, Беларусі, Азербайджана і Грузіі. «У спаборніцтвах па артыстычным танцы будуць прадстаўлены выступленні сола, у дуэце, трыа, малых і вялікіх каманд. Стыль розны — еўрапейскі, лацінаамерыканскі, карыбскі, імправізацыя, джаз і іншыя харэаграфічныя напрамкі», — сказала старшыня Віцебскай абласной федэрацыі спартыўнага танца Наталля Таўсташава.
Яркая танцавальная падзея зімы абяцае быць неверагодна прыгожай і будзе мець сваю адметнасць. «Новаўвядзеннем гэтага спаборніцтва стане дэманстрацыя новага парнага напрамку — вельмі эфектнага і цікавага, няпростага для выканання, але перспектыўнага — American Smooth. Гасцей чакаюць паказальныя выступленні шматразовых чэмпіёнаў свету і пераможцаў Блэкпульскага танцавальнага фестывалю», — дадала Наталля Таўсташава.
Заснавальнікі і арганізатары турніру — упраўленне спорту Віцебскага аблвыканкама, Віцебская абласная федэрацыя спартыўнага танца.






