Лукашэнка на прыкладзе Кітая расказаў аб важнасці не адмаўляць спадчыну, а браць з яе лепшае
29 верасня, Мінск . Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на прыкладзе Кітая расказаў аб важнасці не адмаўляць спадчыну, а браць з яе лепшае. Адпаведныя заявы кіраўнік дзяржавы зрабіў на сустрэчы з губернатарам Ульянаўскай вобласці Расіі Аляксеем Рускіх,
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі стараюцца развіваць увесь той вытворчы патэнцыял, які застаўся з часоў Савецкага Саюза. «Мы нічога не страцілі з савецкіх часоў, нічога не закрылі, не прыкрылі. Наадварот — развівалі. І паколькі мы, як гаварыў класік, стаялі на плячах гігантаў, гэта садзейнічала захаванню таго, што мы сёння маем. Гэта важна для любой дзяржавы, — сказаў Прэзідэнт. — І тут для нас вельмі паказальны Кітай. Мы дружныя з Сі Цзіньпінам, часта з ім абмяркоўваем гэту тэму. І ён мне аб гэтым часта гаворыць, што нічога (у Кітаі. — Заўвага ) не адмаўлялі: ні перыяд Маа Цзэдуна, ні Дэн Сяапіна, нікога. Яны бралі ўсё лепшае. Ну і паглядзіце вынік развіцця КНР. Гэта — вядучая эканоміка свету, вядучая краіна, з якой усе вымушаны лічыцца. Любіш, не любіш Кітай, як амерыканцы, а лічыцца даводзіцца».
«Таму не трэба адмаўляць і адкідаць тое, што было. Трэба спрабаваць выкарыстоўваць і развіваць гэта. Вось у гэтай частцы мы ў сім-тым дасягнулі поспеху», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт на сустрэчы згадаў і агульныя гістарычныя старонкі паміж Беларуссю і Расіяй. І, у прыватнасці, пра савецкі перыяд, заснавальніка і першага кіраўніка СССР Уладзіміра Леніна (Ульянава), у гонар якога і атрымала назву Ульянаўская вобласць.
«Я ўсё ж такі як чалавек старой фармацыі (ведаю, і вы не вельмі адмаўляеце ўсё тое, што было ў нашай гісторыі) прыхільны да таго — гэта факт — кіраўніком нашай дзяржавы быў Уладзімір Ільіч Ульянаў. І пры ўсіх недахопах, памылках, а ў Беларусі ёсць, да чаго прад’явіць прэтэнзіі перыяду яго пачатку дзейнасці, тым не менш мы вельмі чула і ўважліва ставімся да гэтай асобы», — заявіў кіраўнік дзяржавы. 





