Танцавальная ўверцюра, цыркавое шоу, рок-хіты. Якім будзе 35-ы «Славянскі базар у Віцебску»
12 чэрвеня, Віцебск . Харэаграфічны пралог, рок-хіты, сольнікі на стадыёне, Кубак гумару і адкрыццё новых талентаў — якая будзе праграма XXXV Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», БЕЛТА расказаў генеральны дырэктар Цэнтра культуры «Віцебск», дырэктар Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» Глеб Лапіцкі.
Ён адзначыў, што 16 ліпеня зноў заззяе яркі васілёк «Славянскага базару ў Віцебску», калі 35-ы раз адбудзецца ўрачыстае адкрыццё культурнага форуму. Многія спрачаюцца, чаму ў эмблемы фестывалю пяць пялёсткаў. «Гэта не жанры, як мяркуюць. Наш фестываль умяшчае іх значна больш. Мы сёлета палічылі і набралі 14 жанраў, але, магчыма, іх нават больш. Пяць пялёсткаў фестывальнага васілька – гэта прадстаўнікі пяці кантынентаў, якія пабывалі ў нас. Удзельнікі больш як 80 краін амаль за 35 гадоў прымалі ўдзел у «Славянскім базары». Будуць і новыя краіны, але пра гэта мы скажам на самім фестывалі», — сказаў Глеб Лапіцкі.
У мінулым годзе віцебскі культурны форум наведалі больш за 400 тыс. гледачоў. «Думаю, што ў гэтым годзе будзе чарговы рэкорд. Прынамсі сярод удзельнікаў фестывалю — іх будзе больш за 7 тыс. Мы чакаем удзельнікаў з больш як 40 краін свету. Тое ж датычыцца і прадстаўнікоў СМІ, уключаючы замежных журналістаў, іх таксама заяўлена на акрэдытацыю больш», — праінфармаваў дырэктар фестывалю.
Ён спыніўся больш падрабязна на праграме «Славянскага базару». «Галоўная канцэртная пляцоўка фестывалю, Летні амфітэатр, прыме восем гала-шоу — вялікіх, магутных. Сёлета мы замахнуліся на вельмі складаны жанр, які не з’яўляецца, напэўна, у шырокім сэнсе масавым, але, думаю, гледачы адгукнуцца на яго. Мы ўпершыню робім вялікае харэаграфічнае дзейства «Танцуй, славянская душа». Мы аб’яднаем на сцэне Летняга амфітэатра танцы 13 славянскіх народаў. Гледачы ўбачаць танцы ў выкананні беларускіх калектываў. Да нас прыязджае нацыянальны харэаграфічны ансамбль Сербіі. І, вядома, самым вялікім упрыгажэннем будзе легендарны ансамбль Ігара Майсеева, які пакажа лепшыя творы», — сказаў Глеб Лапіцкі, адзначыўшы, што харэаграфічнае шоу стане ўверцюрай фестывалю і пройдзе 15 ліпеня.
Цырымонія адкрыцця «Славянскага базару» адбудзецца 16 ліпеня, а на наступны дзень у Летнім амфітэатры гледачы ўбачаць гала-канцэрт артыстаў Саюзнай дзяржавы. «Можна ўжо з упэўненасцю сказаць, што гэта будзе эксперыментальны канцэрт. Летась мы злучылі два прэзідэнцкія аркестры. Сёлета мы злучым два эстрадна-сімфанічныя калектывы — гэта беларускі Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр імя Міхаіла Фінберга і расійскі «Фанограф-Сімфа-Джаз» Сяргея Жыліна. Кіраваць гэтым калектывам будуць два дырыжоры — расіянін Сяргей Жылін і беларус Максім Расоха», — растлумачыў Глеб Лапіцкі.
У ноч на 18 ліпеня ў Летнім амфітэатры гледачы ўбачаць любімых зорак на канцэрце «Залаты хіт», а ўжо днём тут чарговы раз сыдуцца ў гумарыстычнай бітве каманды КВЗ. На гэты раз за кубак «Славянскага базару» будуць змагацца беларуская каманда «Доктар Хаус», «Барцы» з Сургута і каманда «Рэгіёны». Таксама 18 ліпеня пройдзе першы конкурсны дзень для маладых выканаўцаў эстраднай песні. У гэтым годзе конкурс будзе як ніколі яркі. У першы дзень выканаюць сусветныя хіты. У другім аддзяленні гэтага канцэрта на сцэну выйдзе са сваім новым шоу Ані Лорак. У нядзелю, 19 ліпеня, на канцэрце закрыцця традыцыйна пройдзе і другі этап песеннага дарослага конкурсу. Прэтэндэнты на Гран-пры ў суправаджэнні Прэзідэнцкага аркестра Беларусі будуць выконваць славянскія хіты. Таксама на сцэну выйдуць зоркі айчыннай і замежнай эстрады», — адзначыў Глеб Лапіцкі.
На заканчэнне фестывалю чакаецца традыцыйны праект «ШансонТБ — усе зоркі», які 20 ліпеня завершыць праграму «Славянскага базару».
Гендырэктар ЦК «Віцебск» расказаў і аб праектах на іншых фестывальных пляцоўках. «Віцебскі цэнтральны спартыўны комплекс – гэта пляцоўка, якая ў мінулым годзе нарабіла шмат шуму ў прамым і пераносным сэнсе гэтага слова. Мы абзавяліся яшчэ адной пляцоўкай, якая нават большая па ўмяшчальнасці, чым Летні амфітэатр. Там у гэтым годзе пройдзе сем шоу. Гэта будзе рок, мы сабралі вельмі шаноўны рок-склад — гэта наш Пётр Ялфімаў са сваёй групай «Ялфімаў», гэта «Чыж і Кампанія» і група «Пікнік». Яны прадставяць тры паўнацэнныя сэты. Акрамя таго, пасля адкрыцця «Славянскага базару» ў ВЦСК свята прадоўжыцца дыскатэкай, дзе прагучаць лепшыя хіты ў выкананні Таццяны Буланавай, Шуры і іншых артыстаў», — падкрэсліў Глеб Лапіцкі.
Таксама на стадыёне пройдуць сольнікі Алега Газманава, Уладзіміра Праснякова і Рыгора Лепса.
Канцэртная зала «Віцебск» прыме 15 праектаў, у тым ліку дзіцячы музычны конкурс. Сярод навінак гэтай пляцоўкі — цыркавое шоу ў рамках дзён Саюзнай дзяржавы. На яго запросяць у тым ліку хлопчыкаў і дзяўчынак з сацыяльных прытулкаў, сем’яў, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі, а таксама выдатнікаў вучобы, пераможцаў прадметных алімпіяд, спартыўных спаборніцтваў з розных куткоў краіны.
Асноўныя мерапрыемствы XXXV Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» пройдуць з 16 па 19 ліпеня.






