Шантаровіч пра Кубак мацнейшых: з першых заездаў зразумеў, што выступім дастойна
Уладзімір Шантаровіч. Фота sport5.by 23 чэрвеня, Мінск . Старшы трэнер зборнай Беларусі па веславанні на байдарках і каноэ Уладзімір Шантаровіч падвёў вынікі Кубка мацнейшых спартсменаў, які завяршыўся ў Заслаўі,
Удзел у міжнародным турніры прынялі лепшыя весляры з Беларусі, Расіі, Казахстана, Узбекістана і Кітая. Нашы спартсмены заваявалі на дамашнім канале 45 узнагарод — 19 залатых, 17 сярэбраных і 9 бронзавых. З 23 фіналаў Кубка беларусы не выйгралі толькі чатыры.
«Вынік, з аднаго боку, чаканы, але ў той жа час мы не ведалі аб сваім стане ва ўмовах спаборніцтваў, да гэтага ўсё было ў трэніровачным рэжыме. Вельмі шмат сілавой работы спартсмены правялі зімой, і як толькі пачаліся першыя заезды, мне стала зразумела, што наша выступленне будзе паспяховым, — сказаў Шантаровіч. — Уражаннямі па арганізацыі ў Заслаўі стабільна добрыя. Для мяне Беларусь і Расія — гэта заўсёды прыклад для пераймання, калі ўжо мы бяромся праводзіць такія старты, то робім гэта добра. Хіба толькі ўмовы надвор’я маглі быць лепшымі, вецер скорасцю 8 м/с — гэта сур’ёзна. Тут паўстала пытанне псіхалогіі: вытрымаюць весляры ці не. Я ж упэўнены, што воін, які ўступае ў бой з ветрам, павінен толькі расцвітаць».
Таксама спецыяліст адзначыў, што Кубак мацнейшых спартсменаў стаў адным з праверачных турніраў перад асноўнымі стартамі сезона. «Далей нас чакае чэмпіянат Беларусі, пасля якога мы паўтара месяца будзем рыхтавацца да чэмпіянату свету. Яшчэ раз паўторым усе кампаненты дома, а ў Італіі пастараемся дастойна выступіць — як і заўсёды. Пачаўся новы алімпійскі цыкл, у нашай каманды праглядаюцца пэўныя штрыхі да наступных Гульняў, у многіх краін ідзе змена пакаленняў, таму будзе цікава».
Чэмпіянат Беларусі па веславанні на байдарках і каноэ пройдзе ў Заслаўі з 7 па 13 ліпеня. У перыяд з 23 па 27 ліпеня ў партугальскім Мантэмор-у-Велью адбудзецца юнацкае і маладзёжнае першынство планеты, а чэмпіянат свету з 20 па 24 жніўня прыме Мілан.