Сергяенка: усе дэпутаты Палаты прадстаўнікоў сёння працуюць у сваіх выбарчых акругах
Ігар Сергяенка 5 студзеня, Браслаўскі раён . Усе дэпутаты Палаты прадстаўнікоў сёння працуюць у сваіх выбарчых акругах, паведаміў журналістам старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка пасля сустрэчы з актывам Браслаўскага раёна, на якой ішла размова аб зацверджанай у час Усебеларускага народнага сходу Праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на наступную пяцігодку,
«Усе дэпутаты Палаты прадстаўнікоў сёння працуюць у сваіх выбарчых акругах. Праводзяць сустрэчы з працоўнымі калектывамі па пытаннях Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця нашай краіны на наступную пяцігодку, якая прынята Усебеларускім народным сходам. Прымаюць удзел у акцыі «Ад усёй душы», — сказаў Ігар Сергяенка.
Сам жа старшыня Палаты прадстаўнікоў сёння працуе ў сваёй выбарчай акрузе ў Браславе. Перад сустрэчай з актывам раёна, якая прайшла ў Браслаўскай гімназіі імя Героя Савецкага Саюза І.М.Валчкова, спікер наведаў Браслаўскі сацыяльны пансіянат «Азёрны» ў вёсцы Заборныя Гумны Браслаўскага раёна, у якім знаходзяцца 107 чалавек.
Падводзячы вынікі наведвання пансіяната, Ігар Сергяенка заўважыў, што такіх дзяржаўных устаноў у Беларусі 89, у іх знаходзяцца 20 тыс. чалавек. Акрамя таго, ёсць 18 прыватных пансіянатаў.
Пастаяльцам «Азёрнага» старшыня Палаты прадстаўнікоў разам з кіраўніцтвам Браслаўскага раёна ўручыў салодкія падарункі, павіншаваўшы іх са святамі. Ігар Сергяенка пагутарыў з людзьмі, якія знаходзяцца ва ўстанове, паглядзеў умовы іх пражывання.
«На прыкладзе гэтага пансіяната можна сказаць, што (аказваецца. — Заўвага ) сур’ёзная сацыяльная падтрымка людзям, якія па розных жыццёвых прычынах трапілі ў цяжкую сітуацыю, засталіся адны. Дзяржава іх не кінула сам-насам са сваімі праблемамі, а дае магчымасць жыць даволі актыўным жыццём», — адзначыў Ігар Сергяенка, звярнуўшы ўвагу на тое, што пансіянат «Азёрны» мае і прысядзібны ўчастак.
«Сапраўды, умовы знаходжання камфортныя», — падкрэсліў ён.
Гаворачы аб другой частцы рабочай паездкі — сустрэчы з актывам Браслаўскага раёна, старшыня Палаты прадстаўнікоў адзначыў, што абмеркаваны пытанні рэалізацыі Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на пяцігодку па сямі вылучаных прыярытэтах, у тым ліку з прывязкай да жыцця гэтага раёна, патэнцыял якога дастаткова высокі. Ён растлумачыў, што мае на ўвазе развіццё і турызму, і прадпрымальніцтва, і прамысловага сектара.
Разам з тым указаў на неабходнасць больш плённай работы сельскай гаспадаркі. У раёне «фактычна адно буйное сельскагаспадарчае прадпрыемства, якое выконвае пастаўленыя задачы, таму падцягвацца трэба», адзначыў ён.
«Вынікі мінулага года падведзены, гэта значыць, пэўная база створана», — сказаў Ігар Сергяенка. Звярнуўшыся да слоў кіраўніка дзяржавы, падкрэсліў, што цяпер час канкрэтных спраў. «Канкрэтнымі справамі мы павінны напоўніць жыццё рэгіёнаў», — рэзюмаваў ён.






