Сэрца на далоні эпохі. Да 105-годдзя з дня нараджэння Івана Шамякіна
Іван Шамякін. Фота з архіва 30 студзеня, Мінск . Сёння спаўняецца 105 гадоў з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі, лаўрэата шматлікіх прэмій Івана Шамякіна. Ён з’яўляецца адным з буйнейшых празаікаў Беларусі ХХ стагоддзя, якому ўдалося з небывалай мастацкай сілай і маральнай глыбінёй паказаць лёс простага чалавека на фоне драматычных падзей гісторыі — вайны, пасляваеннага аднаўлення і духоўных выпрабаванняў часу.
Іван Пятровіч Шамякін нарадзіўся 30 студзеня 1921 года ў вёсцы Карма Гомельскага павета Гомельскай губерні (цяпер Добрушскі раён Гомельскай вобласці) у сям’і лесніка.
Скончыў Гомельскі тэхнікум будаўнічых матэрыялаў. Яшчэ ў час вучобы пачаў пісаць вершы, удзельнічаў у пасяджэннях літаратурнага аб’яднання пры газеце «Гомельская праўда». У ёй былі апублікаваны яго першыя паэтычныя творы.
У 1940 годзе быў прызваны ў армію, служыў у зенітна-артылерыйскай часці пад Мурманскам. У час Вялікай Айчыннай вайны ваяваў на Карэльскім фронце, удзельнічаў у баях пад Мурманскам, у вызваленні Польшчы. Вызначыўся воінскай доблесцю і немалымі арганізатарскімі здольнасцямі, аб чым сведчаць баявыя ўзнагароды. Заканчэнне вайны Іван Шамякін сустрэў на Одэры ў афіцэрскім званні.
Пасля дэмабілізацыі працаваў настаўнікам у вясковай школе. У свабодны час пісаў свае творы. У 1946 годзе Шамякін паступіў на завочнае аддзяленне Гомельскага педагагічнага інстытута імя Чкалава. Пазней скончыў Рэспубліканскую партыйную школу пры ЦК КП(б)Б і ў хуткім часе пераехаў у Мінск. Быў назначаны старшым рэдактарам Беларускага дзяржаўнага выдавецтва, а затым — галоўным рэдактарам альманаха «Советская Отчизна».
Шмат гадоў Іван Шамякін працаваў у кіраўніцтве Саюза пісьменнікаў БССР. У 1963 годзе ўваходзіў у склад беларускай дэлегацыі на XVIII сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР, узначальваў Вярхоўны Савет БССР (1971-1985). У 1980-1992 гадах быў галоўным рэдактарам выдавецтва «Беларуская савецкая энцыклапедыя імя П.Броўкі».

Багаты жыццёвы вопыт, набыты ў час Вялікай Айчыннай вайны, стаў адной з ключавых тэм яго творчасці. Неўміручыя подзвігі равеснікаў назаўсёды захаваны ў творах пісьменіка. Яго дэбютнае апавяданне «У снежнай пустыні», прысвечанае ваенным будням, было напісана ў 1944 годзе, але апублікавана толькі ў 1946 годзе. Пра падзеі ваеннага ліхалецця і аповесць «Помста», напісаная ў 1945 годзе і апублікаваная ў часопісе «Полымя».
Па раманах і аповесцях Івана Шамякіна можна прасачыць ваенную і пасляваенную гісторыю нашай краіны. Усенародная барацьба супраць фашысцкіх захопнікаў стала тэмай і першага рамана Шамякіна «Глыбокая плынь». Напісаны ў канцы 1940-х гадоў твор быў высока ацэнены чытачамі і крытыкамі. Пяру Івана Шамякіна належыць і самы маштабны ў беларускай літаратуры твор пра вайну — пенталогія «Трывожнае шчасце», дзе лёсы герояў звязаны з лёсам цэлага пакалення, якое перажыло цяжкія выпрабаванні вайны.

Іван Шамякін заўсёды трымаў руку на пульсе часу. Для сваіх твораў ён выбіраў актуальныя тэмы, якія хвалююць грамадства, з усёй сілай таленту і абвостранага грамадзянскага пачуцця выяўляў найважнейшыя сацыяльныя і маральна-этычныя праблемы сучаснасці. Раманы «Крыніцы», «Сэрца на далоні», «Снежныя зімы», «Атланты і карыятыды», «Вазьму твой боль» і іншыя кнігі пісьменніка ўвайшлі ў залаты фонд беларускай літаратуры. Да ліку твораў, закранаючых значныя тэмы, адносіцца і гістарычны раман «Вялікая княгіня», што ўздымае праблему вяртання да Бога.
Шамякін таксама з’яўляецца аўтарам літаратурна-крытычных артыкулаў, успамінаў, партрэтаў і дзённікавых запісаў. Дастойнае месца ў спадчыне Івана Пятровіча займаюць напісаныя ім п’есы «Не верце цішыні», «Экзамен на восень» і інш.
Паводле твораў пісьменніка створаны кінафільмы і тэатральныя пастаноўкі. Экранізаваны аповесці «Шлюбная ноч», «Гандлярка і паэт», раманы «Атланты і карыятыды», «Вазьму твой боль» і інш.
Творчасць пісьменніка атрымала ўсенароднае прызнанне і любоў як у Беларусі, так і за яе межамі. Іван Пятровіч Шамякін напісаў 12 раманаў, 26 аповесцей, 10 п’ес, больш за 80 апавяданняў, вялікую колькасць артыкулаў, нарысаў, кінасцэнарыяў. У свет выйшлі 130 яго кніг на 30 мовах агульным тыражом больш за 25 млн экзэмпляраў.
Заслугі пісьменніка адзначаны многімі дзяржаўнымі ўзнагародамі. У 1972 годзе за вялікі ўклад у развіццё літаратуры Івану Пятровічу Шамякіну прысвоена званне народнага пісьменніка БССР. У 1981 годзе ён удастоены звання Героя Сацыялістычнай Працы. Шамякін з’яўляецца лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі СССР, Літаратурнай прэміі імя Я.Коласа, Дзяржаўнай прэміі БССР імя Я.Коласа, Літаратурнай прэміі Міністэрства абароны СССР, Дзяржаўнай прэміі БССР у галіне тэатральнага мастацтва і кінематаграфіі, радыё- і тэлебачання, прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва, узнагароджаны ордэнамі і медалямі. У 1994 годзе стаў акадэмікам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Памёр Іван Пятровіч Шамякін у 2004 годзе. Пахаваны на Усходніх могілках у Мінску.
Імем пісьменніка названы вуліцы ў Мінску, Гомелі, Смалявічах, Фаніпалі. У сталіцы на фасадзе дома нумар 11 па вуліцы Янкі Купалы ўстаноўлена мемарыяльная дошка. У гэтым доме Шамякін пражыў 35 гадоў. На малой радзіме пісьменніка ў вёсцы Карма Добрушскага раёна ў 2006 годзе быў устаноўлены бюст. Яго імем названы Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт. У 2014 годзе быў выдадзены першы навукова каменціраваны збор твораў Івана Шамякіна ў 23 тамах. Пра таленавітага пісьменніка зняты дакументальныя фільмы «Пакуль ёсць сіла» і «Імгненні жыцця». У 2022 годзе ў час Дня беларускага пісьменства ў Добрушы Гомельскай вобласці адкрыты помнік Шамякіну.
Іван Пятровіч быў і застаецца сапраўды народным пісьменнікам, чыё слова стала фундаментам сучаснай беларускай культуры. Яго спадчына — гэта люстэрка, у якім адлюстравана цэлая эпоха. Ён пакінуў нам не проста кнігі, а сапраўдны летапіс людскіх душ. Шамякін навучыў нас любіць сваю зямлю і цаніць мір, які дастаўся такой дарагой цаной. Яго «Сэрца на далоні» па-ранейшаму б’ецца ва ўнісон з нашымі сэрцамі, нагадваючы, што ў любы час самым важным застаецца ўменне чуць іншага і берагчы сваю чалавечнасць.






