Сацыялагічнае даследаванне чаканняў грамадства ад будучай пяцігодкі правядуць у Беларусі
4 красавіка, Мінск . Пры арганізацыйнай падтрымцы Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (БІСД) у нашай краіне пачынаецца маштабнае сацыялагічнае даследаванне «Чаканні грамадства і прыярытэты развіцця на будучую пяцігодку»,
«Па даручэнні прэм’ер-міністра БІСД выступае ў якасці арганізатара і курыруе сацыялагічнае даследаванне, задачай якога з’яўляецца вывучэнне грамадскай думкі, звязанай з фарміраваннем праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2026-2030 гады. Мы акунаемся ў гэту тэматыку не столькі з эканамічнага пункту гледжання, колькі чаканняў грамадства. На гэта жа накіраваны праект «Народная пяцігодка». У канцы мінулага года Штаб патрыятычных сіл Беларусі запусціў гэты праект. Арганізатары атрымалі да 3 тыс. прапаноў па паляпшэнні жыцця краіны. Мы гэты праект хочам прадоўжыць, вывесці на новы ўзровень і ствараем для гэтага неабходную інфраструктуру», — расказаў на прэс-канферэнцыі дырэктар БІСД Алег Макараў.
Ён адзначыў, што раней для стварэння праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця ніколі такія даследаванні не праводзіліся. «Урад упершыню прымяняе гэты інавацыйны падыход да фарміравання дарожнай карты пяцігадовага плана развіцця краіны», — падкрэсліў дырэктар БІСД.
Даследаванне будзе праводзіцца 4-21 красавіка. Яно будзе складацца з традыцыйнага пакватэрнага апытання і апытання на анлайн-платформе Меркаванне.бел. Непасрэдна апытанні пройдуць з 4 па 16 красавіка. Таксама ў рэзультаты даследавання ўвойдзе абагульненне прапаноў грамадзян, якія паступяць на анлайн-пляцоўку «Народная пяцігодка».
Загадчыца кафедры эканамічнай сацыялогіі і псіхалогіі прадпрымальніцкай дзейнасці, кіраўнік Цэнтра сацыяльна-гуманітарных даследаванняў БДЭУ Ірына Лашук расказала, як будзе праходзіць апытанне. «Наша выбарка рэпрэзентатыўная па полу, узросце, рэгіёне пражывання, тыпе населенага пункта. Гэта значыць, што будзе прадстаўлена меркаванне ўсіх жыхароў рэспублікі, гарадское і сельскае насельніцтва. У кожным рэгіёне ажыццяўляецца адбор населеных пунктаў у залежнасці ад колькасці насельніцтва. У нас строга разлічаная выбарка ў адпаведнасці з перапісам насельніцтва 2019 года. Ужо раздрукаваны ўсе анкеты, мы іх раздадзім інтэрв’юерам, і з заўтрашняга дня яны пачнуць работу. Пасля збору інфармацыі, яна паступае да нас у цэнтр, дзе пройдзе ўвод даных, іх лагічная, матэматычная і статыстычная праверка. Далей інфармацыя паступіць у БІСД. Даныя абагульняць, ператвораць іх у канкрэтныя прапановы, якія будуць улічвацца пры распрацоўцы і зацвярджэнні праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на бліжэйшую пяцігодку», — адзначыла яна.
Ірына Лашук дадала, што афлайн-апытанне прадугледжвае ўдзел 1,5 тыс. рэспандэнтаў. Акрамя таго, не менш як 25 тыс. чалавек будуць апытаны анлайн.
Пра асаблівасці анлайн-апытання расказала таксама аналітык БІСД Кацярына Разанава: «Анлайн-апытанне будзе ідэнтычнае рэспубліканскаму апытанню ў афлайн-фармаце. Мы будзем пытацца ў рэспандэнтаў аб дэмаграфічнай бяспецы, інавацыях у прамысловасці, аграпрамысловым комплексе, жыллёвай палітыцы. Не абмінём і пытанні, звязаныя з добраўпарадкаваннем тэрыторыі, а таксама камунікацыі паміж органамі ўлады і насельніцтвам».
Больш падрабязна на пытанні вывучэння прапаноў грамадзян на анлайн-платформе «Народная пяцігодка» спынілася аналітык БІСД Кацярына Рэчыц. «Платформа, па сутнасці, з’яўляецца лагічным працягам праводзімых напярэдадні Усебеларускага народнага сходу дыялогавых пляцовак і збору прапаноў грамадзян пры фарміраванні праекта абноўленай Канстытуцыі. Таму заканамерным з’яўляецца яе задзейнічанне пры падрыхтоўцы канцэпту праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на бліжэйшую пяцігодку. Перавага платформы для карыстальнікаў у тым, што яна простая, даступная, можна ананімна на абсалютна любую тэматыку напісаць сваё меркаванне. Нейкіх загадзя сфармуляваных пытанняў няма. Гэта дае магчымасць выявіць не толькі грамадскую думку, але і тыя прапановы і ініцыятывы, якія накіраваны на дасягненне ідэальнага вобраза будучыні. Самае галоўнае — удзельнічаючы ў гэтай платформе, грамадзяне павышаюць сваю сацыяльную актыўнасць, матываванасць, ініцыятыўнасць і адказнасць, прыналежнасць да будучыні сваёй краіны», — адзначыла аналітык.