Прыгарадныя паязды пачалі курсіраваць паміж Беларуссю і Расіяй
Фота з архіва 2 красавіка, Мінск . У дзень 30-годдзя яднання народаў Беларусі і Расіі запушчаны рух прыгарадных пасажырскіх паяздоў па маршрутах Смаленск — Орша і Смаленск — Віцебск,
Старт руху па першым маршруце дадзены ў рэжыме тэлемоста з удзелам міністра транспарту і камунікацый Беларусі Аляксея Ляхновіча і начальніка БЧ Валерыя Вярэніча. Ва ўрачыстай цырымоніі з расійскага боку прынялі ўдзел намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Расіі Максім Арэшкін, віцэ-прэм’ер Віталь Савельеў, кіраўнік Мінтранса Андрэй Нікіцін і гендырэктар РЧ Алег Белазёраў.
«Запуск прыгранічных чыгуначных маршрутаў паміж Расіяй і Беларуссю — гістарычнае для Саюзнай дзяржавы рашэнне. Гэта важны крок для стварэння адзінай транспартнай сістэмы нашых краін і павышэння якасці жыцця людзей. Мы эканомім самы каштоўны рэсурс пасажыраў — час. Раней аналагічны шлях паміж Віцебскам і Смаленскам займаў да пяці гадзін. Цяпер — дзве гадзіны. Рабіць перасадку на граніцы больш не трэба. Пасажыраў будуць перавозіць сучасныя камфартабельныя электрапаязды, у далейшым — «Ластаўкі» і «Фіністы», — сказаў Андрэй Нікіцін. — Перакананы, што колькасць сумесных праектаў Беларусі і Расіі ў сферы транспарту будзе толькі пашырацца».
Паводле яго слоў, Смаленск і Оршу звяжуць дзве пары паяздоў у дзень з адной дадатковай у летні час, паміж Віцебскам і Смаленскам будзе курсіраваць ад адной да трох пар за суткі ў залежнасці ад пары года, святочных і выхадных дзён.
Начальнік Беларускай чыгункі адзначыў, што сёння адкрываецца новая глава супрацоўніцтва ў развіцці пасажырскіх перавозак у напрамку Беларусь — Расія. «Чыгунка больш чым проста транспарт — яна злучае гарады, лёсы, эканомікі і культуры. Гэта шлях да родных, блізкіх, сяброў, да новых магчымасцей. Сёння паяздоў, якія звязваюць Беларусь і Расію, становіцца яшчэ больш. Гэта прыклад сапраўды братэрскіх адносін паміж нашымі народамі. Упэўнены, што новыя маршруты стануць запатрабаванымі, любімымі і па-сапраўднаму народнымі. Нашы грамадзяне павінны мець магчымасць камфортна, бесперашкодна і па даступнай цане перамяшчацца не толькі паміж сталіцамі, але і паміж рэгіёнамі Беларусі і Расіі. Запуск руху паяздоў стане драйверам развіцця эканамічных узаемаадносін паміж Смаленскай і Віцебскай абласцямі, росту дзелавой актыўнасці, павышэння мабільнасці насельніцтва і ўсё больш цеснай культурнай інтэграцыі нашых братэрскіх народаў. Дзякуючы нашым паяздам стане яшчэ прасцей наведваць важнейшыя культурныя падзеі суседніх абласцей», — падкрэсліў Валерый Вярэніч.






