Культура

Прэм’еру спектакля «Мыйдадзір» на беларускай мове сёння ў Віцебску прадставіць «Лялька»

1 ліпеня, Віцебск /Алеся Пушнякова . Беларускі тэатр «Лялька» прадставіць 1 ліпеня юным гледачам прэм’еру спектакля «Мыйдадзір», паведамілі ва ўстанове культуры.

У пастаноўцы новага спектакля ўпершыню задзейнічалі кіраўніка заслужанага калектыву Беларусі народнага тэатра-студыі сучаснай харэаграфіі Дзіяну Юрчанка. Яна з’яўляецца харэографам многіх мерапрыемстваў «Славянскага базару ў Віцебску», а на гэты раз паспрабавала сябе ў якасці рэжысёра лялечнага спектакля, дадаўшы ў яго і танцавальныя элементы.

Для новай пастаноўкі быў узяты ўжо гатовы варыянт перакладу на беларускую мову твора Карнея Чукоўскага, зроблены пісьменнікам, паэтам і перакладчыкам Алесем Якімовічам. Тых, хто ведае гэты верш на памяць у рускай версіі, чакае нямала адкрыццяў.

Вядомая кожнаму з дзяцінства гісторыя паўстае перад гледачамі ў цікавай інтэрпрэтацыі і з’яўляецца ўрокам не толькі асабістай гігіены, але і экалагічна дружалюбных паводзін. Напрыклад, героі паказваюць, што нельга кідаць смецце міма урны, інакш кучы смецця могуць ажыць і пачаць праследаваць цябе. Ды і сустрэчу з мылам і мачалкай таксама не варта адкладаць на потым, а то яны паскардзяцца ўмывальнікаў начальніку, і той вельмі сур’ёзна пагаворыць з няўмытым дзіцем, што чарнейшае за камінара.

Ва ўстанове культуры расказалі, што прэм’еру рыхтавалі ў сціслы тэрмін, гэтак жа як і стваралі лялькі ў даволі паскораным рэжыме. Кіраўніцтва тэатра зрабіла стаўку на маладых артыстаў — выпускнікоў Віцебскага дзяржаўнага каледжа культуры і мастацтваў. Дзякуючы іх энергіі спектакль атрымаўся дынамічным, яркім і насычаным. У фінале нават можна пачуць рэп. Артысты таксама ўключылі ў пастаноўку элементы інтэрактыўных гульняў. Якія менавіта — пра гэта наведвальнікі «Лялькі» даведаюцца, калі пабываюць сёння на прэм’ерных паказах.

Новы спектакль увойдзе ў пастаянную праграму Беларускага тэатра лялек. Ва ўстанове культуры рэкамендуюць сачыць за афішай, каб не прапусціць яе.

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.

Кнопка «Наверх»