Культура

Прэм’ера оперы «Арлеанская дзева» адбылася ў Вялікім тэатры Беларусі

18 чэрвеня, Мінск . Прэм’ера оперы Чайкоўскага «Арлеанская дзева» адбылася ў Вялікім тэатры Беларусі,

Опера «Арлеанская дзева» ўпершыню прагучала на сцэне Вялікага тэатра Беларусі. Яе рэжысёрам-пастаноўшчыкам выступіў адзін з самых яркіх прадстаўнікоў сучаснай сусветнай опернай рэжысуры Георгій Ісаакян.

Дырыжор-пастаноўшчык оперы «Арлеанская дзева», народны артыст Башкортастана, мастацкі кіраўнік Вялікага тэатра Беларусі Арцём Макараў падкрэсліў, што не кожны тэатр можа дазволіць сабе паставіць «Арлеанскую дзеву». Адна з асноўных прычын, чаму яе рэдка можна ўбачыць на тэатральнай сцэне — вельмі высокія патрабаванні да выканаўцаў роляў галоўных герояў, перш за ўсё да выканаўцы ролі Жанны д’Арк. Яе партыя вельмі складаная вакальна, патрабуецца шырокі дыяпазон.
«Вядома, шмат што залежыць ад пастаноўкі. Не буду раскрываць сакрэты, але ў нас сучаснае прачытанне оперы, таму кожны ўбачыць свой спектакль. Усё сышлося, каб паставіць яе ў Беларусі.Тут ёсць выдатныя спевакі і спявачкі, аркестр і хор. Мы ведаем, што ў гэтай оперы вельмі складаныя і вялікія харавыя сцэны, з якімі справіцца не ўсякі хор. Але мне здаецца, што наш калектыў спраўляецца з творчымі задачамі калі не на 100, то на 99 працэнтаў», — адзначыў Арцём Макараў.

«Акрамя таго, я думаю, што гледачоў зацікавіць незвычайнае сцэнічнае рашэнне. Не скрою, гэта было няпроста ўвасобіць. Усё было падрыхтавана за даволі кароткі тэрмін, і нават яшчэ ўчора рабіліся нейкія рэчы. Магчыма, у гісторыі тэатра не было такіх маштабных дэкарацый. Мы стараліся дакладна, амаль у натуральную велічыню паказаць цэрквы і храмы, зрабіць так, каб глядач адчуў усю атмасферу. Вядома, важную ролю адыграла святло. Гэта запатрабавала вялікіх сіл», — дадаў Арцём Макараў.
Паводле яго слоў, у рэпертуары аркестра Вялікага тэатра значная колькасць складаных спектакляў, і вывучэнне новай партытуры толькі выклікала цікавасць аркестра да развіцця. Арцём Макараў адзначыў, што менавіта па яго прапанове ў якасці рэжысёр-пастаноўшчыка оперы запрасілі Георгія Ісаакяна, народнага артыста Расіі, мастацкага кіраўніка Маскоўскага дзяржаўнага акадэмічнага дзіцячага музычнага тэатра імя Н.І.Сац. Яны перыядычна перасякаюцца на розных сцэнах на працягу 15 гадоў і заўсёды імкнуцца здзівіць публіку.

Георгій Ісаакян прызнаўся, што для яго самае невыноснае — гэта сумуючыя гледачы. «Мы прыклалі максімум намаганняў для таго, каб глядач сядзеў на краі крэсла і баяўся прапусціць хаця б адну секуду. Нам хочацца рэканструяваць тое адчуванне, якое было 150 гадоў таму, калі ўсе бачылі і чулі гэту оперу першы раз. Хочацца, каб глядач думаў і суперажываў», — дадаў рэжысёр.

«Мне здаецца, што гэта мы можам рабіць толькі побач з людзьмі, з якімі сябе ідэнтыфікуем. У кожны час хочацца бачыць свайго сучасніка. Таму сёння мы таксама бачым сучасную дзяўчыну, якая спрабуе адчуць, што такое быць святой Жаннай, як перажыць яе шлях і прынесці сябе ў ахвяру», — растлумачыў Георгій Ісаакян.

На думку мастака-пастаноўшчыка оперы Аляксея Трагубава, які займаўся сцэнаграфіяй і касцюмамі, у Вялікім тэатры працуюць надзвычай тонкія і чулыя прафесіяналы, якія дапамаглі прывесці яго ідэі ў рэальнасць. Акрамя таго, тут знаходзяцца дзіўныя цэхі, у якіх праходзіць шмат работы.

«Часта бываюць такія выпадкі, калі манціроўшчык або бутафор — асоба, якую ніхто не ведае, — нешта падказвае. У тэатры ўсе ўдзельнічаюць у стварэнні спектакля, і гэты раз не стаў выключэннем. Чым больш набліжаўся час прэм’еры, тым больш людзей разумела, што адбываецца, як гэта выглядае на сцэне. Усё гэта хутка дапрацоўвалася. У нас было няшчат часу і вялікая прастора, але я задаволены вынікам», — адзначыў мастак-пастаноўшчык.

Хормайстар-пастаноўшчык, народная артыстка Беларусі, галоўны хормайстар Вялікага тэатра Беларусі Ніна Ламановіч заўважыла, што хор у іх не настолькі вялікі, як у галоўных расійскіх тэатрах, з-за чаго ўзніклі некаторыя цяжкасці. На шчасце, выкарыстанне драўляных дэкарацый дапамагло стварыць на сцэне патрэбную акустыку. Пры гэтым работа была доўгай і стараннай, бо ў Чайкоўскага складаныя і аб’ёмныя партытуры.

«Я павінна сказаць, што ў тэатры цяпер вялікае свята, таму што ўпершыню ў год Чайкоўскага да нас прыйшла незаслужана забытая опера. Мне здаецца, у гэтай пастаноўцы яна будзе выклікаць цікавасць гледачоў. Гэта больш за тры гадзіны геніяльнай музыкі, якая слухаецца на адным дыханні. І хоць хор тут статычны, яму трэба так эмацыянальна рэагаваць на тое, што адбываецца з героямі, што гэта патрабуе асаблівых адносін», — падкрэсліла Ніна Ламановіч. Яна таксама выказала надзею, што гэты спектакль не толькі выкліча цікавасць, але і стане доўгажыхаром.

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.

Кнопка «Наверх»