Пра таямніцы жахлівых падзей і легенду фотажурналістыкі: 5 кніг для цікавага адпачынку
Шмат кніг, што выдаюцца сёлета, прысвечаны галоўнай тэме 2025 года — 80-годдзю Вялікай Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Працягнем аповед пра некаторыя з іх, найбольш, на наш погляд, змястоўныя і з густам аформленыя.
Другое па ліку выданне кнігі «80 фактов о Великой Победе» вяртае нас да лёсавызначальных падзей. Аўтары Аляксандр Карзюк, Дзмітрый Кашавар і Настасся Радзікевіч паэтапна расказваюць пра наша гераічнае і трагічнае мінулае. Вялікі аб’ём звестак лаканічна пададзены ў выглядзе 80 пытанняў і адказаў, іх зразумее чытач любога ўзросту. У кнізе пераканаўча раскрываецца ўвесь трагізм тых жорсткіх выпрабаванняў, што выпалі на долю прадзедаў.
Даведаемся тут і пра ролю партызан, і пра лагеры смерці, і пра славутых герояў, пра бітвы і помнікі — разнастайнай інфармацыі багата, падмацоўваюць яе фотаздымкі, ілюстрацыі розных гадоў. У прыватнасці, згадваецца подзвіг журналіста, імя якога дасведчанаму чытачу, напэўна, добра знаёма — Уладзімір Амельянюк. Рэдактар падпольнай газеты «Звязда», ён пасмяротна быў удастоены звання Героя Савецкага Саюза. «Непадалёк ад месца яго трагічнай гібелі ў Мінску ўстаноўлены памятны знак у выглядзе падхопленых ветрам лістовак са слядамі куль», — чытаем пад 45-м пытаннем кнігі «Якую ролю ў падпольным руху адыграла газета „Звязда“ і хто быў яе рэдактарам у ваенныя гады?».
Азіраючыся ў гісторыю, ажно ў 1920-я — час, які называюць зломам эпох, варта перачытаць раман пісьменніка, імя якога летась часта згадвалася ў сувязі з юбілейнай датай. 120-годдзе з дня нараджэння Кузьмы Чорнага адзначылі перавыданнем шэрагу яго кніг. Адной з такіх стаў «Зборнік твораў для дадатковага чытання ў 10 класе», куды ўвайшоў і раман «Зямля», адзін з першых буйных мастацкіх твораў Мікалая Карлавіча Раманоўскага (гэта сапраўднае імя Кузьмы Чорнага).
З кожнай старонкай перад чытачом паступова разгортваецца карціна жыцця невялікага мястэчка напярэдадні калектывізацыі. Як жылі тады сяляне, што рабіла з імі галеча і як сустракалі яны перамены. Раман багаты на дэталі і вобразы, што робіць яго неад’емнай часткай залатога фонду беларускай прозы. Чаго варты словы аднаго з герояў твора: «А тым часам ніколі не цурайцеся зямлі. Няхай яна будзе сабе ў вас за плячыма. Часам давядзецца, жывучы на свеце, прыперціся да яе. А яна заўсёды прыме».
У зборніку, які няблага было б пачытаць і даросламу аматару беларускай літаратуры, знойдуцца і санеты Уільяма Шэкспіра ў перакладзе Уладзіміра Дубоўкі. Гэты славуты паэт, празаік, перакладчык і крытык нарадзіўся ў адзін год з Кузьмой Чорным, таксама прайшоў праз неверагодныя выпрабаванні. Ён даў другое гучанне на роднай мове багата якім творам. І ўсё ж шэкспіраўскія санеты па-беларуску займаюць адметнае месца ў творчай спадчыне Уладзіміра Дубоўкі.
Пра яшчэ адну юбілейную дату, сёлетнюю, нагадвае манаграфія «Аляксандр Мікалаевіч Ляўданскі. Лёс і навуковая спадчына». Выданне прымеркавана да 130-годдзя вядомага беларускага археолага, музейнага супрацоўніка, выкладчыка і папулярызатара гістарычна-культурнай спадчыны. Калектыў аўтараў з Інстытута гісторыі НАН Беларусі здолеў сабраць вялікую колькасць дакументальных матэрыялаў, у якіх даследуецца жыццёвы шлях і прафесійныя дасягненні слыннага вучонага. А заслугі Аляксандра Ляўданскага бясспрэчныя хаця б таму, што ён арганізатар першых у БССР навуковых экспедыцый, што дазваляе лічыць яго заснавальнікам айчыннай археалагічнай школы. Гэта быў усебакова адукаваны чалавек, свабодна валодаў некалькімі мовамі. Праз лёс вучонага Ляўданскага чытач зноў перажыве перыпетыі пачатку 1930-х і барацьбу з нацдэмаўскім рухам.
Разам з калегамі навуковец трапіў у бязлітасныя жорны рэпрэсій. Шмат гадоў не было вядома нічога ні пра абставіны яго арышту, ні пра допыты, ні пра месца пахавання. Кніга прыадкрывае таямніцы тых жахлівых падзей…
Даследчыкам навакольнай рэчаіснасці можна смела назваць чалавека, якога ў прафесійных колах па праву называюць легендай фотажурналістыкі. Гэта сталічны фотамастак Юрый Іваноў, якому ў чэрвені спаўняецца 86. Убачыўшы ў кнігарні другое выданне яго альбома «Вечность в секунде», не змагла прайсці міма, бо ведала: гартаючы старонкі, будзе што ўспомніць і над чым паразважаць. Шэраг работ фотамайстра і без таго захоўвае памяць: шматлікія фота «Песняроў» і Уладзіміра Мулявіна, Пятра Машэрава, Леаніда Брэжнева, Андрэя Вазнясенскага, Яўгена Еўтушэнкі, Ігара Лучанка і іншых , а таксама адно неверагоднае па настроі фота журналістаў газеты «Знамя юности», якое моцна ўрэзалася ў памяць. Ёсць яно і ў гэтым фотаальбоме… Бачу і тую дзіўную работу, дзякуючы якой маэстра стаў лаўрэатам прэміі міжнароднага фотаконкурсу World Press Photo — здымак «Лятучка», які ў 1990-м прызналі найлепшым фота свету за 10 гадоў.
«Юрый Сяргеевіч Іваноў — гэта чалавек-эпоха. Дзякуючы яго працы многія пакаленні будуць вывучаць гісторыю нашай краіны», — гаворыцца ва ўступным слове дзяржаўнага дзеяча, члена-карэспандэнта НАН Беларусі Міхаіла Мясніковіча. І далей сімвалічным працягам — разважанні самога творцы: «Якая падзея самая яркая? Можа быць, сустрэча з бабкай Салохай у палескай вёсцы. На пытанне: «Колькі ж вам гадоў?» — адказала так, што сэрца замерла: «А і не памятаю. Памятаю, што першага мужа ў Першую сусветную вайну забілі, а другога — у Другую…».
І напрыканцы агляду яшчэ пра адно выданне. Цікава, што ведае наш чытач пра казкі і пра тых, хто іх стварае? І не абы-якія, а сусветна вядомыя. Напрыклад, пра выдатных нямецкіх фалькларыстаў і казачнікаў братоў Грым — Якаба і Вільгельма. Іх пяру належаць самыя папулярныя і любімыя творы, якія аднолькава любяць дзеці і дарослыя. Уявіце: Якаб з’явіўся на свет у 1785-м, Вільгельм у 1786-м — гэта ж колькі пакаленняў вырасла на «Папялушцы» і «Брэменскіх музыкантах»! Але што мы ведаем пра іх? Як сталася, што ўвесь час па жыцці яны ішлі поруч? Юрысты па адукацыі, лінгвісты па прызванні, яны збіралі казкі і легенды, стваралі слоўнікі… Пра ўсё гэта займальна расказваюць Таццяна Маісеева і Андрэй Матвеенка ў кнізе «Наше счастье — жить одной судьбою…»: истории о братьях Гримм». Праўда, гэты «адзіны лёс» нельга назваць шчаслівым. Пасля Другой сусветнай вайны кнігі братоў забаранілі выдаваць, канфіскавалі з бібліятэк Заходняй Германіі. На шчасце, час расставіў усе кропкі над «і»: збор казак братоў Грым прызнаны ЮНЕСКА сусветнай культурнай спадчынай.
| Рубрыку вядзе Святлана ПРОТАС, часопіс «Беларуская думка».
Чытайце таксама:
Вы ведалі, што гэты раман некалі забараніла цэнзура? Агляд цікавых кніжных навінак
Ад спадчыны Тышкевіча да сапраўдных беларускіх замоў: якія цікавыя кнігі выйшлі нядаўна?
Ружа, рута і півоня: расказваем пра кветкі ў традыцыях беларусаў