Пяткевіч у пункце правядзення ЦЭ і ЦТ: галоўнае — забяспечыць справядлівасць здачы экзаменаў
Наталля Пяткевіч 26 мая, Мінск . Галоўнае — забяспечыць справядлівасць здачы ЦЭ і ЦТ. Аб гэтым журналістам заявіла намеснік прэм’ер-міністра Наталля Пяткевіч,
«Уступная кампанія і кампанія па здачы цэнтралізаванага экзамену ў нашай краіне арганізавана так, што юнакам і дзяўчатам патрэбны толькі ўдача і веды, таму што ўсё астатняе кіраўнік дзяржавы ўзяў на сябе. Сёння створаны вельмі добрыя ўмовы для здачы экзамену, яны камфортныя і правільныя з пункту гледжання забеспячэння справядлівасці. Добрыя ўмовы ў аўдыторыях. Створана дзяржаўная камісія па кантролі», — сказала Наталля Пяткевіч.
У гэтым годзе іспыты здаюць на 7 тыс. чалавек больш, чым у мінулым годзе. «Больш як 66,2 тыс. чалавек зарэгістравана на ЦТ, больш як 59,1 тыс. — на цэнтралізаваны экзамен. У сувязі з гэтым створаны 144 пункты, дзе можна здаць ЦЭ, і 40, дзе можна здаць ЦТ. Дзяржаўная камісія ў гэтым годзе створана кіраўніком дзяржавы значна раней. Яна арганізавана па такім прынцыпе, што ёсць шэсць камісій па абласцях, якія ўзначальваюцца абласнымі старшынямі камітэтаў дзяржкантролю, плюс 323 камісіі, якія створаны непасрэдна ва ўстановах адукацыі, дзе размешчаны пункты здачы ЦЭ і ЦТ, узначальваюцца яны членамі дзяржаўнай экзаменацыйнай камісіі. Я падрабязна гэта ўсё расказваю для таго, каб падкрэсліць, што дзяржаўная камісія ахапіла ўсе пункты здачы ЦЭ і ЦТ, каб пракантраляваць адпаведнасць заканадаўству і ўстаноўленым патрабаванням умоў для здачы экзаменаў і, вядома, каб забяспечыць справядлівасць — гэта галоўнае, што кіраўнік дзяржавы ад нас патрабуе. Таму дзяржкамісія першапачаткова арыентавалася на тое, каб кантраляваць, пачынаючы з належных умоў знаходжання юнакоў і дзяўчат (гэта пункты медыцынскай дапамогі, наяўнасць вады, ручак запасных), да няўхільнага выканання ўсіх патрабаванняў канфідэнцыяльнасці, каб не дапусціць несправядлівага паступлення», — праінфармавала намеснік прэм’ер-міністра.
Наталля Пяткевіч наведала пункт здачы ЦЭ і ЦТ, які размяшчаецца на базе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Тут для ўдзелу ў ЦЭ і ЦТ зарэгістравана 547 чалавек.
У пункце правядзення іспытаў арганізаваны пітны рэжым, дзяжураць медыкі, працуе буфет. На тэрыторыі спартыўна-культурнага цэнтра БДУКМ арганізавана зона чакання для суправаджальнікаў, тут жа на дзяжурстве да заканчэння ўсіх працэдур будзе знаходзіцца брыгада хуткай дапамогі, а таксама супрацоўнікі праваахоўных органаў і прадстаўнікі МНС.
Фота Віталя Піваварчыка






