Культура

«Памяць у аб’ектыве». Фотавыставу да 80-годдзя Перамогі прадставілі ў галерэі Савіцкага

26 красавіка, Мінск . Фотавыставу «Памяць у аб’ектыве — 80 гадоў подзвігу», прысвечаную 80-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, прадставілі ў мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага,

На выставе прадстаўлена каля двухсот фатаграфій 1940-2000-х гадоў. Гэта ўнікальныя здымкі з фронту, памятныя фотапартрэты родным і блізкім ад салдат з сямейных архіваў, фотахроніка ваенных карэспандэнтаў, фотакарткі з памятнымі надпісамі, уцалелыя ў час Вялікай Айчыннай вайны: «Ад сына салдата», «На памяць родным і блізкім», «Чакай мяне і я вярнуся». Таксама ў ёй можна ўбачыць тэматычныя цыклы работ сучасных фатографаў — членаў Беларускага грамадскага аб’яднання фатографаў — і серыю фатаграфій Чаюкова з фондаў Музея гісторыі горада Мінска.

Старшыня Беларускага грамадскага аб’яднання фатографаў Уладзіслаў Рута расказаў, што ідэя правесці такі праект з’явілася ў яго год таму. У праекце ён хацеў паказаць не толькі афіцыйныя і архіўныя, але яшчэ і асабістыя рэчы нашых продкаў — удзельнікаў гісторыі краіны.

«Я правёў даследаванне аб сваім дзядулі. Ён скончыў Харкаўскі інстытут і быў літаратарам і журналістам. Калі ён пайшоў на фронт, яго запісалі ў кавалерыю, але кавалерыя мала што магла зрабіць супраць танкаў, таму на трэці тыдзень вайны яму прапанавалі стаць часткай дыверсійнай групы», — дадаў Уладзіслаў Рута.

«Я знайшоў рассакрэчаныя палявыя карты мясцін баёў, дзе быў мой дзядуля. 68-ы кавалерыйскі полк сфарміраваўся на Каўказе, потым іх морам прывезлі ў Крым, і там яны ваявалі. Я змог выявіць два месцы, у адным з якіх, як мяркуецца, загінуў мой дзядуля, а пазней знайшоў, як гэтыя месцы выглядаюць са спадарожніка», — падкрэсліў старшыня БГАФ.

Паводле яго слоў, сёння многія дакументы ваеннага часу рассакрэчаны, і можна дакладна прасачыць шлях чалавека. Галоўнае — жаданне.

Уладзіслаў Рута адзначыў, што веданне гісторыі дапамагае лепш усведамляць рэчаіснасць і разумець будучыню. Гэта вельмі важна, таму што гісторыя цыклічна, і нам трэба рабіць высновы з розных сітуацый.

Фатограф Наталля Яўмененка прадставіла на выставе работы, якія былі зняты яшчэ яе дзядулем Уладзімірам Мельнікавым. «Гэта летапіс сям’і, паколькі ў мяне і дзядуля, і бабуля маюць да вайны непасрэднае дачыненне. Дзядуля практычна ўсю вайну прабыў на фронце, а бабуля працавала ўрачом у партызанскім атрадзе. Таму гэта ўсё датычыцца мяне непасрэдна. І тут я прадставіла серыю негатываў, якая паказвае, за што нашы продкі змагаліся», — растлумачыла яна.

На думку фатографа, сёння важна праводзіць такія культурныя мерапрыемствы, якія дапамагаюць акунуцца ў атмасферу мінулага і ўспомніць пра вялікі подзвіг. Пакаленне, якое было сведкам вайны, адыходзіць, і іх успаміны становяцца падручнікам гісторыі для маладых людзей. А каштоўнасць фатаграфій, кінахронікі і праўдзівых ілюстрацый часу ўзрастае, калі іншыя крыніцы адыходзяць у нябыт.

Экспазіцыя прадоўжыць работу да 1 чэрвеня.

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.

Кнопка «Наверх»