Культура

Памяць па-за часам. Выставу фіналістаў «Млына моды» прадэманстравалі ў Мінску 

4 чэрвеня, Мінск . Выставу «Памяць па-за часам» фіналістаў ХХХІV Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу моды і фота «Млын моды» ў намінацыі «Фота» прадставілі ў Музеі гадзіннікавай справы Беларусі,

Як расказаў загадчык аддзела моды і дызайну Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Ігар Іваноў, на выставе можна ўбачыць работы канкурсантаў практычна з усіх абласцей Беларусі.
«Безумоўна, тэма «Памяць па-за часам» звязана з 80-годдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, якая для нашай краіны ў бягучым годзе з’яўляецца ключавой. Для некага памяць праяўляецца і ў тых гістарычных і культурных аспектах, якія перадаюцца ў краіне з пакалення ў пакаленне. Гэта могуць быць элементы, якія ўнесены ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА, або сямейны альбом, дзе захаваны лепшыя моманты жыцця і гісторыі. Таму што без памяці і павагі да каранёў не будзе будучыні. І сапраўдны грамадзянін нашай краіны памятае і ведае, што ўсё пачынаецца з сям’і», — дадаў Ігар Іваноў.

Навучэнка сталічнага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі «Светач» Кацярына Богуш прадставіла серыю «Эпоха шалёнага часу. Рэквіем па Маўчанні», у якой паказала кантраст сучаснасці і ваеннага часу. З дапамогай вобразаў дзвюх дзяўчат яна праілюстравала, наколькі людзі сёння разняволены і свабодны, у той час як людзям ваеннага часу даводзілася шмат чаго баяцца. «Хачу, каб людзі помнілі пра гэта і не маўчалі. Да такой канцэпцыі праекта мы прыйшлі калектыўна разам з кіраўніком і мадэлямі. Я сама ўдзельнічаю ў «Млыне моды» не першы, а ўжо трэці або чацвёрты раз, але пакуль не заваёўвала прызавога месца», — прызналася Кацярына Богуш.

Паводле слоў мадэлі Вікторыі Колат, якая паказала на фатаграфіях вобраз дзяўчыны ваеннага часу, ёй хацелася адлюстраваць увесь боль, гора, страх, што перажывалі людзі ў час вайны, таму яна старалася паставіць сябе на іх месца.

Выкладчык Магілёўскага дзяржаўнага эканамічнага прамыслова-тэхналагічнага каледжа Сяргей Касілаў прадставіў праект «700800». Менавіта столькі гадзін прайшло з моманту Вялікай Перамогі да яе 80-годдзя.  «Мы таксама спрабавалі паказаць сувязь мінулага, сучаснага і будучага Беларусі. На кожнай з карцін прысутнічаюць гадзіннікі, а розны час нібы звязвае нябачны прамень. Галоўным з’яўляецца вобраз дзяўчыны ў нацыянальным адзенні — гэта сімвал Беларусі», — расказаў Сяргей Касілаў.

Ён дадаў, што каледж удзельнічае ў «Млыне моды» другі раз. У мінулым годзе іх прадстаўнікі занялі другое месца ў намінацыі «Школа моды», а ў бягучым годзе ў фінал прайшлі тры калекцыі і серыя фотаработ. Сяргей Касілаў лічыць гэта выдатным рэзультатам.

Праект «Час плёнкі» прадставіла Настасся Шэіна з Гомельскага дзяржаўнага каледжа дызайну і камп’ютарнай графікі. «Сёння кожны можа стаць фатографам, але я хацела паказаць эпоху, калі была плёначная фатаграфія і фатографы цанілі кожны кадр», — растлумачыла ўдзельніца.

На думку кіраўніка праекта і педагога Наталлі Ляной, выстава сёлета атрымалася вельмі моцнай, таму што на ёй можна ўбачыць шмат нечаканых падыходаў да зададзенай тэматыкі і знайсці крыніцы для натхнення.

Навучэнка Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Алена Палякова ў сваім праекце «Ў» вывучала беларускую ідэнтычнасць і самабытнасць. «Гэта літара — унікальная з’ява, якая не сустракаецца ні ў якой іншай славянскай мове. Работу я таксама звязала з Вялікай Айчыннай вайной. У той час людзі змагаліся не толькі са зброяй, але і духам», — рэзюмавала ўдзельніца.

Прафесійнае журы вызначыць пераможцаў намінацыі «Фота» ўжо 5 чэрвеня ў час фіналу конкурсу. У гэты дзень у канцэртнай зале Prime Нall пройдзе конкурсны паказ калекцый беларускіх дызайнераў-фіналістаў, будуць вызначаны пераможцы і ў такіх намінацыях конкурсу, як «Школа моды» і «Майстар моды». 

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.

Кнопка «Наверх»