Памяць Янкі Купалы ўшануюць на Ваенных могілках у Мінску 28 чэрвеня
Фота з архіва 25 чэрвеня, Мінск . Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы запрашае ўшанаваць памяць паэта на «Жальбінах», паведамілі БЕЛТА ў музеі.
«У знак памяці народнага паэта, які служыў адраджэнню незалежнай Беларусі, запрашаем ускласці кветкі на яго магілу, паслухаць вершы-прысвячэнні Янку Купалу ад беларускіх паэтаў, членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі», — сказалі ў літаратурным музеі.
Янка Купала памёр 28 чэрвеня 1942 года ў Маскве. «У музеі захоўваецца паведамленне аб тым, што ў гэты дзень у 22.30 «упаў у лесвічны пралёт і разбіўся насмерць народны паэт Беларусі Янка Купала». Пахаванне прайшло 1 ліпеня 1942 года ў Маскве. У 1962 годзе прах паэта перапахавалі на Ваенных могілках у Мінску», — расказалі ва ўстанове культуры.
«Сучаснікі Янкі Купалы, якім пашчасціла сябраваць з паэтам, захавалі аб ім самую светлую памяць. Для ўсіх наступных пакаленняў жыве слова песняра, поўнае любові да Айчыны і беларускага народа», — падкрэслілі ў музеі.
«Жальбіны» пройдуць 28 чэрвеня на Ваенных могілках. Пачатак у 12.00.