«Ода беларускай жанчыне». Са сцэны Купалаўскага тэатра чытаюць вершы на роднай мове
18 лютага, Мінск . Мерапрыемства, прымеркаванае да Дня роднай мовы «Ода беларускай жанчыне», праходзіць у Нацыянальным драматычным тэатры імя Янкі Купалы,
Сёння ў сценах драмтэатра традыцыйна гучаць вершы беларускіх паэтаў на беларускай мове. А ў Год беларускай жанчыны ўсе яны прысвечаны прыгожай палове чалавецтва.
У зале сабраліся беларускі, ды і не толькі, з усіх куткоў краіны. Беларуская мова ў іх жыцці займае асаблівае месца — гэта заўсёды нешта роднае, светлае, што кранае душу і сэрца.

Мастацкі кіраўнік Дома культуры ААТ «Інтэграл» Вера Савенка падзялілася тым, што ў яе сям’і ёсць добрая традыцыя. «Маё дзіця ходзіць у школу, і мне вельмі шкада, што яна не пранікаецца беларускай мовай. Хочацца, каб яна ведала больш слоў. Таму я ёй прапанавала часам дома размаўляць на роднай мове. Яна спачатку аднеквалася, не хацела. Але я спрабавала. А потым неяк яна прыходзіць са школы — і сама просіць. І для яе гэта стала каштоўным рытуалам. Ды і карысным у навучанні», — расказала жанчына.
«І вось мы некалькі разоў на тыдзень размаўляем так. Нешта ёй перакладаю, нешта яна сама пытаецца. Мне прыемна, што яна цікавіцца, — усміхаецца Вера Савенка. — Ведаеце, у глыбінцы беларуская мова прысутнічае, яна ёсць у кожным чалавеку. Няхай яны і не гавораць на чыстай літаратурнай мове, але гэта іх родная мова. Гэта нашы карані».
Ганна Гарчакова прыйшла на свята са сваімі дочкамі Марыяй, Верай і Кацяй, а дома ў яе засталіся яшчэ двое сыноў. «Я сама вельмі люблю беларускую мову. Сумна, што цяпер так мала людзей гавораць на ёй. Прыемна, што ў нашай краіне мы захоўваем яе, і вось такім чынам аддаём ёй даніну павагі. Нават проста размовы пра яе даводзяць да мурашак па ўсім целе, — прызнаецца жанчына. — Заўсёды стараемся наведваць такія мерапрыемствы. Гэта натхняе адкрыць беларускую кнігу, схадзіць на выставу беларускіх мастакоў. І да ўсяго прывучаем сваіх дзяцей».
Віктар, Наталля і Мікалай Сімакі прыехалі з Ваўкавыска. Яны чытаюць сёння са сцэны вершы, напісаныя Віктарам для жонкі Наталлі. «Праз вершы я перадаю свае пачуцці, перажыванні. Паказваю, наколькі моцна я яе кахаю, як мае пачуцці мацнеюць з гадамі», — расказаў Віктар.
Наталля сказала, што для яе верш стаў прыемным сюрпрызам. «Давяло да слёз. Слёз радасці», — дадала яна.
Старшыня Беларускага саюза жанчын Вольга Шпілеўская адзначыла, што на мерапрыемства традыцыйна запрашаюцца беларускі — прадстаўніцы ўсіх сфер і ўсіх рэгіёнаў краіны. «Са сцэны чытаюць вершы не прадстаўніцы БСЖ. А якраз сем’і, якія прыязджаюць з кожнага рэгіёна нашай краіны, з усіх абласцей. Ёсць і дзяржаўныя служачыя, вядомыя дзеячы, кіраўнікі сродкаў масавай інфармацыі. І ўсе яны сёння чытаюць вершы ў гонар беларускай жанчыны», — дадала яна.
У тэатры таксама арганізавана выстава фатаграфій стваральніцы лагатыпа Года беларускай жанчыны Яўгеніі Пагранічнай «Імгненні жыцця». З маляўнічых ілюстрацый на гасцей мерапрыемства глядзяць беларускі. Кожная са сваёй усмешкай, гісторыяй, яны дзеляцца з гасцямі сваёй радасцю і любоўю. І ўсе гэтыя эмоцыі ўдалося захаваць фатографу.
«Гэта проста звычайныя дні, якія ўжо нельга вярнуць. І вось для мяне было вельмі важна адлюстраваць гэты момант — тут і цяпер», — дадала Яўгенія Пагранічная.
Фота Таццяны Матусевіч






