«Нёман» прыме футбалістаў «Слуцка», «Віцебск» згуляе з «Іслаччу» ў чэмпіянаце Беларусі
Фота з архіва 11 красавіка, Мінск . На чэмпіянаце Беларусі па футболе сярод каманд вышэйшай лігі адбудуцца стартавыя сустрэчы 4-га тура,
У першым сённяшнім паядынку футбалісты «Віцебска» прымуць на сваім полі «Іслач» з Мінскага раёна (пачатак гульні ў 18.00). У трэцім туры віцябчане здабылі першую перамогу, абыграўшы ў сябе дома наваполацкі «Нафтан» (2:0), а іх сённяшнія сапернікі разышліся мірам з «Мінскам» (1:1). Таксама ў пятніцу сярэбраны прызёр мінулага першынства гродзенскі «Нёман» згуляе на сваёй арэне са «Слуцкам» (пачатак у 20.00). У мінулы ўік-энд сустрэча гродзенскай каманды з чэмпіёнамі краіны мінскімі дынамаўцамі была перанесена з-за непагоды, а «Слуцк» згуляў унічыю з бронзавымі прызёрамі — жодзінскімі тарпедаўцамі (0:0). Заўтра адбудуцца яшчэ тры сустрэчы: БАТЭ (Барысаў) — «Гомель», «Тарпеда-БелАЗ» (Жодзіна) — «Арсенал» (Дзяржынск), «Нафтан» (Наваполацк) — «МЛ Віцебск». У нядзелю, 13 красавіка, пройдуць заключныя паядынкі чацвёртага тура: «Славія» (Мазыр) — «Дынама» (Мінск), «Дынама» (Брэст) — «Смаргонь», «Мінск» — «Маладзечна». Цяпер турнірную табліцу ўзначальваюць «Славія» і дэбютант элітнага дывізіёна «МЛ Віцебск», якія набралі па 7 ачкоў, на адзін бал менш у актыве БАТЭ. Футбалісты «Маладзечна» пацярпелі тры паражэнні ў трох сустрэчах, усяго адзін заліковы бал у «Смаргоні». Лідарам бамбардзірскай гонкі з’яўляецца форвард «Славіі» Андрэй Салавей, які забіў 3 мячы.