Не толькі атамныя тэхналогіі. Турчын і Ліхачоў абмеркавалі далейшае супрацоўніцтва Беларусі і «Расатама»
Фота з архіва 13 лістапада, Мінск . Прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын сустрэўся з генеральным дырэктарам дзяржкарпарацыі «Расатам» Аляксеем Ліхачовым,
«Лістапад — знакавы месяц для нашых узаемаадносін. Пяць гадоў таму першая электраэнергія з Беларускай АЭС пайшла ў сетку, два гады таму афіцыйна ўвялі станцыю ў эксплуатацыю. Вялікі дзякуй вам за дапамогу, за супрацоўніцтва. Надышоў час абмеркаваць канкрэтныя крокі па нашым далейшым узаемадзеянні. Хацелася б у час сённяшняй сустрэчы разгледзець магчымыя варыянты, узніклі новыя ідэі. Спадзяюся на шчырую размову», — сказаў Аляксандр Турчын.
Генеральны дырэктар «Расатама» адзначыў, што Беларусь імкліва ўварвалася ў эліту атамнай энергетыкі планеты. «40 працэнтаў электрычнасці выпрацоўваецца на атамнай станцыі. Якасць работы БелАЭС дае магчымасць ёй быць не толькі сімвалам беларуска-расійскага супрацоўніцтва, фактарам развіцця эканомікі Беларусі — атамная станцыя стала вітрынай для ўсёй сусветнай атамнай супольнасці. Партнёры з блізкага замежжа і з далёкіх краін нам гавораць: «Былі ў Беларусі, хочам вось так». Вам таксама вялікі дзякуй за тое, што вы шчодра дзеліцеся вопытам, беларускія спецыялісты працуюць з намі ў трэціх краінах», — падкрэсліў Аляксей Ліхачоў.
Другі энергаблок Беларускай АЭС 13 лістапада выведзены ў планава-папераджальны рамонт. «Усё ідзе штатна. Будзем уключаць адпрацаванае ядзернае паліва ў рэцыклінг — у паўторнае выкарыстанне. Бачым станцыю ў Астраўцы як элемент замкнёнага паліўнага цыкла», — падзяліўся ён.
Таксама Аляксей Ліхачоў падзякаваў беларускаму боку за ўвагу да няатамных тэхналогій. У Мінску адкрыўся Рэспубліканскі цэнтр адытыўных тэхналогій. Праект рэалізаваны як сумеснае прадпрыемства беларускага холдынга «Гарызонт» і дзяржкарпарацыі «Расатам». Паводле слоў гендырэктара «Расатама», цікавасць да цэнтра велізарная, у планах нарошчваць яго магутнасці. «Працуем і па накапляльніках энергіі», — дадаў генеральны дырэктар «Расатама».



