НАІП: развіццё паявых фондаў — эфектыўны інструмент інвесціравання ўнутры краіны
Фота НАІП 25 красавіка, Мінск . Развіццё паявых інвестыцыйных фондаў — гэта эфектыўны інструмент інвесціравання ўнутры краіны. Ён мае вялікую даходнасць, хоць і больш рызык, і пры гэтым больш зразумелы насельніцтву, чым традыцыйныя спосабы інвесціравання. Аб гэтым дырэктар Нацыянальнага агенцтва інвестыцый і прыватызацыі Дзмітрый Красоўскі заявіў на панэльнай сесіі «Фінансаванне і фінансавыя аперацыі ў сучасных умовах» на другім юрыдычным форуме ў Мінску, паведамілі ў НАІП.
Паявы інвестыцыйны фонд (ПІФ) — гэта інструмент калектыўнага інвесціравання. Ён аб’ядноўвае грошы прыватных інвестараў, кожны з якіх атрымлівае свой пай — імянную каштоўную паперу, якая пацвярджае права ўласніка на долю маёмасці фонду. Кіруючая кампанія ПІФа купляе і прадае актывы: каштоўныя паперы, нерухомую маёмасць і іншае. Калі яна робіць гэта ўдала, то даходы ад паю і яго каштоўнасць пастаянна растуць.
«З пункту гледжання ўкладчыка паявыя фонды з’яўляюцца цікавай альтэрнатывай банкаўскім дэпазітам. ПІФ не гарантуе даходнасць у адрозненне ад банкаўскага ўкладу, хоць пры гэтым яна можа быць вышэйшай за банкаўскую. Але, галоўнае, паявыя фонды — гэта інструмент, дзякуючы якому шырокае кола людзей можа стаць інвестарамі», — адзначыў Дзмітрый Красоўскі.
Дырэктар Нацыянальнага агенцтва інвестыцый і прыватызацыі расказаў, што ў Беларусі заканадаўства аб паявых інвестыцыйных фондах існуе з 2017 года. Аднак на гэты момант ні адзін такі фонд не функцыянуе. Сярод стрымальны фактараў ён назваў значны мінімальны памер актываў фонду, даволі высокія патрабаванні да акрэдытацыі кіраўнікоў кампаній і дэпазітарыяў і недастатковую інфармаванасць.
У Расіі працуе звыш 3 тыс. ПІФаў, і за апошнія пяць гадоў назіраўся больш чым двухразовы рост. Уладальнікамі паёў у Расіі з’яўляюцца 16 млн чалавек, агульная сума актываў ПІФаў там дасягае $212 млрд.