На новай пляцоўцы і з вялікім размахам. Як праходзіць падрыхтоўка да «Белагра-2025»
Фота з архіва 22 красавіка, Мінск . Мерапрыемствы Беларускага аграпрамысловага тыдня, якія пройдуць з 3 па 7 чэрвеня, упершыню арганізуюць на пляцоўцы Мінскага міжнароднага выставачнага цэнтра, і на канец красавіка ледзь ці не ўсе запланаваныя пад экспазіцыі плошчы ўжо распісаны. Чым будзе здзіўляць «Белагра-2025», журналістам расказала начальнік галоўнага ўпраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Ксенія Мялешка,
Міжнародныя спецыялізаваныя выстаўкі «Белагра», «Белферма», «Белпрадукт», «Прадмаш. Холад. Упак», якія з году ў год арганізуюцца ў Беларускі аграпрамысловы тыдзень, пазнаёмяць з перадавымі напрамкамі раслінаводства, жывёлагадоўлі і птушкагадоўлі, сучаснымі тэхналогіямі перапрацоўкі, упакоўкі і захоўвання прадукцыі і разнастайнасцю сельгастэхнікі. Форум традыцыйна збірае не толькі беларускіх аграрыяў і работнікаў харчовай і перапрацоўчай прамысловасці, але і іх замежных калег і партнёраў. Бягучы год, як запэўнілі журналістаў у сельскагаспадарчым ведамстве, выключэннем не стане.
«На гэты момант сярод удзельнікаў «Белагра-2025» амаль 450 кампаній з 10 краін, да таго ж будуць удзельнічаць 10 рэгіёнаў Расіі. Вынікі яшчэ не канчатковыя, заяўкі фарміруюцца, — дадала Ксенія Мялешка. — Важнай падзеяй выстаўкі ў 2025 годзе стане прэзентацыя сельскагаспадарчага патэнцыялу краін Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, якія выступяць пад адзінай эмблемай «Агра-ШАС».
Значным нюансам арганізацыі выстаўкі ў 2025 годзе стала значнае павелічэнне адкрытых выставачных плошчаў, што стала магчымым дзякуючы «пераезду» «Белагра» з Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка «Вялікі камень» у новы павільён. Так, у экспанентаў, якія дэманструюць сучасныя распрацоўкі з галіны айчыннай сельгастэхнікі і машынабудавання, з’явілася больш магчымасцей для раскрыцця патэнцыялу сваіх прадпрыемстваў. Паводле слоў прадстаўніка Мінсельгасхарча, аб жаданні прывезці на выставачную пляцоўку больш экспанатаў ужо заявілі «Бабруйскаграмаш», «Гомсельмаш», МТЗ, МАЗ і шэраг іншых заводаў.
Не абыдзецца выстаўка і без шырокай прадстаўленасці разнастайнасці ўгнаенняў і сродкаў аховы раслін, відаў тэхнікі для іх унясення, уборкі збожжавых і нарыхтоўкі кармоў, машын для меліярацыйных работ, апрацоўкі і ўборкі бульбы, цукровых буракоў і іншай агародніны. У цэлым, як растлумачылі арганізатары, сельскагаспадарчая прадукцыя, машыны і абсталяванне будуць прадэманстраваны ў тэхналагічным ланцужку з сучаснымі энергазберагальнымі тэхналогіямі ўсіх галін, звязанымі як з вытворчасцю прадукцыі, так і з яе перапрацоўкай, транспарціроўкай, захоўваннем і рэалізацыяй.
Экспазіцыя выстаўкі «Белферма» пакажа апошнія дасягненні ў галіне жывёлагадоўлі — кармушкі для жывёл і абсталяванне для іх утрымання, клетачнае абсталяванне і інкубатары, аўтаматызаваныя ўстаноўкі для малочнатаварных ферм. На выстаўцы таксама можна будзе азнаёміцца з аўтаматызаванай сістэмай кіравання статкам, даільнымі ўстаноўкамі розных мадыфікацый, малакаахаладжальнымі ўстаноўкамі, як стацыянарнымі, так і перасовачнымі — для работы на пашы. Тут прэзентуюць новы корм і кармавыя дабаўкі, ветпрэпараты і медыкаменты, новыя тэхналогіі ў біяэнергетыцы, у тым ліку энергетычнае абсталяванне і яго праграмнае забеспячэнне. Ксенія Мялешка таксама праанансавала: паколькі сёлета спаўняецца 25 гадоў беларускай запражной пародзе коней, на палях «Белагра» арганізуюць паказальныя выступленні.
Штогод вялікую цікавасць як у спецыялістаў, так і ў гасцей выстаўкі выклікае наведванне «Рыбацкай вёскі» «Белводгаса». Не ашукаюць спадзяванні наведвальнікаў арганізатары і на гэты раз. Не застанецца без увагі ўдзельнікаў і «Гандлёвы гарадок», які прадставіць сабой своеасаблівую выстаўку дасягненняў харчовай прамысловасці і кірмаш-продаж прадуктаў харчавання.
У выставачным павільёне будзе экспанавана сучаснае абсталяванне і матэрыялы для перапрацоўкі сельскагаспадарчай прадукцыі. Тут размесцяцца экспазіцыі выставак «Прадмаш. Холад. Упак», якая прэзентуе абсталяванне для прадпрыемстваў харчовай прамысловасці, «Белагра», якая выстаўляе абсталяванне для перапрацоўкі сельскагаспадарчай прадукцыі, і «Белпрадукт. Харчовая індустрыя», якая дэманструе прадукты харчавання.
Дарэчы, амаль 150 беларускіх вытворцаў прадставяць шырокі асартымент прадуктаў харчавання: на паліцах будуць каўбасныя вырабы, мясныя паўфабрыкаты, вырабы з мяса птушкі, малочная прадукцыя, кансервы, бакалея, дзіцячае і дыетычнае харчаванне, хлебабулачныя вырабы і шмат іншага. Прадпрыемствы харчпрама парадуюць наведвальнікаў выстаўкі дэгустацыямі. Асобную экспазіцыю на адкрытай пляцоўцы сфарміруюць вытворцы агародніннай прадукцыі. Наведвальнікі выстаўкі атрымаюць магчымасць не толькі пазнаёміцца з новымі сартамі агародніны, вырашчанай у нашай краіне, але і набыць яе.
З году ў год «Белагра» становіцца адной з галоўных пляцовак для дзелавых перагавораў. Шырокае кола пытанняў па забеспячэнні канкурэнтаздольнасці сельгаспрадукцыі, выкарыстанні зямельных рэсурсаў з пункту гледжання экалагічнай і эканамічнай эфектыўнасці, перспектывы супрацоўніцтва Беларусі з краінамі блізкага і далёкага замежжа ў сферы вытворчасці інавацыйных тэхналогій у галіне сельскай гаспадаркі можна будзе абмеркаваць на тэматычных канферэнцыях і семінарах.
«Мы запрасілі вялікую колькасць замежных дэлегацый з рэгіёнаў Расіі, краін Афрыкі, дзяржаў Азіяцкага кантынента, таму, вядома, рыхтуемся прымаць гасцей, — рэзюмавала начальнік галоўнага ўпраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці. — Важным вынікам «Белагра-2025″ стане заключэнне камерцыйных кантрактаў і прыцягненне валютнай выручкі ў нашу краіну».
У дні выстаўкі пройдуць усенародны дэгустацыйны конкурс «Чэмпіён смаку», конкурсы на лепшую племянную карову і лепшага племяннога каня, выберуць і лепшага аратага. У праграме таксама выстаўка сельскагаспадарчых жывёл і дэманстрацыйныя паказы тэхнікі. Нараўне з традыцыйнымі экспанатамі будуць прадэманстраваны інавацыйныя прадукты, перадавыя рашэнні і тэхналогіі.