«Музей. Ноч. Каханне». Гісторыі кахання раскажуць у гродзенскіх замках
16 мая, Гродна . Два гродзенскія замкі — Стары і Новы — адкрыюць свае дзверы 17 мая для наведвальнікаў у «Ноч музеяў» і прадставяць гісторыі пра каханне, паведамілі ў Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі.
У Новым замку вечар адкрые абласны драмтэатр са спектаклем «Два тузіны пунсовых руж». У той жа час у Старым замку стартуюць квіз-гульня «Справы сямейныя: сярэднявечны шлюб» і касцюмаваная экскурсія «Гісторыя жыцця Стафана Баторыя і Ганны Ягелонкі». Дарэчы, шанцы трапіць на гэту экскурсію павялічваюцца ў тры разы — яна паўторыцца ў 19 і 20 гадзін. Увесь гэты час для наведвальнікаў Старога замка будзе адкрыта выстава «Каханне ў кадры», а аматары сэлфі змогуць сфатаграфаваць сябе ў фотазоне «Рэгістрацыя пачуццяў».
Цэлы калейдаскоп падзей разгорнецца ў Новым замку пасля 20.00. Гэта квіз-гульня «Пра каханне…», пляцоўка з настольнымі гульнямі, майстар-клас па стварэнні радавога герба, тэматычная выстава «У абдымках кахання», касцюмаваная экскурсія «Гісторыя кахання Аўгуста III і Марыі Юзэфы». Завершыцца вечар выступленнем кавер-групы.
Увесь вечар пройдзе ў гродзенскіх замках пад знакам кахання: вялікая праграма невыпадкова атрымала назву «Музей. Ноч. Каханне».