Мінскія літаратары праводзяць творчы конкурс да Дня яднання народаў Беларусі і Расіі
Фота з архіва 20 лютага, Мінск . Мінскае гарадское аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі праводзіць літаратурны конкурс «Славянскі калейдаскоп», прымеркаваны да Дня яднання народаў Беларусі і Расіі. Аб гэтым БЕЛТА расказаў старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Міхаіл Пазнякоў.
Мінскае гарадское аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі з’яўляецца арганізатарам конкурсу. Суарганізатары — Таварыства дружбы «Беларусь — Расія» і Культурна-асветнае грамадскае аб’яднанне «Наша Русь» пры падтрымцы Расійскага цэнтра навукі і культуры ў Мінску.
Мэта конкурсу — прыцягнуць увагу творчай моладзі да гераічнага мінулага Беларусі і Расіі, да мірнага, стваральнага супрацоўніцтва Беларусі і Расіі, развіцця Саюзнай дзяржавы, процідзеяння фальсіфікацыі гістарычных падзей, вынікаў Вялікай Айчыннай вайны, а таксама выхавання патрыятызму ў сучаснікаў, пачуцця яднання народаў Саюзнай дзяржавы, выяўлення і заахвочвання таленавітай моладзі.
Да ўдзелу ў конкурсе запрашаюцца аўтары ва ўзросце ад 14 да 30 гадоў. Творчыя работы прымаюцца на беларускай і рускай мовах у наступных намінацыях: паэзія (2-3 вершы), проза (аповесць, навела, эсэ), публіцыстыка (нарыс, артыкул, інтэрв’ю, рэпартаж).
Урачыстае падвядзенне вынікаў конкурсу адбудзецца ў Саюзе пісьменнікаў Беларусі ў пачатку красавіка на літаратурным свяце, прымеркаваным да Дня яднання народаў Беларусі і Расіі.
Іншыя падрабязнасці аб конкурсе можна прачытаць на сайце Саюза пісьменнікаў Беларусі.






